Мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына” — выдатнае месца, каб азнаёміцца з ваеннай гісторыяй Брэстчыны, адпачыць сярод унікальнай прыроды, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты“.
Сямейная традыцыя
Асабліва добра тут вясной. Яшчэ няма летняй спёкі, не даймаюць камары і машкара. Прагульвайся па лясных сцежках, удыхай чыстае паветра з ялова-бярозавым водарам, слухай спевы птушак, знаёмся з побытам і подзвігамі народных мсціўцаў. Нядзіўна, што на выхадных і асабліва падчас школьных канікул тут заўсёды мнагалюдна. Сюды едуць з сябрамі, роднымі, калегамі. Самыя частыя наведвальнікі — настаўнікі і вучні.
З сям’ёй івацэвіцкіх педагогаў (настаўнікам фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 4 Андрэем Андрэевічам і настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Інай Вільгельмаўнай Міцкевічамі) мы сустрэліся на партызанскім востраве сонечным красавіцкім днём. Па словах настаўніка, разам з братам Іванам Андрэевічам і сваімі сем’ямі яны кожны год прыязджаюць у гэтыя мясціны на Радаўніцу. Спачатку наведваюць бацькоўскую хату ў Хадаках (вёска Хадакі ў гады Вялікай Айчыннай вайны была спалена карнікамі. — Заўвага аўтара.), магілы продкаў, а потым накіроўваюцца на мемарыяльны комплекс.
Першы прыпынак у вёсцы Жытлін каля брацкай магілы. На помніку — імёны партызан і чырвонаармейцаў. Прыцягвае ўвагу шыльда з партрэтам камандзіра 112-га партызанскага атрада Аляксея Пятровіча Чарткова. Сур’ёзны, засяроджаны погляд. Сапраўдны камандзір. Уразілі гады жыцця: 1920—1943. Яшчэ зусім малады хлопец…
Па традыцыі, пачатай яшчэ партызанамі, у апошнюю нядзелю мая сюды прыедуць дзеці, унукі, праўнукі тых, хто змагаўся з акупантамі. Каля помніка на мнагалюдным мітынгу будуць гучаць словы ўдзячнасці загінуўшым героям.
Лясная школа
Тэрыторыя мемарыяльнага комплексу пачынаецца праз некалькі кіламетраў за суседняй вёскай Корачын. Калісьці навокал былі амаль непраходныя балоты і лясы, але сёння дабрацца да Хаваншчыны нескладана. Па дарозе ёсць паказальнікі, а на месца былога партызанскага лагера праз балота вядзе драўляны насціл. А вось у гады Вялікай Айчыннай вайны да вострава можна было трапіць толькі з правадніком. Вакол лагера партызаны абсталявалі дзве лініі абароны, адну з якіх карнікі змаглі прарваць падчас баёў. З рэканструкцыяй тых падзей можна азнаёміцца ў канцы мая, калі сюды прыязджаюць удзельнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.
Дарэчы, у апошнюю нядзелю месяца і быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”. Адбылося гэта ў 1971 годзе. Цікава, што ў гэты год першых наведвальнікаў прыняў і мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Сёння “Хаваншчына” — філіял Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Тут знаходзяцца рэканструяваныя зямлянкі, будынкі падпольных абкамаў КПБ і ЛКСМБ, штаб партызанскага злучэння і рэдакцыі абласной газеты “Заря”. Базіраваліся яны тут у 1943—1944 гадах. Унутры будынкаў — экспазіцыі, якія перадаюць атмасферу ваеннага часу. Напрыклад, у будынку партызанскай санчасці фотаздымкі і ўспаміны партызанскіх медсясцёр, медыцынскія інструменты 40-х гадоў. Можна ўбачыць, у якіх умовах аказвалася медыцынская дапамога параненым байцам.
Адметнасцю мемарыяльнага комплексу з’яўляецца імправізаваная лясная школа з партамі і дошкай. Праўда, замест прывычных для нас сцен і столі — магутныя дрэвы і блакітнае неба ў аблоках. Падчас экскурсій для сучасных школьнікаў тут праводзяцца заняткі, на якіх расказваецца пра гісторыю партызанскага руху, таксама дзеці дзеляцца лёсам сваіх продкаў у гады вайны.
— Мы часта прыязджаем сюды на экскурсіі, асабліва падчас канікул. Наведванне мемарыяльнага комплексу з’яўляецца важным элементам патрыятычнага выхавання моладзі, — адзначыў Андрэй Андрэевіч Міцкевіч.
— Любім наведвацца на Хаваншчыну і проста сям’ёй, у выхадны дзень, — дадала Іна Вільгельмаўна.
Месца памяці
Чыстае паветра, напоўненае водарам елак, сосен, бяроз… Звонкае шчабятанне птушак… Навокал густы лес, балота… Тут добра разумееш, у якіх складаных умовах жылі, ваявалі партызаны, як няпроста было хавацца ад карнікаў простым сялянам. Хаваншчына — месца партызанскай славы, месца нашай памяці і гонару.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара