Месячнік па навядзенні парадку на зямлі ў Віцебску быў адзначаны маштабнай гарадской акцыяй «Чысты чацвер»

- 12:56Новости

Месячнік па навядзенні парадку на зямлі ў Віцебску быў адзначаны маштабнай гарадской акцыяй “Чысты чацвер”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па хрысціянскай традыцыі, Вя­лікі чац­вер напярэдадні Вялікадня мае асаб­лівае значэнне. Гэты дзень спрадвеку называюць чыстым, бо ў свядомасці людзей ён атаясамліваецца з чысцінёй намераў, душы і цела, навядзеннем парадку ў думках і абавязковым прыбіраннем у доме.

Віцябляне сёлета вырашылі не абмяжоўвацца ўласнымі кватэрамі. Ініцыятарам акцыі “Чысты чацвер” выступіў гарвыканкам. Добрае пачынанне знайшло жывы водгук у гараджан: на вуліцы рушыў шматтысячны працоўны дэсант. Талака завіравала паўсюдна, ад ускраін да цэнтральных плошчаў. Тон задалі супрацоўнікі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, якія на чале з кіраўнікамі горада і вобласці дружна заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, прылеглай да Свята-Успенскага кафедральнага сабора і Успенскай горкі.

— Віцебск — наш агульны дом, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі гарвыканкама Ганна Каваленка. — Кожнаму хочацца бачыць яго вуліцы і плошчы, скверы і двары прыгожымі, дагледжанымі. Таму жыхары горада актыўна падтрымалі заклік правесці агульны “Чысты чацвер”. Да акцыі далучыліся ўсе без выключэння ўстановы адукацыі абласнога цэнтра. Навучэнцы разам з педагогамі прыбіралі леташнюю лістоту і смецце, высаджвалі кветкі, абразалі дрэвы і дэкаратыўныя насаджэнні, мылі, падмяталі, фарбавалі…  Асаблівая ўвага — добраўпарадкаванню мемарыяльных дошак і барэльефаў, мемарыяльных комплексаў, помнікаў, воінскіх пахаванняў. Камандная праца і яе вынік узніма­юць настрой удзельнікам. Акцыя вельмі карысная ў плане выхавання мола­дзі, спрыяе больш глыбокаму пазнанню роднага горада. Акрамя таго, навучэнцы лепш усведамляюць простую ісціну: чыста там, дзе прыбралі, і заўсёды чыста там, дзе не смецяць. Калектыўная справа ў вольны ад работы і вучобы час аб’ядноўвае, фарміруе беражлівае стаўленне і адказныя адносіны да навакольнага свету.

Самы масавы выхад працоўных калектываў Віцебшчыны на добраўпарадкаванне роднага краю і яго населеных пунктаў чакаецца ў дзень рэспубліканскага суботніка — 22 красавіка.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Віцебскага гарвыканкама