Як праходзіць навучанне ў школе лідараў для педагагічных атрадаў, якая працуе на базе РІВШ

- 12:31Интервью

30 самых творчых і ініцыятыўных людзей з’ехаліся з усіх рэгіёнаў краіны ў школу лідараў для педагагічных атрадаў, якая працавала на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

Падрабязнасці аб тым, як яны развівалі свае лідарскія якасці, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася ў Веранікі Пунчык, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, выкладчыка школы.

— Прызначэнне вашай школы — выхоўваць лідараў?

— Так. Лідарства сёння — адна з ключавых кампетэнцый, якія дазваляюць чалавеку паспяхова прымяняць прафесійныя веды, развіваць свае асабістыя якасці, фарміраваць характар. У Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспуб­ліцы Беларусь да 2030 года падкрэсліваецца важнасць развіцця лідарства ў моладзі, каманднага духу ў кіраўніцкай дзейнасці, рэалізацыі сацыяльна значных праектаў.

Увогуле, работа з лідарамі, на маю думку, гэта асаблівае педагагічнае задавальненне. Але ж гэта і асаблівая адказнасць, бо трэба ўмець адказаць на нечаканыя пытанні, улавіць тыя, якія яшчэ лунаюць у паветры аўдыторыі, сфарміраваць запыт на адэкватныя педагагічныя веды. І гэта заўсёды праца на пярэднім краі педагагічнай практыкі. Таму для работы па праграме лідарства прыцягваюцца не толькі супрацоўнікі кафед­ры маладзёжнай палітыкі, але і выкладчыкі ўсяго Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, спецыялісты Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, педагогі-наватары з устаноў адукацыі краіны, нашы пастаянныя партнёры з БРСМ. Работа з лідарамі — гэта не проста педагагічны ўклад у нашу агульную будучыню праз маладых людзей, якія абавязкова ў сваіх прафесійных галінах будуць і кіраўнікамі, і лідарамі, і інаватарамі, гэта яшчэ шмат у чым прафесійны трэнінг для педагогаў, які дазваляе цалкам паглыбіцца ў мала­дзёжную атмасферу, адчуць змяненні, што адбываюцца ў маладзёжным асяроддзі, знутры, прыняць іх і, зыходзячы з назапашанага педагагічнага і жыццёвага вопыту, знайсці тыя самыя нітачкі, якія дазва­ляюць звязваць пакаленні, захоўваючы адзінства і каштоўнасную пераемнасць нашага грамадства.

— Ці падтрымліваюць лідарскі рух самі маладыя людзі?

— Канечне. Маладыя людзі і непасрэдна студэнцтва падтрымліваюць ідэю развіцця лідарства. Звычайна ў юнацкім узросце закладваюцца і фарміруюцца асновы лідарскага патэнцыялу, які потым раскрываецца ў дарослым самастойным жыцці. Маладыя людзі імкнуцца праяўляць актыўнасць, ініцыятыву, творчы запал у студэнцкім жыцці, самакіраванні і маюць жаданне вучыцца лідарству і кіраванню ў далейшым, каб удасканальваць свае веды і развіваць свае здольнасці. Таму ідэя стварэння школы лідараў у рамках дадатковай адукацыі цалкам апраўдана і запатрабавана. Мы разумеем, што асноўнай мэтай вышэйшай адукацыі з’яўляецца прафесійнае навучанне будучых спецыялістаў, але нельга абысці ўвагай і задачы па развіцці ў студэнтаў гатоўнасці быць лідарам, па згуртаванні калектыву. 

— Як даўно вы займаецеся гэтай місіяй?

— Гэты праект у розных варыяцыях рэалізуецца ўжо больш за 15 гадоў. На працягу гэтага часу мы вучылі мала­дзёжнаму прадпрымальніцтву, студатрадаўскаму руху, інавацыйнай дзейнасці, валанцёрству і г.д. Але адзінай мэтай была і застаецца падтрымка сацыяльна перспектыўных маладых людзей, патэнцыяльных лідараў, здольных быць у першых радах, браць на сябе адказнасць у вырашэнні надзённых сацыяльных праблем і ў кіраўніцкіх дзеяннях. Ідэя стварэння школы лідараў для педагагічных атрадаў упершыню была рэалізавана на нашай кафедры больш за 5 гадоў назад. Гэта было абумоўлена жаданнем навучыць асновам лідарства, педагагічным навыкам тую моладзь, якая вучыцца ва ўніверсітэтах на непедагагічных спе­цыяльнасцях.

— Як праходзіць навучанне? Гэта звычайныя лекцыі?

— Праграма развіцця лідарскіх якасцей арыентавана на паступовае далучэнне студэнтаў да сферы педагагічнай дзейнасці ў рамках дзіцячага аздараўленчага лагера, фарміраванне ў іх гатоўнасці да ўзаема­дзеяння не толькі з дзецьмі, але і з калегамі, адміністрацыяй, бацькамі. Па задуме, адукацыйная праграма школы пад­разумявае не звычайную трансляцыю ведаў, а назапашванне ўласнага вопыту, так званае пражыванне ў лідарскім асяроддзі ўсіх методык работы з дзецьмі, згуртаванне калектыву, новыя формы і метады выхаваўчай работы. Таму традыцыйных лекцый у нашай школе практычна няма. На занятках шмат інтэрактыву, ініцыятывы, творчасці, новых ідэй і напрамкаў. Шырока прымяняюцца інавацыйныя тэхналогіі “Алфавіт”, “1*2*4*8”, якія дазваляюць паэтапна збіраць і фарміраваць групавое меркаванне з улікам заўваг і прапаноў кожнага, праектна-групавыя тэхналогіі “Сусветнае кафэ”, “Акварыум”, “Піла”, арыентаваныя на розныя формы абмену меркаваннямі, BYOD-тэхналогіі, якія прадугледжваюць апасродкаванае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў праз смартфоны ў фармаце квізаў, віктарын, апытанняў, а таксама выкарыстанне рэфлексіўных тэхналогій “Свечка”, “Мішэнь”, “Астравы” і інш. Частку тэм мы абмяркоўваем падчас правядзення круглых сталоў, дзелавых гульняў.

Шырока выкарыстоўваем магчымасці анлайн-адукацыі, наведваем віртуальныя музеі, удзельнічаем у віртуальных турыстычных паходах, выкарыстоўваем са­цыяль­ныя сеткі і іншыя інфармацыйныя рэсурсы. Прыёмы медыяцыі дапамагаюць пры вывучэнні тэхналогіі ўрэгулявання спрэчак і канфліктаў. Па гэтай тэме праводзім практычныя заняткі для лідараў, каб выкараніць бар’еры ў зносінах. Выкарыстоўваем платформы адкрытых анлайн-курсаў для саманавучання, педагагічныя гульнятэхнікі для згуртавання каманды і арганізацыі работы педагагічных атрадаў. У цэлым, маладыя людзі ў школе лідараў асвойваюць тэхналогіі дзейнасці педагагічных атрадаў, ствараюць сваё партфоліа, вызначаюць напрамкі самарэалізацыі, развіваюць асабістыя якасці лідара, вучацца прымаць эфектыўныя рашэнні пры стварэнні каманды і згуртаванні калектыву.

— Ці ініцыіруюць тэматыку навучання самі студэнты?

— У нас вучацца актыўныя, ініцыятыўныя, матываваныя студэнты, якія гатовы развіваць свае лідарскія якасці не толькі ў маладзёжным асяроддзі, але і ў сваёй прафесійнай дзейнасці, у рабочым калектыве па месцы працы. Таму цікавасць да навучання ў іх высокая. Так, пры абмеркаванні тэмы “Сістэма педагагічных гульнятэхнік у арганізацыі работы педагагічных атрадаў” на пытанне выкладчыка “Ці варта метадычна рыхтавацца да работы ў летнім лагеры? Ёсць жа інтэрнэт, і можна адтуль спампаваць усю неабходную інфармацыю, больш свежую і аператыўную” ў адказ слухачы школы лідараў адгукнуліся гарачымі дэбатамі. Студэнты стараліся аргументавана растлумачыць, чаму рыхтавацца загадзя неабходна, як гэта ўплывае на якасць педагагічнай працы, як важна мець у сваім багажы ўласныя напрацоўкі, задумы, якія складаюць аснову працы. Інтэрнэтныя ж крыніцы можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы таго ці іншага мерапрыемства.

Нашы слухачы дакладна ведаюць, што характэрна для лідара. Гэта харызматыч­насць, сумленнасць, інтэлект, здольнасць наладжваць кантакт, упэўненасць у сабе, пачуццё гумару, камунікабельнасць. Часта іх здзіўляе, што ў сучасных канцэпцыях лідарства асноўнай якасцю лідара лічыцца адэкватнасць ацэнкі і рэакцыі на змяненні, якія адбываюцца. Аднак пасля абмеркавання канкрэтных кейсаў, самадыягностыкі ўласнага ўзроўню талерантнасці ў большасці студэнтаў фарміруецца разуменне адрознення паміж менеджарам, арыентаваным на эфектыўнае вырашэнне задачы, і лідарам, арыентаваным на інтарэсы і запатрабаванні людзей.

Ала КЛЮЙКО