Як зацікавіць першакласнікаў матэматыкай? Вопыт настаўніцы Маціевіцкай базавай школы

- 12:01Образование, Портфолио, Приложение

Адна з задач навучання першакласнікаў матэматыцы — сфарміраваць усвядомленыя, даведзеныя да аўтаматызму навыкі хуткіх і правільных вылічэнняў, неабходныя ў далейшай вучэбнай дзейнасці.

У шасцігадовых дзяцей пераважаюць адвольная ўвага і памяць. Гэтая асаблі­васць вызначае частую змену відаў дзейнасці і ўключэнне гульняў у вучэбны працэс.

Дыдактычныя гульні ўплыва­юць на развіццё мыслення, рухавасць і гібкасць розуму, пабу­джаюць да параўнання і аналізу, фарміруюць волю дзяцей. Кірую­чы гульнёй, педагог падштурхоўвае іх да актыўнага пазнання і пошуку новага. Работу ў рамках звычайнага вучэбнага задання дзеці больш паспяхова і ахвотна выконваюць у гульнявой дзейнасці.

Як зацікавіць першакласнікаў матэматыкай? Якія педагагічныя сродкі выкарыстоўваць для засваення імі складу ліку? Па-першае, цікавасць да вучобы ўзнікае толькі тады, калі вучэбны матэрыял зразумелы і цікавы дзецям, калі яны рэалізуюць свой патэнцыял і атрымліваюць рэальныя вынікі ўласнай працы. Па-другое, на паспяховасць засваення складу ліку ўплывае не толькі змест прапанаванага матэрыялу, але і форма яго падачы, здольная выклікаць цікавасць і пазнавальную актыўнасць.

Пры тлумачэнні новага матэрыялу звяртаюся да разнастайных практыкаванняў з лічыльнымі палачкамі, прадметамі і мадэля­мі геаметрычных фігур. Спачатку цалкам апраўдана знахо­дзіць правільны адказ з дапамогай пальцаў рук. Але вынікам выву­чэння складу ліку павінен ­стаць падлік у галаве. Дзецям трэба навучыцца адказваць на пытанні кшталту “7 — гэта 3 і … ?” ці “7 — гэта 4 і … ?”.

Цікавасць да вучобы ўзнікае толькі тады, калі вучэбны матэрыял зразумелы і цікавы дзецям, калі яны рэалізуюць свой патэнцыял і атрымліваюць рэальныя вынікі ўласнай працы.

Склад ліку пачынаю вывучаць, абапіраючыся на наглядны матэрыял. Прапаную дзецям у пачатку адлічыць неабходную колькасць прадметаў, а потым размеркаваць іх па групах у розных камбінацыях. Вынікі гэтых вылічэнняў можна запісваць у выглядзе прыкладаў.

Знаёмлю вучняў не толькі з раскладаннем ліку на два меншыя, але і з атрыманнем ліку з двух меншых. Гэта дазваляе зразумець асаблівасці сумы як умоўнага аб’яднання двух складнікаў.

Паказваю дзецям усе варыянты складу ліку. Выкладваючы на наборным палатне ў рад 3 кружкі аднаго колеру, прашу адказаць, колькі ўсяго кружкоў, і адзначаю, што ў такім выпадку група складзена з 3 кружкоў чырвонага колеру: 1, 1 і яшчэ 1. Групу з 3 кружкоў можна скласці і па-іншаму: паварочваю трэці кружок адваротным бокам. На пытанне “Як складзена група?” дзеці адказваць, што яна скла­дзена з 2 кружкоў чырвонага колеру і аднаго кружка сіняга колеру, а ўсяго — з 3 рознакаляровых кружкоў.

Робім выснову, што лік 3 можна скласці з лікаў 2 і 1, а лікі 2 і 1 разам складаюць лік 3. Затым паварочваю адваротным бокам другі кружок, і дзеці расказва­юць, што цяпер група складзена з аднаго чырвонага і 2 сініх кружкоў. Абагульняючы адказы вучняў, падкрэсліваю, што лік 3 можна скласці па-рознаму: з 2 і 1 ці з 1 і 2. Гэтае практыкаванне наглядна выяўляе склад ліку, адносіны цэлага і часткі, таму з яго дапамогай мэтазгодна знаёміць дзяцей са складам лікаў. 

На гэтым этапе першакласнікі вельмі любяць дыдактычную гульню “Колькі вокнаў”, мэта якой — практыкавацца ў параўнанні лікаў ад 1 да 4, вучыцца складаць і запісваць роўнасці з лікамі 1, 2, 3 і 4, удасканаль­ваць веданне складу лікаў 2, 3 і 4. На ножцы грыба намаляваны вокны. Вучні называюць склад прапанаванага ліку і складаюць прыклад, уставіўшы лікі ў акенцы.

Пасля вывучэння складу ліку 3 звяртаюся да дыдактычнай гульні “Лікавыя домікі”, мэта якой — практыкавацца ў складанні лікавых роўнасцей, замацоўваць ве­данне складу ліку. Размяшчаю на палічцы домік, на яго даху напісаны лік. Паведамляю дзецям, што ў доміку жыве пэўны лік, склад якога мы вывучаем. Выкліканы да дошкі вучань “засяляе жыхароў”: расстаўляе карткі з лікамі на паверхі доміка.

Каб дапамагчы дзецям запомніць склад лікаў, знаёмлю з маленькімі хітрыкамі. Расказваю, што любы лік заўсёды складаецца з адзінкі і папярэдняга ліку. Так, калі трэба вызначыць склад ліку 8, дзеці ўжо ведаюць адказ: 8 — гэта 1 і 7. Адпаведна, каб вызна­чыць, колькі будзе 8 мінус 1, трэба ад 8 адлічыць 1 у адваротным парадку (назваць папярэдні лік).

Аналагічна знаёмлю вучняў з адлікам 2. Каб адказаць на пы­танне “8 — гэта 2 і колькі?”, трэба спачатку адлічыць 1 у адваротным парадку, а потым яшчэ 1.

Добра дапамагае ў вывучэнні складу лікаў дыдактычная гульня “Лікі, якія бягуць насустрач адно аднаму”. Злучаю лікі ад 1 да 10 дугамі па 2 лікі. Лікі, што стаяць у аднолькавых месцах справа і злева ў лікавым радзе, складаюць у суме 10.

Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у гульні “Здагадайся”, якая праводзіцца без сродкаў нагляднасці. Напрыклад: “Карлсан задумаў 2 лікі, склаў іх і атрымаў лік 5. Якія лікі ён склаў?”.

Выканаўшы пэўнае заданне, вучні кожны раз расказваюць, на якія 2 групы расчлянёна сукупнасць, колькі ўсяго прадметаў уваходзіць у яе, і робяць выснову пра склад ліку з двух меншых лікаў. 

Прывучаю дзяцей па-рознаму будаваць адказы: ісці ад прыватнага да агульнага і наадварот.

Знаёмства са складам ліку з двух меншых лікаў дазваляе перайсці да вылічэння. Школьнікі прывучаюцца лічыць аднымі вачыма, сам сабе, у іх развіваюцца вакамер, хуткасць рэакцыі.

Дзецям падабаецца гульня “Матэматычны футбол”. На дошцы злева і справа размяшчаюцца малюнкі варот з героямі з мультфільмаў. Побач (зверху ўніз) вывешваюцца прыклады, дзе зашыфраваны кірунак мяча, а справа ад іх — мячы, на якіх прымацавана лічба-адказ ад 1 да 10. Вучні павінны правільна ўдарыць па мячы (рашыць прыклад) і забіць гол камандзе-саперніцы. Забіты гол прымацоўваецца за варотамі каманды, якой забілі мяч. 

У гульні па чарзе ўдзельніча­юць гульцы кожнай каманды (кожнага варыянта), якія заганя­юць мячы то ў левыя, то ў правыя вароты. Выйграе каманда, якая не дапусціла ніводнай памылкі ва ўдары мяча ці дапусціла як мага менш памылак.

Звяртаюся да гэтай гульні ў 2—3-х класах пры адпрацоўцы складання і аднімання ў межах 20 і 100, табліц складання, аднімання, дзялення і множання. Гуляючы, дзеці ўсведамляюць, што, прытрымліваючыся правіл, хутчэй дасягнеш выніку. Правілы дысцыплінуюць, фарміруюць вы­трымку і цярпенне, уплываюць на вырашэнне дыдактычнай задачы — незаўважна абмяжоўваюць дзеянні вучняў, скіроўваюць іх увагу на выкананне канкрэтнай праграмнай задачы вучэбнага прадмета.

Так, падчас гульні “Збяры букет”, накіраванай на замацаванне складу лікаў 7, 8, 9, 10 і практыкаванне ў складанні лікавых роўнасцей, кожны вучань сочыць за варыянтамі складу ліку, якія агучылі таварышы, і ўспамінае свой прыклад. Дзеці дзеляцца на каманды. Паведамляю ім, над складам якога ліку яны будуць працаваць. Выкладваю ўразнабой карткі з лікамі. Вучні ўспамінаюць склад пэўнага ліку, бяруць адпаведныя карткі і перавароч­ваюць іх. Калі адказ правільны, то з адваротнага боку складваецца букет кветак.

Даспадобы дзецям і гульня “Вызначы маршрут карабля”. Выбіраю трох чалавек (боцманаў), што вядуць свае караблі па курсе, зашыфраваным прыкладамі, да якіх даюцца 3 адказы (адзін — правільны, астатнія — не). Боцманы павінны правільна вызна­чыць маршрут, паказаць стрэлкамі шлях, рашаючы прыклады знізу ўверх. Перамагае той, хто змог правільна правесці карабель па намечаным курсе. 

На паспяховасць засваення складу ліку ўплывае не толькі змест прапанаванага матэрыялу, але і форма яго падачы, здольная выклікаць цікавасць і пазнавальную актыўнасць.

Сярод гульняў, якія фарміру­юць устойлівую цікавасць да вучобы і знімаюць напружанасць, — “Закончы сказ”, “Рассыпаныя каралі”, “Лесвіца”, “Колькі палачак у другой руцэ”, “Упрыгож ёлачку”. Часта звяртаюся да эстафеты “Рамонак”. У цэнтры дошкі — жоўтыя кружочкі з лікамі, склад якіх трэба паўтарыць. Вакол кружкоў магнітамі мацуюцца прыклады. У кожнай каманды сваё заданне. Удзельнікі па чарзе падыходзяць да дошкі, бяруць пялёстак з прыкладам і далучаюць да жоўтага кружочка. Перамагае каманда, якая хутка і без памылак збярэ рамонак.

Эстафета “Дэсантнікі”. На дошцы — малюнкі парашутыстаў, над імі — карткі з лікамі. Паведамляю: “Дэсантнікі атрымалі заданне: прызямліцца ў пэўным пункце. Шлях руху парашутыста зашыфраваны. Здагадайцеся, куды павінен прызямліцца кожны з дэсантнікаў. Трэба прымацаваць пад парашутам карткі, адпаведныя складу пэўнага ліку”.

Гульня “Рассыпаныя каралі” замацоўвае веданне складу вывучаных лікаў і практыкуе ў складанні лікавых роўнасцей. Да дош­кі мацуюцца кружочкі-пацеркі з лікамі. Паведамляю: “Прынцэса сабралася на баль. Узяла каралі, але яны парваліся і рассыпаліся. Дапамажыце ёй сабраць іх” і прашу ўспомніць лікі, прымацаваныя над пацеркамі.

Для самастойнай і індыві­дуальнай работы прапаную заданні “Упішы лік”, “Даміно” і “Вызначы курс руху карабля”.

Падводзячы вынікі гульняў, заўважаю, што калі разам узяцца за справу, то можна рашыць нават самыя цяжкія прыклады. Гульні дапамагаюць зразумець, наколькі добра вучні засвоілі пройдзены матэрыял.

Каб давесці веданне складу ліку да аўтаматызму, практыкую гульні рэгулярна. На кожным уроку паўтараю склад вывучаных лікаў. Уключаю ў гульні вучэбныя заданні, якія дзеці павінны за­своіць. Сістэматычнае выкарыстанне дыдактычных гульняў актывізуе вучэбна-пазнавальны працэс, выпрацоўвае імкненне пераадольваць цяжкасці і не баяцца памыліцца.

Святлана ДАШКУН,
настаўніца пачатковых класаў Маціевіцкай базавай школы Жабінкаўскага раёна