Крыніца “Каўпенка” знаходзіцца ва ўрочышчы Каўпеніца за ракой Ісай, што ў Слонімскім раёне, на адлегласці кіламетра ад аграгарадка Дзераўная.
Рэчышча крыніцы знаходзіцца ў нізіне ля падножжа гары, парослай хваёвымі дрэвамі, на якой некалі стаяў праваслаўны храм. Ля крыніцы ўстаноўлены праваслаўны крыж, ёсць крынічны калодзеж, адкрытая купель.
Згодна з паданнем, у ХVІІІ стагоддзі ў лесе на гэтым месцы з’явіўся абраз Божай Маці, названы пазней Каўпенскім. Ззянне абраза заўважылі сяляне, калі знаходзіліся непадалёку. У 1803 годзе на тым месцы тутэйшым памешчыкам графам Ціменам была пабудавана драўляная царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, куды і быў змешчаны знойдзены абраз. Каля храма, ля падножжа гары, знаходзілася крыніца, вада ў якой і да гэтага часу лічыцца гаючай.
У 1939 годзе царква была спалена, але абраз — выратаваны. Яго перанеслі ў Свята-Троіцкі храм у с.Дзераўная, які, па тых звестках, што захаваліся і дайшлі да нас, згадваецца з 1745 года. Ён быў тады драўляны, крыжападобны, з трыма купаламі. У такім выглядзе царква праіснавала да 1836 года, калі з-за старасці была разабрана. У тым жа годзе стараннем уладальніка маёнтка Дзераўная графа Цімена быў пабудаваны на ранейшым месцы новы невялікі храм, з намерам у недалёкай будучыні пабудаваць мураваную царкву. Неўзабаве новы храм быў закладзены і ўзведзены сцены, але з-за смерці графа будаўніцтва спынілася. Пасля пераходу маёнтка да іншых уладальнікаў будаўніцтва мураванай царквы было канчаткова замарожана…
У 1878 годзе драўляную царкву адрамантавалі на сродкі прыхаджан, а пазней да яе прыбудавалі драўляны прытвор са званіцай. У 1963 годзе царкву закрылі. Каўпенскі абраз Божай Маці, іншыя абразы, царкоўныя рэчы, адзенне, кнігі былі вывезены ў музей атэізму ў Гродна, дзе яны знаходзіліся да 1989 года. Свята-Троіцкі храм быў вернуты Праваслаўнай царкве і перададзены суполцы, неўзабаве быў вернуты і абраз Каўпенскай Божай Маці.
У цяперашні час на месцы спаленага ў 1939 годзе храма і на месцы з’яўлення абраза ўстаноўлены крыж. А побач з капліцай растуць бярозы і цячэ каля 10 крыніц. Свята Каўпенскай Божай Маці прыпадае на 9 ліпеня, і кожны год у гэты дзень у Свята-Троіцкім храме праводзіцца Боская літургія, а пасля яе завяршэння — хрэсны ход з Каўпенскім абразом на месца з’яўлення гэтага абраза, дзе на крыніцы здзяйсняецца малое асвячэнне вады.
Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара