Інтэрактыўную казку «Церамок» для навучэнцаў з РАС паставілі ў школе № 52 Мінска

- 16:01Образование

Акцыя «Дзеці — дзецям», прымеркаваная да кампаніі да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, прайшла ў сярэдняй школе № 52 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Галоўнай падзеяй падчас акцыі стала інсцэніроўка інтэрактыўнай казкі «Церамок» для навучэнцаў з РАС з удзелам дзяцей з РАС і АПФР. Мэта такога мерапрыемства — дапамагчы навучэнцам пераадолець трывожнасць і страхі, раскрыць здольнасці і ўнутраны свет.

На працягу тыдня ў нашай школе ішла работа ў рамках інфармацыйнай кампаніі па праблеме аўтызму, ствараліся насценгазеты, праводзіліся інфармацыйныя гадзіны, флэшмобы, — расказала настаўнік-дэфектолаг Юлія Лядоўская. — Завяршыўся тыдзень пастаноўкай казкі «Церамок», у якой ролю Жабы выканала дзіця з РАС. Іншымі героямі сталі нашы вучні з асаблівасцямі ў развіцці (цяжкасцямі ў навучанні, цяжкімі парушэннямі маўлення). А гледачамі былі вучні пачатковых класаў з РАС і АПФР з нашай школы, а таксама запрошаныя дзеці з РАС з СШ № 56 і № 59 Мінска ў суправаджэнні цьютараў або бацькоў.

Удзельнікі спектакля па абодва бакі сцэны бесперашкодна размаўлялі адно з адным, прычым не толькі з аднакласнікамі, але і з новымі для сябе дзецьмі з іншых класаў і школ. Усе дапамагалі героям казкі (Лісічцы, Зайчыку, Ваўку, Мядзведзю, Жабе), якія імкнуліся трапіць у церамок. Так, кожны герой пастаноўкі выходзіў да доміка і прасіў Мышку пусціць яго, а яна прапаноўвала выканаць заданне. І тады герой звяртаўся па дапамогу да залы. Суперажываючы героям спектакля, вучні разам з імі выконвалі заданні. Танцавалі і спявалі, скакалі і пляскалі ў далонькі, абдымаліся і браліся ўсе разам за рукі, смяяліся і спрабавалі развесяліць панурага Мішку, вучыліся пераадольваць негатыўныя сітуацыі, дапамагалі Лісе знайсці цудоўны мяшочак з рознымі рэчамі і г.д. Дзеці настолькі захапіліся працэсам, што ў пэўны момант забыліся пра сваіх цьютараў і бацькоў, не адбымалі іх па звычцы, шукаючы абарону.

Любімая справа дзяцей — гуляць. У мяне ў кабінеце ёсць домік-бізіборд, які нагадвае церамок. Яго мы зрабілі ў рамках праекта, за які атрымалі прэмію Мінгарвыканкама. Мае вучні пастаянна гуляюць з домікам, — адзначае Ю. Лядоўская. — Яны загадзя ведалі казку «Церамок», паколькі мы яе разглядалі на занятках, малявалі яе, выкарыстоўвалі для вывучэння матэматыкі і развіцця маўлення. Таму адаптаваць казку для інтэрактыўнай пастаноўкі было вельмі лёгка. Самі зрабілі ўвесь неабходны рэквізіт, бутафорыю, размеркавалі ролі па жаданні дзяцей. Атрымалася весела і з карысцю для ўсіх удзельнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА