Што дапамагае малодшым школьнікам хутчэй справіцца з моўнымі парушэннямі

- 15:43Образование

Прычынай непаспяховасці вучняў малодшага школьнага ўзросту часцей за ўсё з’яўляюцца парушэнні вуснага і пісьмовага маўлення.

Моўныя парушэнні — сур’ёзная перашкода ў авалоданні малодшымі школьнікамі на пачатковых этапах навучання пісьмом і чытаннем, а на больш ­позніх этапах — у засваенні праграмнага матэ­рыялу. Гэта выклікае негатыўныя адносіны да вучобы, адмоўна адбіваецца на развіцці асобы дзіцяці, яго ўнутраным стане. Для вучняў, якія маюць спецы­фічныя цяжкасці навучання, неабходна право­дзіць заняткі, накіраваныя на карэкцыю і прафілактыку парушэнняў.

Нам, педагогам, прыходзіцца шукаць дапаможныя сродкі, якія дазваляюць аблегчыць, сістэматызаваць і накіраваць працэс засваення дзецьмі новага матэрыялу. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца нагляднае мадэляванне. Успомнім усім вядомую дзіцячую азбуку: побач з выявай літары абавязкова прысутнічала яркая карцінка. Гэта і ёсць вучэбны прыём нагляднага мадэлявання.

У карэкцыйнай рабоце выкарыстоўваю прадметную карцінку, якая дапамагае малодшым школьнікам хутчэй справіцца з парушэннямі, што ўзніка­юць у вусным і пісьмовым маўленні. Каб задзейнічаць больш аналізатараў, выкарыстоўваецца прадметная карцінка на ліпучках. Гульні “Знімі чары са слова”, “Суаднясі лічбу з літарай”, “Пазнай слова па першых гуках” садзейнічаюць хуткаму развіццю гукалітарнага аналізу і сін­тэзу, зрокава-прасторавай арыентацыі.

Пры чытанні вершаў, пераказе тэкстаў навучэнцы з асобных частак ствараюць прадмет цалкам. Напрыклад, падчас вывучэння верша пра бярозу дзеці з асобных частак ствараюць поўную карцінку. Дзякуючы наглядным мадэлям і асацыяцыям, яны бачаць, які ствол у бярозы, якія ў дрэва галінкі. Такая нагляднасць са­дзейнічае больш хуткаму запамінанню і ўзнаўленню інфармацыі праз некаторы час. Адным словам, нагляднае мадэляванне спрыяе засваенню тэмы на аснове лагічных сувязей. У выніку вучэбны матэ­рыял надоўга застаецца ў памяці школьнікаў.

Таццяна СЯМЁНАВА,
настаўнік-дэфектолаг Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна