У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся круглы стол “Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню”. На мерапрыемства былі запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фешчанка, былы малалетні вязень Васіль Сычык, ветэран працы Раман Карсека, ветэран прафсаюзнага руху Ніна Еўтух, першы лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кіраўнік савета ветэранаў НАН Мікалай Паўлюкевіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Спікерамі выступілі старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч, старшыня Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі і кандыдат гістарычных навук БДУ Іван Янушэвіч.
— Дзякуючы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і даследаванням вучоных, у тым ліку ўстаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, мы сёння гаворым пра генацыд беларускага народа. Прыязджаючы ў Хатынь, мы не саромеемся гаварыць пра тых, хто спаліў гэтую вёску. Вядома ж, мы павінны разумець, што ў краіны, якая не памятае мінулага, не будзе будучыні. Мы шмат гадоў жывём у незалежнай суверэннай дзяржаве, і сённяшняя сустрэча невыпадковая. У нас застаецца няшмат часу, каб пачуць праўду з вуснаў нашых ветэранаў, — выступіла старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.
Выступоўцы вялі дыялог з прафсаюзнымі актывістамі ўстаноў вышэйшай адукацыі Мінска.
— Такія сустрэчы натхняюць мяне. Я атрымліваю прыток духоўнасці ад таго, што наступнае пакаленне памятае, што мы перажылі і якія ахвяры панеслі. Я абавязаны расказаць пра тыя падзеі маладым людзям, каб перасцерагчы іх і каб яны ведалі, як трэба змагацца за мір, жыццё і дабрабыт. Цяпер я добра ўяўляю, што такое сапраўднае шчасце, — гэта калі можна спакойна жыць, — звярнуўся да студэнтаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фешчанка.
За круглым сталом узнімалася тэма захавання гістарычнай памяці як асновы для патрыятычнага выхавання і многія іншыя.
— Гэтыя сустрэчы патрэбны для таго, каб вы не забывалі пра той страшны час. Наша пакаленне засталося без бацькоў — амаль усе яны загінулі на фронце. Нам даводзілася ўжо з 6 класа выходзіць на работу ў калгас і зарабляць першыя грошы, каб пракарміць сям’ю. Цяпер маладое пакаленне больш складана далучыць да працы. А праца дапамагае пераадольваць многія нягоды, — адзначыў кіраўнік савета ветэранаў НАН Мікалай Паўлюкевіч.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара