Арганізатарам ініцыятывы выступіў абласны інстытут развіцця адукацыі сумесна з абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Падтрымку інфармацыйна-адукацыйнаму праекту аказвае таксама шэраг устаноў аховы здароўя рэгіёна.
— Наша асноўная задача — эфектыўная прафілактыка негатыўных праяўленняў у маладзёжным асяроддзі. Моладзь і падлеткі маюць асаблівую патрэбу ў навучанні, накіраваным на стварэнне культуры адказнага стаўлення да свайго здароўя. Які лад жыцця будзе ў падрастаючага пакалення, непасрэдна залежыць ад таго, чаму мы, дарослыя, зможам навучыць іх цяпер, якія маральныя каштоўнасці і ўстаноўкі сфарміруем, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій МДАІРА Ірына Мулерава.
Паводле яе слоў, удзельнікамі ініцыятывы сталі навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі. Для маладых людзей рэгулярна арганізуюць тэматычныя заняткі з адпаведнымі спецыялістамі, адкрытыя дыялогі, творчыя майстэрні, прафілактычныя акцыі. Усе мерапрыемствы праходзяць у інтэрактыўным фармаце.
Праект «Здаровая моладзь» ажыццяўляецца на працягу бягучага навучальнага года. За гэты час ужо ўдалося палепшыць паказчыкі па папярэджанні нікацінавай, наркатычнай, алкагольнай залежнасці сярод моладзі. Работу ў такім напрамку плануецца працягваць. Галоўная мэта арганізатараў — умацаваць здароўе навучэнцаў, сфарміраваць у маладых людзей карысныя прывычкі і навыкі бяспечнай жыццядзейнасці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена МДАІРА