У гімназіі №3 Віцебска дзейнічае ўнікальны музей былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў

- 9:32Образование

У гімназіі № 3 Віцебска з 2007 года дзейнічае ўнікальны музей былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Сёння, 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канц­лагераў, музей традыцыйна стане месцам правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў і цэнтрам памяці.

Настаўнікі гісторыі Наталля Анатольеўна Лабза (кіраўнік музея) і Ірына Сямёнаўна Уракава выпрабавалі нямала форм работы. Музей наведваюць навучэнцы школ і гімназій горада. Тут яны могуць убачыць унікальныя экспанаты, паслухаць аповед экскурсаводаў пра жахі канцэнтрацыйных лагераў. У музеі ёсць магчымасць дакрануцца да прадметаў, патрымаць у руках нагайку, калючы дрот, драўляны абутак вязняў.

Для навучэнцаў 7—9 класаў праводзяцца музейныя заняткі “Памяць пра Халакост”, на якіх 11-класнікі прэзенту­юць створаны імі макет Віцебскага гета. У 2019 годзе вынікі работы былі прадстаўлены на Міжнароднай канферэнцыі “Халакост: па­мяць і папярэджанне” ў Маскве сённяшнімі навучэнкамі 11 “А” класа Варварай Клімянковай і Кацярынай Уракавай. Па выніках канферэнцыі дзяўчатам быў уручаны дыплом І ступені.

Распрацоўкай і стварэннем макетаў у рамках праектнай дзейнасці з 2018 года разам з вучнямі 10—11 класаў займа­ецца Ірына Сямёнаўна Уракава. Так, пры вырабе макета Віцебскага канцлагера “5-ы полк” была праведзена работа па вывучэнні дакументальнай базы, прааналізаваны старыя нямецкія карты, аэрафотаздымкі Люфтваффэ, фатаграфіі, якія захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, і ўспаміны былых вязняў; падрабязна вывучаны этапы існавання канцлагера, умовы ўтрымання вязняў і акупацыйны рэжым у горадзе; зроблены пісьмовыя запыты ў архівы для атрымання дадатковай інфармацыі, атрымана кансультацыя ў картографаў на кафедры геа­дэзіі і космааэракартаграфіі БДУ.

Таксама былі створаны макет Віцебскага гета, галоўных варот канцлагера Аўшвіц (Асвенцім), распрацаваны інфармацыйны стэнд “Інтэрактыўная гісторыя Віцебска”. У 2021 годзе праект “Інтэрактыўная гісторыя Віцебска” ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Падарожжа па малой радзіме” атрымаў дыплом ІІ ступені на заключным этапе. Аўтар праекта — Ка­цярына Уракава, навучэнка 11 “А” класа. Пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Сямёнаўны створаны сайт “Месцы прымусовага ўтрымання і знішчэння. Віцебск”.

Ірына Сямёнаўна разам з вучнямі 8—10 класаў у цяперашні час распрацоўваюць і праводзяць інтэрактыўныя гульні, экскурсійныя маршруты (“Акупацыя Віцебска”, “Старажытны Віцебск”, “Развіццё Віцебскага рэгіёна пад уплывам рэлігійных канфесій”), экскурсіі-квесты. Маршрут “Акупацыя Віцебска” было вырашана пераўтварыць у экскурсію-квест. Навучэнцам пасля экскурсіі ў музеі прапануецца выкананне розных заданняў у горадзе: супастаўленне ваенных фатаграфій гета з сучасным выглядам тэрыторыі; вызначэнне меж гета пры вывучэнні нямецкай карты 1944 года; адказы на пытанні віктарыны, звязанай з ваеннай і даваеннай гісторыяй Дзвінскага моста; пошук будынка турмы СД па гістарычных і архітэктурных падказках; складанне пазла з чарцяжа Віцебска 1664 года.

Музей адыгрывае значную ролю ў развіцці цікавасці да гісторыі і ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Гэта дазваляе вучням зразумець, што цаной мільёнаў чалавечых жыццяў нашай шматпакутнай зямлі дасталася мірнае неба.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна
Фота з архіва гімназіі