Гродзенскія мадэлісты — сярод лепшых у свеце і ў Еўропе. У гэтым заслуга іх педагога Аляксандра Ліпая

- 14:30Главная, Образование

Лятаць у небе, застаючыся на зямлі, — такую перспектыву адкрывае перад чалавекам ракетамадэльны спорт. Трыццаць гадоў вучыць сваіх навучэнцаў атрымліваць асалоду ад палётаў педагог Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Ліпай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Захапленне з дзяцінства

Дружба з небам у Аляксандра Мікалаевіча доўжыцца амаль усё яго жыццё. Ён удала спалучае і спартыўную кар’еру, і педагагічную. Ён майстар спорту міжнароднага класа, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, этапаў Кубка свету па ракетамадэльным спорце, мае медаль міжнароднай авіяцыйнай Федэрацыі (FAI) за дасягненні ў галіне авіяцыі і касманаўтыкі. Ён жа педагог вышэйшай катэгорыі, мае ўзнагароды “Выдатнік адукацыі” і “Лепшы трэнер Беларусі”.

“Я з 10 гадоў займаўся ў гэтай жа ўстанове, у гуртку “Авіямадэляванне” будаваў самалёты. Пазней, калі 3 гады адслужыў на ваенна-марскім флоце (дарэчы, у ракетна-баявой часці), вярнуўся ў свой цэнтр і прыйшоў да дырэктара з прапановай адкрыць гурток ракетна-касмічнага мадэлявання. Тады якраз атрымліваў інжынерную адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а педагагічную адукацыю атрымаў пазней у Мінску. Тады мы, хлопцы, амаль пагалоўна марылі быць калі не касманаўтамі, то хаця б лётчыкамі. Але па стане здароўя я не змог паступіць у ваеннае лётнае вучылішча, таму вырашыў займацца лётнай справай на зямлі”, — расказвае педагог.

Друкаваныя ракеты і шоу ў небе

Аляксандр Ліпай кіруе лабараторыяй ракетна-касмічнага мадэлявання. Яна працуе ў трох кірунках. Першы — папяровы стэндавы мадэлізм. Тут дзеці вырабляюць на прынтарах дэталі для мадэлей сапраўдных ракетаносьбітаў, вывучаюць гісторыю касманаўтыкі, знаёмяцца з канструктыўнымі асаблівасцямі ракет. Пасля вырабу мадэлей арганізуюцца выставы работ навучэнцаў. Пры невялікіх дапрацоўках гэтыя мадэлі ракет можна ператварыць у дзеючыя і запусціць.

У лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання знаёмяцца з гісторыяй зараджэння касманаўтыкі, ракетамадэльнага спорту, даведваюцца аб асаблівасцях апрацоўкі розных матэрыялаў, сваімі рукамі ствараюць дзеючыя мадэлі ракет і запускаюць іх.

Другі кірунак — выраб мадэлей ракет для паказальных выступленняў (шоу-­запускаў). Тут няма ніякіх абмежаванняў у памерах, формах, матэрыялах, а большасць мадэлей ствараецца пад канкрэтныя мерапрыемствы. Добрай традыцыяй сталі штогадовыя паказальныя выступленні гурткоўцаў на масавых мерапрыемствах у школах, дзіцячых дамах, аздараўленчых лагерах, на святах мікрараёнаў і інш. Самыя відовішчныя шоу — навагоднія, якія праводзяцца на тэрыторыі цэнтральнага спартыўнага комплексу “Нёман” і збіра­юць велізарную колькасць гледачоў. Тут запускаюцца ў неба макеты навагодніх ёлак з цацкамі, снегавікі і Дзяды Марозы з падарункамі, узлятаюць і прызямляюцца на парашутах сімвалы адыходзячага і надыхо­дзячага года.

Але асноўным кірункам у рабоце ракетамадэльнага аб’яднання з’яўляецца спартыўны. Спартыўныя мадэлі ракет дзеляцца на 12 катэгорый. Іх гурткоўцы ствараюць па пэўных тэхнічных патрабаваннях (даўжыня, дыяметр, вага) на працягу ўсяго навучальнага года, а потым з гэтымі мадэлямі выступаюць на спаборніцтвах.

“У Гродзенскай вобласці спаборніцтваў шмат, прычым любога ўзроўню, — дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч. — У рэгіёне склалася сістэма правядзення абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па ракетамадэльным спорце. Наш абласны цэнтр быў ініцыятарам і арганізатарам правядзення этапу Кубка свету ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўным адрозненнем усіх спартыўных мерапрыемстваў з’яўляецца тое, што ў іх няма абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў. Дзякуючы чаму ў 2015 годзе на этапе Кубка свету быў устаноўлены рэкорд па колькасці ўдзельнікаў — 75 спартсменаў з 8 краін. На працягу трох гадоў мы праводзім семінары, на якія збіраюцца педагогі дадатковай адукацыі па ракетамадэльным спорце Беларусі, дзе падводзім вынікі работы за год, ладзім майстар-класы, плануем далейшую работу”.

Сапраўдны пік папулярнасці гэтага віду спорту педагог адзначае апошнія 10 гадоў. Па яго словах, цяпер з групы 4-класнікаў з 12 чалавек да выпуску працягваюць заняткі мінімум 10, хоць многім даводзіцца дабірацца з другога канца горада цэлую гадзіну. Для параўнання, некалі з 10—20 чалавек да 11 класа заставаліся толькі 1—2.

“Мабыць, дзеці стаміліся ад сядзення ў смартфонах і ім хочацца працаваць рукамі”, — лічыць педагог.

Каб зразумець гэтых дзяцей, трэба ведаць сутнасць такога віду спорту. Ва ўсялякім выпадку пасядзець у кабінеце, як многія памылкова ўяўляюць, тут не атрымаецца.

“Ва ўсіх уяўленне, што ты зрабіў ма­дэльку, націснуў кнопку і яна паляцела, а гэта далёка не так, — развенчвае міфы Аляксандр Ліпай. — Па-першае, тут яшчэ трэба пастарацца зрабіць такую мадэль, каб яна была роўнай, лёгкай, каб добра лятала, каб высока ўзнімалася. А чаго варта арыентаванне на мясцовасці! Ты глядзіш на мадэль у небе і за ёй бяжыш, каб па­д­няць яе там, дзе яна прызямліцца. Бо на спаборніцтвах мадэлей дзве, а туры тры, і ты павінен за час тура (50 ці 60 мінут) паспець 3 разы памяняць рухавік і 3 разы запусціць мадэль. Каб гэта ўявіць, прывяду прыклад. На адным з кубкаў свету ў Люб­ляне (Славенія) мы запускалі мадэль з парашутам і знайшлі яе за 11 кіламетраў ад месца старту. Уявіце падрыхтоўку нашых спартсменаў — лёгкаатлеты і марафонцы адпачываюць! Адна справа запускаць у казахскім стэпе, іншая — у той жа Балгарыі, дзе вакол кукуруза, вышэйшая за цябе, — паспрабуй знайсці там гэтую ма­дэльку! У Іспаніі мы і лодку бралі, каб ма­дэль дастаць, ды і на дрэве яна можа павіснуць. Гэта такі від спорту!”

Ад тэорыі да практыкі

Акрамя ўласна спорту, для многіх школьнікаў заняткі — гэта і магчы­масць замацаваць на практыцы тэарэтычныя веды па многіх дысцыплінах. Так, дзеці дасканала вывучаюць будову ракет — ступені, рухавікі, стабілізатары, цэнтры цяжару, ціску. Атрымліваецца такое практычнае замацаванне тэорыі, якую яны вывучаюць на ўроках фізікі ў школе. Тое ж і з геаметрыяй. Тут дзеці карыстаюцца штангенцыркулем, вылічваюць дыяметры, ствараюць дэталі ў маштабе і інш.

А каб яны імкнуліся добра вучыцца, Аляксандр Ліпай праводзіць конкурс дзённікаў. Па выніках кожнай чвэрці вучні з самым высокім балам атрымліваюць ад педагога прызы і ўзнагароды. Чамусьці так складваецца, што традыцыйна самая ніжэйшая адзнака ў яго навічкоў — па беларускай мове. І таму бацькі адпраўля­юць дзіця да А.М.Ліпая не толькі падцягнуць фізіку і матэматыку, але і беларускую мову, бо педагог заўсёды размаўляе на роднай мове.

Не менш важна для дзяцей і тое, што на занятках яны маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вядомымі касманаўтамі, з іх прафесійным і жыццёвым шляхам. А падтрымліванне сувязей з імі дарагога варта. Уладзімір Кавалёнак, напрыклад, дасылаў ім прывітанне прама ў палёце з Байканура. З Алегам Навіцкім дзеці сустракаліся ў Каралёве на міжнародным конкурсе, падтрымліваюць сувязь і з Алегам Арцем’евым і іншымі касманаўтамі — сучасныя тэхналогіі гэта дазваляюць, дзе б чалавек ні быў.

Яшчэ адна важная перавага для ракета­мадэлістаў — магчымасць ажыццявіць сваю мару і пабываць на касмадроме “Байканур”. Для іх гэта — святое месца, бо менавіта адтуль паляцеў у космас Юрый Гагарын. Туды іх А.М.Ліпай во­зіць, пачынаючы з 2006 года, на міжнародныя спаборніцтвы, чэмпіянаты свету і інш. А яны нават прывозяць кубкі пераможцаў! З 2010 года гродзенскія мадэлісты — сярод лепшых у свеце і ў Еўропе. Як правіла, такія спаборніцтвы плануюцца на час запуску сучаснага ракетаносьбіта. У спартсменаў ёсць магчымасць назіраць гэты запуск ужывую, прысутнічаць на запуску сапраўднай ракеты і адправіць экіпаж у космас.

Тэхнічныя гены

На сёння ў педагога 25 навучэнцаў. 12 з іх займаюцца першы год, а астатнія ўжо вопытныя спартсмены, маюць шмат перамог і тытулаў. Сярод самых тытулаваных навучэнцаў Аляксандра Ліпая і яго дачка Ганна. У сакавіку яна стала першай у Беларусі прадстаўніцай прыгожага полу, якая атрымала званне “Майстар ракетамадэльнага спорту”.

 

“Ганна пачынала займацца з 6 гадоў — займалася творчасцю з іншымі педагогамі. Дома ўвесь вольны час стварала лялек, сувеніры — усе сталы былі клеем замазаны. Відаць, тэхнічныя гены ёсць і яны перадаліся дачцэ, бо яна не давала мне праходу: хачу, тата, да цябе. Шчыра кажучы, я не верыў, што гэта будзе сур’ёзна”, — прызнаецца А.Ліпай.

У свеце даўно ў нацыянальных камандах ёсць жанчыны. У Беларусі да Ганны іх не было. Перш чым стаць першай у гісторыі Беларусі дзяўчынай, якая ўвайшла ў нацыянальную зборную па ракетамадэльным спорце, Ганна Ліпай паспела стаць лепшай на мностве міжнародных спаборніцтваў. Дарэчы, дзяўчыне ўжо прапанавалі навучанне ў расійскім Інстытуце ракетна-­касмічнай тэхнікі. Ёсць прапанова стаць іх студэнткай і ад выкладчыкаў Самарскага тэхнічнага ўніверсітэта. Дзяўчына заканчвае 11 клас, прапановы ёй прыемныя, але ўсё ж бачыць сябе Ганна беларускай студэнткай. Хаця і развіццё беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы ёй імпануе. Як і тое, што для першага выхаду на арбіту ў нашай краіне адабраны менавіта дзяўчаты. І няхай акалічнасці крыху адклалі старт беларусак, гіганцкі крок ужо зроблены — талент Ганны яшчэ спатрэбіцца Беларусі.

Пакуль жа каля трэці ўсіх выпускнікоў Аляксандра Ліпая выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці. Адзін з іх — Ілья Рудкоўскі, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (будучы настаўнік фізікі і інфарматыкі), які плануе пасля вучобы вярнуцца ў свой цэнтр і побач са сваім настаўнікам распрацоўваць 3D-тэхналогіі ў ракетамадэляванні ўжо як калега.

Святлана НІКІФАРАВА