Ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны 22 красавіка пройдзе рэспубліканскі суботнік, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Сёлета працоўная акцыя супадае з днём нараджэння У.І.Леніна, які ў свой час стаў заснавальнікам гэтага руху. З таго часу традыцыя добраахвотнай працы на карысць нашай краіны захоўваецца. Кожны год удзельнікамі суботніка становяцца больш за 2 млн грамадзян. У мінулым годзе сродкі, заробленыя ў час суботніка, пайшлі на аднаўленне мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.
22 красавіка грамадзяне Беларусі будуць працаваць на добраўпарадкаванні мемарыяльных комплексаў, помнікаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторый, прылеглых да збудаванняў і новабудоўляў, сваіх рабочых месцаў.
На суботні дзень супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі вызначаны два аб’екты для працы. Традыцыйна адной з пляцовак суботніка стане Студэнцкая вёска. На аб’екце інтэрната Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта супрацоўнікі міністэрства на чале з першым намеснікам галіновага ведамства Аляксандрам Бахановічам будуць прыбіраць пакоі інтэрната і займацца добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Разам з імі на гэтым аб’екце будуць працаваць работнікі Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра.
Другая пляцоўка суботніка — Рудзенская спецыяльная школа-інтэрнат. Супрацоўнікі міністэрства зоймуцца прыбіраннем тэрыторыі навучальнай установы, пабелкай дрэў, пасадкай кветак і агародніны. Да іх на гэтым аб’екце далучацца прадстаўнікі Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.
На гэтай пляцоўцы будзе працаваць кіраўнік галіновага міністэрства Андрэй Іванец. У школе-інтэрнаце Рудзенска міністр адукацыі сустрэнецца з калектывам навучальнай установы і абмяркуе з педагогамі надзённыя пытанні развіцця адукацыйнай галіны.
Усе сродкі, якія будуць зароблены ў час рэспубліканскага суботніка, накіруюць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці) і стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.
Ала КЛЮЙКО
Фота БелТА
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі