Чатырох пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі падрыхтавала настаўніца з Маладзечна

- 10:44Образование

У Палескім дзяржаўным універсітэце прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, у якім прынялі ўдзел 119 вучняў 9—11-х класаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Старшыня журы дацэнт кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ кандыдат хімічных навук Наталля Бабарыка расказала пра заданні:

— Тэарэтычны тур ахопліваў кірункі арганічнай, неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі (у кожным класе прапаноўвалася 20 тэставых заданняў і 5 задач). На практычным туры ў 9-м класе трэба было сінтэзаваць рэчыва, якое валодае магнітнымі ўласцівасцямі. Калі школьнікі атрымалі выніковае рэчыва, яны правяралі ў таго, хто суправаджаў тур, ці сапраўды гэтае рэчыва прыцягваецца да магніта. У большасці ўсё атрымалася. Асаблівасць задання ў тым, што ні адно з зыходных рэчываў з магнітам не ўзаемадзейнічае. Але, калі правільна праведзены сінтэз і зроблены разлікі, то атрымлівалася рэчыва (парашок), якое прыцягваецца да магніта. У 11-м класе на практычным туры школьнікі сінтэзавалі комплекснае злучэнне на аснове кобальту і ўстанаўлівалі колькасны склад сінтэзаванага комплексу. Пры гэтым змянялася афарбоўка рэчыва з чырвонага на зялёны. У 10-м класе вучні дэманстравалі ўменні ў цітраванні, іх поспех залежыў ад сфарміраванасці навыкаў колькаснага аналізу. Праводзіўся аналіз сумесі двух кіслот: аскарбінавай і лімоннай. Трэба было адказаць, колькі і якой кіслаты змяшчаецца ў сумесі.

Варта адзначыць, што з практычнымі заданнямі дзеці справіліся вельмі добра, нават лепш, чым у мінулыя гады. Вучань Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Дзмітрый Шчалухін атрымаў за практыку максімальны бал. Сярод алімпіяднікаў, якія сталі абсалютна першымі, трое мінчан: Аляксандр Наліўка з гімназіі № 37, Іван Гурыновіч з гімназіі № 29 і Антаніна Штыцко з гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе.

Заўважым, што алімпіяднікі з Маладзечна ў агульнай суме заваявалі сем дыпломаў: чацвёра вучняў з гімназіі № 10 і трое з гімназіі № 7.

Чацвёра маіх вучняў прывезлі дыпломы, — расказала настаўніца хіміі гімназіі № 10 Маладзечна Аксана Каляда. — У 11-м класе дыплом І ступені атрымаў Аляксандр Шарайчук — гэта трэцяя яго ўзнагарода рэспубліканскага ўзроўню. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе Саша выйграў у конкурсе «Вучань года» Мінскай вобласці. Ён усебакова развіты юнак: займаецца музыкай і спортам, выдатна іграе на гітары, складае песні. З 5-га класа ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы. Рашэнне вывучаць паглыблена хімію прыняў самастойна і звярнуўся да мяне з просьбай аб індывідуальных занятках. У будучыні юнак плануе займацца фундаментальнай хіміяй у БДУ, ствараць новыя рэчывы. Як і яго аднакласнік і сябар Мацвей Багуцкі, які заваяваў на алімпіядзе дыплом ІІ ступені. Гэта вельмі спартыўны хлопчык, захапляецца валейболам і футболам, паспяхова выступаў на спаборніцтвах за гімназію. На алімпіядах па хіміі даходзіў да рэспублікі ў 9-м і 10-м класе, але дыпломаў не браў. Спартыўны азарт, уменне дасягаць мэт нарэшце дапамагло яму атрымаць запаветны дыплом.

Яшчэ адзін мой вучань 10-га класа, Павел Батура, адзначаны дыпломам I ступені. З 1-га класа ён наведвае танцавальную студыю гімназіі, а хіміяй захапляецца з 8-га. Адначасова хадзіў на рэпетыцыі па танцах і рыхтаваўся да алімпіяд. А вось мой дзевяцікласнік Пётр Бурак стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені. Звярнуць увагу на неардынарныя здольнасці Пеці мне падказала яго старэйшая сястра.

Займалася са сваімі вучнямі я пераважна індывідуальна. Да таго ж яны наведвалі міжшкольны факультатыў на базе гімназіі № 7 Маладзечна, дзе створаны раённы рэсурсны цэнтр па хіміі і заняткі праводзіць выкладчык з БДУ Максім Фаміч.

Надзея ЦЕРАХАВА