Калі скласці гадавыя падшыўкі “Беларускага гістарычнага часопіса” ў адзін стос, то 30-гадовая падборка падымецца метра на паўтара. Пры гэтым ёсць рэальныя перспектывы для росту выдання, пашырэння кола чытачоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Нішто не выпадкова: як у жыцці, так і ў гісторыі. Напярэдадні Вялікадня шляхі, абставіны, умовы сышліся так, што нашы калегі адзначалі 30-годдзе выдання ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — а гэта ж старадаўні палац, вядомы будынак XVIII стагоддзя, помнік архітэктуры ў старой частцы сталіцы. Галерэя тым адметная, што ўваходзіць у склад Музея гісторыі горада Мінска.
Часткай гісторыі ўжо стаў і навукова-тэарэтычны, навукова-метадычны “Беларускі гістарычны часопіс”. Салідныя традыцыі, вялікае кола дасведчаных аўтараў, але ж адкрыты і для тых, хто толькі пачынае пошукі ў пластах айчыннай гісторыі. Часопіс уваходзіць у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па гістарычных і юрыдычных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі. Ведаюць часопіс у школах, чытаюць студэнты, старшакласнікі — усе, хто праяўляе цікавасць да гісторыі Бацькаўшчыны. На ўрачыстасці падкрэслілі: мэтавая аўдыторыя часопіса-штомесячніка на 72 старонках — гэта навукоўцы, настаўнікі гісторыі, выкладчыкі УВА, метадысты, краязнаўцы, супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, а яшчэ студэнты, аспіранты, магістранты. Заснавальнікі выдання — Мінадукацыі, а таксама Інстытут гісторыі НАН, Беларускі дзяржуніверсітэт і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
“Беларускі гістарычны часопіс” з’явіўся ў медыяпрасторы практычна разам з Рэспублікай Беларусь, рос і мацнеў разам з ёй.
Віншаванне з нагоды юбілею калектыву накіраваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, тэкст зачытаў начальнік упраўлення адукацыі, навукі і культуры Адміністрацыі Прэзідэнта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Канойка. У віншаванні адзначана, што калектыў часопіса рэалізуе важныя дзяржаўныя задачы, застаецца практычным дапаможнікам выкладчыкам і настаўнікам гісторыі, выступае арганізатарам навуковых канферэнцый, пасяджэнняў, круглых сталоў. Само ж выданне выконвае ролю сапраўднага бібліёграфа гісторыі Беларусі, прыадкрывае таямнічыя старонкі мінулага, тлумачыць складаныя пытанні зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на нашых землях, вяртае з небыцця прозвішчы славутых продкаў, якія зрабілі значны ўклад у станаўленне беларускай нацыі.
Па ходзе ўрачыстасці Аляксандр Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу, што часопіс з’явіўся ў медыяпрасторы практычна разам з Рэспублікай Беларусь, рос і мацнеў разам з ёй. На перспектыву, лічыць ён, выданню трэба шмат зрабіць для ўмацавання нашай гістарычна-культурнай ідэнтычнасці, для больш глыбокага спасціжэння заканамернасцей развіцця, станаўлення беларускага народа як супольнасці адметнай, адзінай. А для таго варта павышаць аўтарытэт выдання ў грамадстве, прадпрымаючы практычныя захады: для ўмацавання рэдакцыі, больш шырокага ўкаранення выдання ў адукацыйны працэс, “каб яно станавілася найгалоўнейшым часопісам для настаўнікаў-прадметнікаў, гісторыкаў, суправаджала вучэбны працэс і станавілася грунтоўнай навуковай базай пры падрыхтоўцы, правядзенні ўрокаў па айчыннай гісторыі”. На думку выступоўцы, гэта рэальна, улічваючы, што Прэзідэнт даваў даручэнне папулярызаваць гістарычную праўду.
У прывітанні ад міністра адукацыі Андрэя Іванца адзначаецца: “Беларускі гістарычны часопіс” змог заняць пачэснае месца ў шэрагу навукова-метадычных друкаваных СМІ, здабыць высокі аўтарытэт у прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці”.
Выступалі на ўрачыстасці і вядомыя гісторыкі, прадстаўнікі НАН Беларусі, Беларускага дзяржуніверсітэта. Добрыя словы гаварылі ў адрас папярэднікаў, што працавалі ў выданні. Выступоўцы жадалі Аляксандру Корзюку, які больш за год працуе на пасадзе галоўнага рэдактара, моцна трымаць штурвал выдання ў руках.
З 2002 года часопіс дзейнічае ў складзе выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. Па словах дырэктара выдавецтва Валянціна Навагродскага, які таксама вітаў удзельнікаў урачыстасці, а потым уручаў граматы, падзякі супрацоўнікам выдання, цяпер “АіВ” — сузаснавальнік 26 часопісаў, з іх 18 — навукова-метадычныя. Сярод іх гістарычны часопіс займае асаблівае месца, кола сяброў яго — прафесійныя гісторыкі, метадысты, настаўнікі, маладыя даследчыкі мінулага.
Іван ЖДАНОВІЧ