Крыніца “Сынкавіцкая” ў гонар іконы Божай Маці “Дзяржаўная” знаходзіцца ў старажытным сяле Сынкавічы, што ў Зэльвенскім раёне.
Пра багатую гісторыю гэтай зямлі, летапісныя звесткі аб якой дайшлі да нас з пачатку XIII ст., расказваюць і 54 помнікі гісторыі, 12 помнікаў архітэктуры, 11 — археалогіі, што захаваліся для патомкаў. Найбольш вядомым помнікам гісторыі і архітэктуры з’яўляецца Сынкавіцкі храм-крэпасць у імя святога Архістратыга Міхаіла, помнік культава-абарончай архітэктуры рэспубліканскага значэння. Храм — месца паломніцтва веруючых. Яго галоўнай славутасцю і каштоўнасцю з’яўляецца абраз Божай Маці Усецарыцы, які лічыцца цудатворным, вылечвае цяжкія хваробы і залежнасці.
Ёсць сведчанні, што храм быў асвечаны ў 1407 годзе. Аднак дакладная дата да гэтага часу ахутана тайнай — нядаўнія рэстаўрацыйныя работы выявілі надпіс пад тынкам з датай 1213 год. Гэта надпіс на старажытнагрэчаскай мове са словамі апостала Іаана: “Любыя! Не ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны. Праваслаўны Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. 1213 год”. Пад апекаваннем гэтага храма і знаходзіцца Сынкавіцкі крынічны комплекс, які складаецца з крыніцы, закрытай купелі, дзвюх альтанак для адпачынку. Тэрыторыя дагледжаная, абсаджаная дэкаратыўнымі кустамі, дрэвамі і кветкамі. Над крыніцай устаноўлены літы металічны праваслаўны крыж. Такі ж крыж ёсць і на тэрыторыі Сынкавіцкага храма-крэпасці.
Да крыніцы вядзе шырокая дарога з бетонных пліт. Падыходы да яе абсталяваны прыступкамі, бартавыя схілы абкладзены бутавым каменем. Вада невялікім струменем паступае з-пад зямлі праз металічную трубку, і, каб набраць яе, з-за пастаянна вялікага наплыву паломнікаў трэба пастаяць у чарзе. Вада мае добрыя смакавыя якасці, мясцовыя жыхары і шматлікія паломнікі лічаць крыніцу лекавай.
Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара