Больш як 40 тыс. чалавек сталі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю «Вытокі. Крок да Алiмпу» ў Жлобіне

- 10:31Новости

Каб фестываль рухаўся наперад, трэба прапанаваць гасцям новае, адзначыў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка на фестывалі “Вытокi. Крок да Алімпу”, які прайшоў у Жлобіне. Новае сапраўды з’явілася. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юныя бегуны далі запал фестывалю

Упершыню тут быў арганізаваны алімпійскі забег з удзелам 500 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 8 да 9 гадоў. Старт юным бегунам даў сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Мюнхене па лёгкай атлетыцы выхадзец са Жлобіна Уладзімір Лавецкі. Забег юных аматараў бегу задаў тон агульнай атмасферы свята. Пераможцаў і пераможаных не было, але эмоцыі ўдзельнікаў міні-марафону захапілі ўсіх прысутных. Як расказаў начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Салаўёў, напярэдадні прахо­дзіў вельмі сур’ёзны адбор гэтых дзяцей па стане здароўя.

— У рамках шостага школьнага дня класныя кіраўнікі і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя арганізавана прывялі на фестываль каля васьмі тысяч жлобінскіх школьнікаў, каб яны весела і з карысцю правялі час, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Таксама нашым аддзелам адукацыі быў арганізаваны падвоз сельскіх дзяцей з вёсак Жлобінскага раёна на фестываль “Вытокі”. Такім чынам прывезлі яшчэ тысячу навучэнцаў. Для гэтага на працягу дня курсіравала 12 аўтобусаў, кожны з якіх зрабіў па тры рэйсы. Яшчэ тысячу даставілі з трох самых блізкіх да нас раёнаў: Светлагорскага, Рагачоўскага, Буда-Кашалёўскага.

Успомнілі маладосць

Поруч з ужо традыцыйнымі на фестывалі “Вытокі” ў Жлобіне з’явілася некалькі новых актыўнасцей. Напрыклад, лакацыя “Гульні нашага двара” ў многіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення выклікала настальгію. Арганізатары прапанавалі прайсці пяць этапаў квеста звычайнага савецкага дзіцяці: рызінку, класікі, стральбу з рагаткі і іншыя. Сувеніры сталі прыемным бонусам да ўспамінаў. Гэтыя зоны асабліва прыцягвалі сем’і з дзецьмі.

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Юрый Карнілаў расказаў, што на адной з пляцовак фестывалю прайшоў фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта “Вытокі-квіз”.

— З усіх рэгіёнаў Гомельскай вобласці сюды прыехалі 20 каманд, — адзначыў Юрый Рыгоравіч. — Гэта 100 дзяцей, якія ўдзельнічалі ў сапраўдным мазгавым штурме. Пытанні былі прысвечаны алімпійскай спартыўнай тэматыцы. Абласны пераможца, а гэта каманда гомельскай сярэдняй школы № 50, у верасні паедзе на рэспубліку.

— Фестываль “Вытокі”, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, — закліканы папулярызаваць менавіта масавы спорт і здароўе нацыі. Яго галоўная задача — як мага больш маладых людзей прыцягнуць у спартыўна-масавыя мерапрыемствы. І гэта цалкам атрымалася.

AirPods у падарунак за ўпартасць

Пляцоўка ля жлобінскага ДК металургаў ператварылася ў фестывальную. Дзеці ва ўзросце да 14 гадоў выпрабоўвалі свае сілы. Спартыўныя зоны былі арганізаваны па 25 відах. Тут былі прадстаўлены барацьба грэка-рымская, бокс, біятлон, веласпорт, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, кулявая стральба, дзюдо, цяжкая атлетыка, настольны тэніс, конны спорт, кэндо, каратэ, хакей з шайбай, пажарна-выратавальны спорт, стральба з лука, тэніс, гандбол, веславанне на байдарках і каноэ, міні-гольф, турнір па брэйк-дансе і іншыя. Пасля праходжання заданняў на ўсіх спартыўных лакацыях упартыя атрымлівалі запаветны прыз. Сёлета гэта былі бесправодныя навушнікі.

 

Між тым многія з удзельнікаў, якія прайшлі ўсе актыўнасці, атрымлівалі не толькі каштоўныя прызы, але і жаданне далей паспрабаваць сябе у якім-не­будзь з відаў спорту — ужо ў канкрэтнай секцыі. Тым часам трэнеры таксама звярталі асаблівую ўвагу на тых дзяцей, якія падыходзілі ім па фізічных ці валявых якасцях. Дарэчы, да рэкламавання розных відаў спорту актыўна прыцягнулі не толькі педагогаў спартыўных школ рэгіёна, але і выхаванцаў. Менавіта яны дэманстравалі прыгажосць і пластыку, сілу і спрыт.

Нацыянальны каларыт

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі Антон Марозаў звярнуў увагу на пляцоўку, дзе размясціліся пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Капітал месца”:

— Ва ўстановах адукацыі краіны праводзіцца гэты рэспуб­ліканскі конкурс, і тут у нас пераможцы абласнога этапу, якія прэзентавалі брэнды Гомельшчыны. Меркулавіцкая сярэдняя школа Чачэрскага раёна прадстаўляе абрад “Ваджэнне куста”. Калінкавіцкі цэнтр творчасці — нацыянальнае адзенне — калінкавіцкі строй. Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна — гастранамічны сімвал “Верашчака па-махнавіцку”.

Дарэчы, мясную страву не толькі паказваў, але і прапанаваў прадэгуставаць настаўнік гісторыі з Махнавіцкай сярэдняй школы Віталь Рудак разам з калегамі і вучнямі:

— Наша “Верашчака па-махнавіцку” — гэта варыянт вядомай стравы, які мы гатуем у сваёй вёсцы. Яе асаблівасць — выкарыстанне трох відаў мяса. А яшчэ падкалота да стравы робіцца абавязкова з грачанай мукі і квасу.

На бульвары Металургаў упершыню была арганізавана зона сумеснай творчасці прафесійных мастакоў і аматараў мастацтва. Праект “Гуляйце з намі — малюйце самі” стаў адной з навінак фестывалю.

Час дзяліцца вопытам

У фармаце круглага стала ў рамках фестывалю “Вытокі” прайшоў семінар “Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння” з удзелам спецыя­лістаў Беларускай алімпійскай акадэміі, Вышэйшай школы трэнераў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спецыялістаў спартыўных арганізацый Гомельскай вобласці. У жлобінскай гімназіі № 1 Беларуская алімпійская акадэмія арганізавала семінар-практыкум для ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Падчас яго правядзення ўдзельнікі азнаёміліся з алімпійскімі каштоўнасцямі і дасягненнямі беларускіх атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя.

Вось ужо тры гады запар Жлобінскі раён уваходзіць у тройку лідараў Рэспубліканскага конкурсу на лепшую фізкультурна-­аздараўленчую і спартыўна-масавую работу. Фізкультурай і спортам займаецца кожны чацвёрты жыхар раёна. Спартыўная інфраструктура Жлобіна дазваляе па праве зваць горад сталіцай хакея Гомельшчыны. У райцэнтры гэты від спорту актыўна культывуецца, у яго ўцягнуты сотні дзяцей. А мясцовая каманда “Металург” ужо другі сезон запар становіцца чэмпіёнам краіны.

— Жлобін па спорце — гэта горад нумар два пасля абласнога цэнтра, — расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі. — Ён валодае самай вялікай і развітой спартыўнай інфраструктурай. Таму сёння ў горада і раёна ёсць вялікі патэнцыял.

Развіваюць у Жлобінскім раёне розныя віды спорту. Стаўку робяць на тыя, дзе ўжо ёсць канкрэтныя вынікі: гэта плаванне, лёгкая атлетыка, грэка-рымская барацьба. Між тым госці фестывалю “Вытокi” пераканаліся: перспектывы ў мясцовых юніёраў ёсць і ў веславанні, і ў валейболе, і ў футболе. Займацца сюды едуць і з суседніх раёнаў вобласці.

— Нароўні з ультрасучаснымі комплексамі ў Жлобіне ёсць правераныя часам пляцоўкі. І ўсюды займаюцца дзеці. Гэта галоўнае, — адзначыў Віктар Лукашэнка падчас наведвання спартыўных аб’ектаў райцэнтра.

Баранавічы, прымайце эстафету!

Па ўжо добрай традыцыі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўручыў гораду, які прымае спартыўнае свята, сертыфікат на 100 тысяч рублёў для развіцця спартыўнай інфраструктуры.

Больш як 40 тысяч чалавек сталі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю “Вытокі. Крок да Алiмпу” ў Жлобіне. Горад металургаў перадаў эстафету Баранавічам, дзе сустрэнуць фестываль 2—3 чэрвеня. Пасля ён пройдзе ў Слоніме (16—17 чэрвеня), Глыбокім (23—24 чэрвеня), Касцюковічах (18—19 жніўня) і Барысаве (25—26 жніўня).

 Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара