Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара ў Навагрудку

- 13:33Образование

Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў абмяркоўвалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які быў арганізаваны Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі на базе сярэдняй школы № 1 Навагрудка.

Адкрыццё семінара перанесла ў мінулае Навагрудчыны: увазе прысутных былі прадстаўлены гістарычны экскурс з удзе­лам “ажыўшых партрэтаў” князя Міндоўга, прападобнага Елісея Лаўрышэўскага, Саламеі Русецкай, Адама Міцкевіча, прэзентацыя горада і сярэдняй школы № 1 Навагрудка — найстарэйшай установы адукацыі старажытнага горада.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Васільеўна Мароз. Метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА Ганна Міхайлаўна Дземянцэвіч адзначыла важнасць выязных семінараў як спосабу вывучэння вопыту работы іншых, які дае магчы­масць азнаёміцца з дзейнасцю рэалізатараў інавацыйнага праекта, парэкамендавала для супрацоўніцтва ўстановы адукацыі, якія ма­юць цікавыя праекты па рэалізацыі грамадзянскага і патрыятычнага
выхавання.

У рамках семінара была арганізавана прэзентацыя вопыту работы нашай школы на творчай, прэзентацыйнай і метадычнай пляцоўках. Навучэнцы правялі экскурсію і азнаёмілі з багатай гісторыяй установы адукацыі. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрый Артуравіч Кажамяка прадэманстраваў вопыт выкарыстання музейнай педагогікі “Музейная экспазіцыя як метад фарміравання грамадзянска-патрыятычных каштоўнасцей” і прэзентаваў сайт “Пазнаем Навагрудак разам!”. Варта адзначыць, што гэты сайт — вынік даследчай краязнаўчай дзейнасці школьнага клуба “Патрыёт”.

Пра асаблівасці праектнай дзейнасці як сродку патрыятычнага выхавання малодшых школьнікаў расказала настаўніца пачатковых класаў Вольга Васільеўна Падмазава. Навучэнцы 3 “А” класа прэзентавалі праекты “Мой любімы горад”, “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, “Па родных гарадах Беларусі”.

На базе ўстановы адукацыі ўжо другі год функцыянуе медыястудыя Sight in…, кіраўніком якой з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Маргарыта Валер’еўна Кананец. Сумесна з навучэнцамі яны ствараюць сацыяльныя відэаролікі, рэалізуюць праект “Пішыце лісты старым”, а таксама фотапраекты “Акно ў мінулае” і “Памяць пакаленняў”, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны Навагрудчыны.

Таксама ў нашай школе пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўгеніі Валер’еўны Кананец і педагога-арганізатара Маргарыты Іосіфаўны Бубновай навучэнцам Мікітам Авечкіным (пераможцам рэспуб­ліканскага этапу VII агляду-конкурсу “Лідар года — 2022”) распра­цавана гульня “МУР — спазнаём
разам!” па папулярызацыі Мэт устойлівага развіцця.

Алёна Паўлаўна Сусла прэзентавала праект летняга аздараўленчага лагера Media-BOOM, галоўнымі задачамі якога з’яўляюцца фарміраванне ў вучняў усведамлення сутнасці грамадзянскасці, патрыятызму, прывіццё павагі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Гэты праект быў адзначаны дыпломам ІІ ступені ў конкурсе лепшых праектаў летняга аздараўлення навучэнцаў, арганізаваным Выдавецкім домам “Педагагічная прэса”. Спадабалася гасцям семінара калекцыя адзен­ня, створаная ўдзельнікамі бізнес-кампаніі “Сувенірная крама”. Пад кіраўніцтвам Алёны Паўлаўны юныя майстрыхі пашылі нацыянальныя беларускія касцюмы для лялек, а для сябе — сучасныя і элегантныя, як таго патрабуе мода, але ўпрыгожаныя традыцыйнай беларускай вышыванкай і выкананыя з самага беларускага матэрыялу — лёну.

Народныя промыслы — неад’емная частка культурнай спадчыны. У рамках этнапраекта “Ад верацёнка да нашых дзён” нала­джана супрацоўніцтва школы з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў. Традыцыйнае народнае мастацтва з’яўляецца падмуркам і арганічнай часткай сучаснай нацыянальнай культуры беларусаў. У гэтым праекце вядзецца мэтанакіраваная шматпланавая работа па яго захаванні і падтрымцы. Для навучэнцаў праводзяцца семінары, практыкумы, майстар-класы, адкрытыя заняткі па навучанні рамяству. Фрагмент гэтай работы прадэманстравала Наталля Аляксандраўна Клімко, кіраўнік клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”.

Метадычная пляцоўка дазволіла гасцям стаць удзельнікамі дыскусійнага пул-апу “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць” і пасяджэння клуба бацькоў “Кантакт”. Мы з калегамі прапанавалі абмеркаваць тэму “Сямейныя традыцыі як важная ўмова фарміравання беларускай нацыянальнай самасвядомасці”. Стварэнне клуба баць­коў было абумоўлена тым, што праблемы выхавання немагчыма вырашыць аднабакова, самастойна, таму ў сярэдняй школе № 1 Навагрудка праводзіцца мэтанакіраваная работа па яднанні сям’і, школы, дзяржавы для рэалізацыі галоўнай задачы — выхавання духоўна сталай асобы, актыўнага грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны.

Таццяна АГАНОЎСКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 1 Навагрудка