У Мінску на пляцоўцы Футбольнага манежа, дзе праходзіць Рэспубліканскі чэмпіянат прафесійнага майстэрства, была рэалізавана разнастайная дзелавая праграма, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў кіравання айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі, кіраўнікі навучальных устаноў, заказчыкі кадраў, калегі з Расіі і Казахстана, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Удзел у дыялогавых пляцоўках дае магчымасць атрымаць новы імпульс да развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі, вывучыць вопыт падрыхтоўкі кадраў нашых калег, вызначыць новыя напрамкі для забеспячэння якасці адукацыі, знайсці цікавыя рашэнні ў зместавым напаўненні адукацыйных праграм, — адзначыў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.
У дзелавую праграму сёлетняга чэмпіяната былі ўключаны некалькі дыялогавых пляцовак па рознай тэматыцы. Былі абмеркаваны новыя падыходы ва ўзаемадзеянні заказчыкаў кадраў з установамі прафесійнай адукацыі. У гутарцы прымалі ўдзел супрацоўнікі кіруючых структур нашай краіны, прадстаўнікі навучальных устаноў, а таксама інстытутаў развіцця адукацыі Расіі, вытворцы карпарацыі «Расатам». Менавіта гэтая арганізацыя забяспечвае пляцоўку кампетэнцыі па электрамантажных работах на чэмпіянатах прафесійнага майстэрства і ў цэлым мае шырокі вопыт супрацоўніцтва з адукацыйнай галіной.
Яшчэ адна дыялогавая пляцоўка дзелавой праграмы звязана з укараненнем новых тэхналогій ў сістэму прафесійнай адукацыі. Тэму лічбавізацыі прафесійнай адукацыі абмяркоўвалі прадстаўнікі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, які з’яўляецца распрацоўшчыкам рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса, таксама ўдзельнічалі іншыя арганізацыі. Прадстаўнікі ўстаноў адукацыі расказалі пра ўкараненне дыстанцыйнай формы навучання і яе перавагі. Інстытут інфармацыйных тэхналогій БДУІР прадставіў праграму навучання школьнікаў у рамках працоўнага навучання па новай прафесіі «Наладчык праграмнага і апаратнага забеспячэння» ў дыстанцыйным фармаце. Ужо праведзены зрэз гэтай работы і атрыманы станоўчыя вынікі. Расійскія калегі падзяліліся сваімі здабыткамі ў праекце «Лічбавы метадыст».
У рамках дзелавой праграмы чэмпіянату прайшло пасяджэнне рабочай групы Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Галоўная тэма размовы — распрацоўка праекта Канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі краін СНД.
На дыялогавых пляцоўках таксама разглядаліся адукацыйныя і выхаваўчыя тэхналогіі ў сістэме прафесійнай адукацыі, новыя формы прафарыентацыйнай работы.
Дарэчы, чэмпіянат наведалі тысячы школьнікаў сталічных і рэгіянальных устаноў адукацыі. У фармаце анлайн назіралі за спаборніцтвамі каля 30 устаноў адукацыі і арганізацый Расіі і Казахстана і 40 — з Беларусі. Па выніках дзелавой праграмы былі падпісаны адпаведныя дамоўленасці.
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта РІПА