У маі ў расійскім Бранску пабывала дэлегацыя 75-й гомельскай школы на чале з дырэктарам Марынай Чарненка. Гасцей сустрэлі педагогі ў Цэнтры адукацыі «Перспектива» (школа № 71). Гэта быў візіт у адказ беларускіх настаўнікаў, якія раней прымалі ў сябе калег з Расіі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
На сяброўскую сустрэчу таксама запрасілі актывістаў Бранскай абласной грамадскай арганізацыі «Беларускае зямляцтва на Браншчыне». Дырэктар 71-й школы Іван Піхенька і начальнік упраўлення адукацыі Бранска Іван Патвораў знаёмілі беларускіх калег з новай школай, адкрытай да таго ж у новым мікрараёне абласнога цэнтра. Дарэчы, СШ № 75 у гомельскім мікрараёне Хутар Навабеліцкага раёна таксама новенькая. Уражвае ўсіх архітэктурай і інфраструктурай. Пра тое, як хутка яна будавалася (за паўгода!) і якім урачыстым было адкрыццё на пачатку верасня 2021-га, мы пісалі. Ну а бранскія педагогі паказалі беларускім калегам сваю школу ва ўсёй прыгажосці. Там ёсць прасторная бібліятэка, выдатна абсталяваныя кабінеты, створаны Музей расійска-беларускага сяброўства.
Падчас візіту кіраўнік Беларускага зямляцтва на Браншчыне Мікалай Голасаў падпісаў з кіраўніцтвам 71-й школы пагадненне аб супрацоўніцтве, якое замацавала іх ранейшыя ўзаемаадносіны. Справа ў тым, што родавыя карані Мікалая Іванавіча — на Гомельшчыне: у вёсцы Хамінка ў Лоеўскім раёне. Ён мае шмат цікавых матэрыялаў, якія сведчаць пра даўнія традыцыі моцнага сяброўства беларусаў і расіян, перадаў для школьнага музея шэраг экспанатаў са збору грамадскай суполкі. Прычым і пасля падпісання пагаднення М. Голасаў падарыў дырэктару школы Івану Піхеньку каштоўнае выданне — 10-томны збор твораў Канстанціна Сіманава, выказаўшы спадзяванне, што яны будуць «экспанатамі, запатрабаванымі чытачамі». Як вядома, знакаміты аўтар апісаў гераічныя і ў той жа час трагічныя падзеі пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі. Уражаны да глыбіні душы тым, як пад Магілёвам змагаліся з ворагам савецкія воіны, К. Сіманаў пакінуў завяшчанне: развеяць пасля смерці яго прах над палітым крывёю герояў Буйніцкім полем. Там цяпер створаны музей пад адкрытым небам, які Мікалай Іванавіч параіў бранскім школьнікам і педагогам абавязкова наведаць.
На сустрэчы вялася размова пра паглыбленне беларуска-расійскіх кантактаў на ўзроўні школ, пра развіццё школьнай дыпламатыі, чаму спрыяе і Год міру і стварэння, аб’яўлены ў нашай краіне. Беларускае зямляцтва на Браншчыне таксама працуе на тое, каб пашыраліся дружалюбныя кантакты паміж беларускай і расійскай моладдзю, каб належным чынам ішло патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Напрыканцы афіцыйнай часткі візіту бранскія гаспадары і беларускія госці пасадзілі перад уваходам у школу дрэва Дружбы.
Іван ЖДАНОВІЧ