У школе № 3 Івацэвіч клапоцяцца і пра фізічны, і пра псіхалагічны дабрабыт вучняў

- 14:40Образование, Приложение, Школа управления

Сярэднюю школу № 3 Івацэвіч ведаюць не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы. Тут актыўна клапоцяцца і пра фізічнае здароўе сваіх вучняў, і пра псіхалагічнае. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 

У навучальнай установе дзейнічае цэласная сістэма работы па фарміраванні здароўезберагальнага асяроддзя, якая ўключае арганізацыю адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіН, работу па сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў і захаванні іх псіхалагічнага здароўя, пазакласную дзей­насць класных кіраўнікоў, кіраўнікоў клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах, медыцынскае абслугоўванне навучэнцаў, арганізацыю харчавання.

“Павышаную ўвагу ўдзяляем арганізацыі харчавання навучэнцаў, ахоп якім у нас складае 100%. Сталовая разлічана на 200 пасадачных месцаў. Нашы кухары гатуюць смачныя і карысныя стравы, тым самым забяспеч­ваючы паўнавартаснае і збалансаванае харчаванне. Не забываем пра развіццё культуры харчавання і навыкаў самаабслугоўвання, што таксама ўплывае на фарміраванне станоўчага стаўлення да здаровага ладу жыцця”, — заўважыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Руцкая.

Здароўезберагальная прастора школы — гэта арганізацыя вучэбнага і выхаваўчага працэсу. Асноўнай формай арганізацыі вучэбнага працэсу, безумоўна, з’яўляецца ўрок, на якім закладваюцца асновы здаровага ладу жыцця. Тут, канечне, многае залежыць ад настаўніка, які кантралюе момант наступлення стомленасці навучэнцаў, каб змяніць від дзейнасці. Гігіенічныя патрабаванні да арганізацыі ўрока ўключаюць яго шчыльнасць, разнастайнасць і чаргаванне метадаў і прыёмаў, наяўнасць эмацыянальных разрадак, дарэч­насць прымянення ТСН, а такса­ма кантроль паставы, правядзенне рухавых фізкультхвілінак, гімнастыку для вачэй, псіхалагічны клімат.

Па словах Вольгі Генадзьеўны, педагогі школы пільна сочаць за выкананнем гігіенічных патрабаваняў да ўрока. І рассадка вучняў у кожным класе ажыццяўляецца па рэкамендацыях урачоў.

“Здароўе — гэта не толькі адсутнасць хваробы, але і фізічны, псіхалагічны і сацыяльны дабрабыт. Здаровы ва ўсіх адносінах чалавек шчаслівы, бо мае магчымасць удасканальвацца, атрымліваць задавальненне ў працэсе вучобы і работы. Анкетаванне, якое праводзіцца педагогамі-псіхолагамі школы, вызначае асабістыя якасці навучэнцаў, дапамагае выявіць узровень трывожнасці, самаацэнку, матывацыю, інтарэсы школьнікаў, а таксама тэмперамент, сацыяльны статус. З верасня мінулага года ў нас дзейнічае служба медыя­цыі, у межах якой дзеці вучацца бесканфліктным зносінам”, — адзначыў дырэктар навучальнай установы Алег Кузьмін.

Сярэдняя школа № 3 Івацэвіч з’яўляецца ўдзельніцай праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, рэалізацыя якога ў навучальнай установе накіравана на прафілактыку скаліёзу і парушэння вастрыні зроку, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. Праводзіцца безліч выхаваўчых і спартыўных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. На канікулах арганізуюцца працоўна-аздараўленчыя летнікі. Дзейнічае рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях беларус­кага народа, рэалізуюцца праекты па экалогіі (з 2014 года працуе школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”). Для прапаганды здаровага ладу жыцця актыўна выкарыстоўваюцца пляцоўкі школьнай газеты, радыё і тэлебачання.

У дзейнасці рэсурсаў школы ўдзельнікі семінара ўпэніліся падчас адкрытых заняткаў, якія для гасцей правялі педагогі школы.

Вольга Васільчук запрасіла на класную га­дзіну, прысвечаную гігіене, у 1 клас. Заняткі праходзілі ў гульнявой форме з выкарыстаннем невялічкай тэатралізаванай пастаноўкі: да дзяцей завітала мурза, якая імкнулася сваімі нямытымі рукамі дакрануцца да дзяцей. Але ж урэшце яе выгналі з класа. І тут Вольга Аляксандраўна пагутарыла з першакласнікамі пра правілы гігіены і неабходнасць іх выконваць.

Алена Мартынава таксама ў 1 класе праводзіла факультатыўныя заняткі “Па прыступках правіл здаровага харчавання”. Разам з дзецьмі Алена Іванаўна гаварыла пра карысць агародніны.

Юлія Басалай на аб’яднаннях па інтарэсах “Азбука здароўя” гутарыла са сваімі вучнямі пра неабходнасць усмешак. Усмешка і добры настрой робяць чалавека шчаслівым, а шчасце — гэта асноўны складнік псіхалагічнага здароўя.

На пасяджэнні аб’яднання па інтарэсах “Школьная служба медыяцыі” васьмікласнікі прадэманстравалі, як можна выйсці з канфлікту. Педагог-псіхолаг Юлія Палячок адзначыла, што хоць яны на пачатку шляху, але дзеці захапіліся правіламі выхаду з канфліктных сітуа­цый. Ім вельмі падабаецца, бо ёсць разуменне неабходнасці такіх навыкаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара