У БрДТУ ўсебакова падтрымліваюць унікальныя распрацоўкі маладых вучоных

- 11:23Главная, Образование

Неверагодныя ідэі і крэатыўныя праекты, навуковыя інавацыі і ўнікальныя распрацоўкі, а таксама ўкараненне іх у рэальны сектар эканомікі — у прыярытэце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Кожная ўстанова вышэйшай адукацыі акрэдытавана як навуковая арганізацыя. Наша навуковая дзейнасць складаецца з розных структурных кампанентаў. Гэта і навукова-даследчыя лабараторыі, і студэнцкія аб’яднанні, і кафедры па навуковай дзейнасці, і аддзелы аспірантуры і дактарантуры. Ёсць у нас і патэнтны аддзел, на базе якога адкрыты цэнтр падтрымкі навацый і тэхналогій сумесна з Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях, і выпрабавальны цэнтр — адзіны ў Брэсцкім рэгіёне па выпрабаванні будаўнічых матэрыялаў, канструкцый і вырабаў. Між іншым такога ўнікальнага абсталявання, як у гэтым цэнтры, няма больш нідзе, бо мы збераглі яго з савецкіх часоў, — расказаў Мікалай Мікалаевіч Шалабыта, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, прарэктар па навуковай рабоце БрДТУ.

Тон тэхнічнай навукі

У Брэсцкім тэхнічным універсітэце даследаванні праводзяцца ў галіне будаўніцтва і архітэктуры, машынабудавання, інфармацыйных тэхналогій, энерга- і рэсурсазберажэння, экалогіі і эканомікі. Ва ўстанове функцыянуюць дзве галіновыя лабараторыі: “Сістэма ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка” і “Навукова-даследчы цэнтр інавацый у будаўніцтве”. Дарэчы, для іх адкрыцця неабходна было арганізаваць узаемадзеянне трох бакоў: універсітэта, Мін­адукацыі і галіновага ведамства. Да таго ж назапасіць пэўны вопыт і падрыхтаваць кваліфікаваныя кад­ры. Сёння на базе гэтых лабараторый студэнты выконваюць тэхнічныя праекты, якія ўкараняюцца на буйных прадпрыемствах краіны.

— Лабараторыя “Сістэма ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка” курыруецца Міністэрствам па падатках і зборах. Гэта адзіная лабараторыя ў краіне, якая можа выконваць работы, звязаныя з ідэнтыфікацыяй прадукцыі любога прызначэння. Канечне, зараз мы больш інтэнсіўна працуем у харчовай прамысловасці, напрыклад, з такімі вытворцамі, як “Савушкін прадукт”, “Санта”, “Мiнскi малочны камбінат № 1” і г.д. Гэтыя прадпрыемствы на сённяшні дзень знахо­дзяцца ў авангардзе па ўкараненні сістэм маркіроўкі прадукцыі і дакладна разумеюць, што неабходна спажыўцам. Так, калі навесці смартфон на любы ёгурт, то даведаешся не толькі пра яго вытворцу, але і пра час, калі ён трапіў на магазінную паліцу. А гэта ўжо заслуга ўніверсітэцкіх вучоных, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.

Ён нагадаў, што першапачаткова ўніверсітэт, а дакладней інстытут, быў інжынерна-будаўнічым, прычым задаваў тон развіцця савецкай навукі будаўніцтва. Нядзіўна, што і сёння ўстанова не пакінула гэтай нішы.

На будаўнічым факультэце развіваецца шмат напрамкаў, пачынаючы ад распрацоўкі нарматыўных дакументаў і заканчваючы праектнымі работамі. Думаю, усім вядома наша распрацоўка структурнага пакрыцця для Віцебскага амфітэатра, якую стварыў выбітны вучоны і былы першы прарэктар БрДТУ Вячаслаў Драган, — дадаў М.Шалабыта.

Між іншым Брэстчына — ­адзі­ны рэгіён, які мае ўласную рэгіянальную навукова-тэхнічную праграму інавацыйнага развіцця Брэсцкай вобласці. БрДТУ выступае ў якасці галаўной арганізацыі, якая курыруе і напаўняе новымі заданнямі гэтую праграму. Ужо некалькі праектаў прайшлі экспертызу і атрымалі адпаведнае фінансаванне. Сярод іх — распрацоўкі для абласной клінічнай бальніцы, электрамеханічнага завода па вырабе ўнікальнай сеялкі і дарожнай тэхнікі для ЗАТ “Амкадор-Пінск” ­Брэста.

З даследчай жылкай

Зацікавіць навукай першакурснікаў у БрДТУ атрымліваецца лёгка. Для гэтага часам дастаткова прадэманстраваць робатаў, створаных ва ўніверсітэцкіх лабараторыях: шахматыста, бармена, масажыста і нават муляра, экскурсавода і тэсціроўшчыка першага беларускага ноўтбука. Многіх з іх маглі бачыць наведвальнікі восеньскага фестывалю навукі альбо выставы “Беларусь інтэлектуальная”. І, паверце, ля такіх стэндаў заўсёды шмат цікаўных.

З першых дзён навучання студэнтам расказваюць пра ўніверсітэцкія навуковыя напрамкі і гранты, выставы і семінары, перамогі адораных навучэнцаў — і гэта таксама спрацоўвае. Нядзіўна, што многія студэнты старшых курсаў актыўна працуюць у навукова-даследчых лабараторыях.

Ужо на першым курсе вылучаюцца студэнты з даследчай жылкай і навуковымі здольнасцямі, якія пасля праяўляюцца, напрыклад, у арганізацыі штогадовага красавіцкага Тыдня навукі. Сёлета ён праходзіць з 10 па 21 красавіка. На ім наша таленавітая моладзь прадстаўляе свае праекты ў выглядзе навуковых паведамленняў на факультэцкіх канферэнцыях і на выставе навукова-тэхнічных распрацовак, — паведаміла старшыня савета маладых вучоных навуковы супрацоўнік выпрабавальнага цэнтра навукова-даследчай часткі Хрысціна Юр’еўна Беламесава.

Савет маладых вучоных ­БрДТУ — актыўныя і перспектыўныя маладыя навукоўцы, якія, магчыма, яшчэ і не дасягнулі вялікіх поспехаў у навуцы, але імкнуцца, развіваюцца і дапамагаюць іншым.

Афіцыйна ў склад нашага савета ўваходзіць каля 25 чалавек з ліку магістрантаў, аспірантаў, кандыдатаў ва ўзросце да 35 гадоў і дактарантаў — да 45 гадоў. А неафіцыйна да іх можна да­даць да 50% прафесараў і выкладчыкаў, якіх у нас 400 чалавек, сотню магістрантаў і 40 аспірантаў. Да таго ж штогод каля 2000 студэнтаў удзель­нічаюць у розных конкурсах, канферэнцыях, выставах, — дадала Х.Беламесава.

Па яе словах, ва ўніверсітэце праводзіцца мноства навуковых мерапрыемстваў. Толькі ў красавіку запланаваны міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыйныя тэхналогіі ў інжынернай графіцы: праблемы і перспектывы”, XV Міжнародная канферэнцыя маладых вучоных “Устойлівае развіццё: рэгіянальныя аспекты”, міжнародны семінар “Праблемы энергетычнай эфектыўнасці ў розных галінах”. Днямі быў завершаны міжнародны конкурс студэнцкіх стартапаў “Бізнес-генерацыя — 2023”. Яго ўдзельнікамі сталі 23 каманды — прадстаўнікі 13 УВА Беларусі, Расіі, Туркменістана і Казахстана. Яны прэзентавалі яркія і крэатыўныя ідэі, акрэсліўшы перспектыўныя напрамкі. У спектр стартапаўскіх ідэй трапілі як традыцыйныя сферы (харчаванне, адукацыя і вытворчасць), так і высокаінавацыйныя, навукаёмістыя, якія закранаюць пытанні збору і перапрацоўкі камунальных бытавых адходаў, выкарыстання сучасных фінансавых інструментаў, IT-тэхналогій і інш.

Студэнцкія праекты — гордасць БрДТУ

Ва ўніверсітэце функцыянуе 11 навуковых студэнцкіх аб’яднанняў: “Механіка”, “Будаўнік”,  “Камар”, “Робататэхніка”, “Сістэматэхніка”, “Лінгва” і інш. Прычым, нягле­дзячы на тое, што ўніверсітэт тэхнічны, узровень іх канферэнцый, звязаных з гуманітарнымі навукамі, вельмі высокі, а тэматыка шырокая.

Прадстаўнікі многіх аб’яднанняў штогод становяцца ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Так, у снежні ў яго адборачным этапе былі прадстаўлены 11 студэнцкіх праектаў, на міжуніверсітэцкі прайшла толькі палова. Сярод іх — стабіламетрычная платформа з мабільным доступам, тэлепорт і інш.

Мы ганарымся ўсімі студэнцкімі праектамі, бо кожны — унікальны, пачынаючы ад ультрагукавой дыягностыкі пашкоджанняў рознага роду машын і механізмаў, будаўнічых матэрыялаў (фібрабетону і поліарміраванага бетону) і заканчваючы штучным інтэлектам. Адна з апошніх вядомых навуковых распрацовак універсітэта — спіратэстар, апарат для мікракантролернага вымярэння рэспірацыі паветра з лёгкіх чалавека. Ён дапамагае адсочваць паталагічныя працэсы ў бронхах і лёгкіх, асабліва падчас захворвання на COVID-19. Што тычыцца стабілізаметрычнай платформы, то гэта ўстройства для аналізу здольнасці чалавека кіраваць позай цела і забеспячэння біялагічнай зваротнай сувязі па апорнай рэакцыі, — патлумачыў прарэктар па навуковай работе.

Акрамя таго, ва ўніверсітэце маладых вучоных стымулююць фінансава. Так, у снежні 2022 года адбыўся першы конкурс на атрыманне грантаў рэктара.

Людзі, якія застаюцца ў навуцы, у большасці сваёй бескарыслівыя, для іх больш важныя прызнанне і павага. Аднак магчымасці зарабіць у нас таксама вялікія, бо мы асаблівую ўвагу ўдзя­ляем камерцыялізацыі нашых распрацовак. Дзеля гэтага вучоныя ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйных даследаваннях прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, прапаноўва­юць свае ідэі прадпрыемствам. Штогод выкладчыкі і студэнты БрДТУ атрымліваюць больш за 20 патэнтаў на карысныя мадэлі і вынаходствы. Дарэчы, усяго за час існавання ўніверсітэта атрымана больш за 1000 патэнтаў. Гэта і нядзіўна, бо галоўная мэта нашых навукоўцаў — паспяховае развіццё прамысловасці і эканомікі краіны, — рэзюмаваў Мікалай Шалабыта.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара