Давайце на хвіліну перанясёмся ў свае школьныя гады. Успомніце, хто з настаўнікаў аказаў найбольшы ўплыў на ваша маральнае станаўленне? А якія ўрокі вы запомнілі на ўсё жыццё?
…Мне ўспамінаецца мая любімая настаўніца рускай мовы і літаратуры Нона Аляксандраўна і наш спантанны школьны тэатр. Калі меж заняткаў у 45 мінут не хапала на пражыванне пачуццяў ад сутыкнення з шэдэўрамі класікі, эмоцыі з урокаў пераносіліся на школьную сцэну. Асобаснае стаўленне настаўніцы да твораў, герояў, шчырыя адносіны да вучняў у спалучэнні з віртуозным валоданнем методыкай навучання выхоўвалі лепш, чым прамыя натацыі…
Актуальнай тэме рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў і прысвечаны наш штомесячны тэматычны праект “Педагагічная асамблея”. Настаўнікі знойдуць у ім метадычную шпаргалку: семінар-практыкум “Прыёмы канструявання выхаваўчых задач вучэбных заняткаў”, урок па падрыхтоўцы да сачынення на маральна-этычную тэму, апісанне метадаў і прыёмаў нефармальнага дасягнення выхаваўчых мэт у вучэбным працэсе і многае іншае. Таму, паважаныя сябры, далучайцеся да прафесійнай размовы.
Яркую палітру школьнага жыцця прадстаўляюць у нашым пастаянным праекце “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” настаўнікі гімназіі № 2 Брэста. У гэтай установе адукацыі падзеі мінулага дзеці вывучаюць па артэфактах, на ўроках замежнай мовы прыдумваюць цікавыя гісторыі, часам фантастычныя або дэтэктыўныя, а настаўнік матэматыкі ў якасці нагляднага матэрыялу можа прапанаваць сваім вучням… торт. Так, самы звычайны торт! Толькі створаны ён з розных геаметрычных фігур: цыліндраў, конусаў, шароў. Задача простая: неабходна вылічыць яго аб’ём. Пагадзіцеся, кожнаму цікава знайсці правільны адказ. А калі дзеці вучацца з цікавасцю, то будуць і вынікі. І гэта не толькі выдатныя адзнакі ў дзённіках, але і шматлікія перамогі ў разнастайных інтэлектуальных і творчых конкурсах, алімпіядах, у тым ліку на міжнародным узроўні. Гімназія № 2 Брэста актыўна супрацоўнічае з установамі вышэйшай адукацыі, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, удзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, абласнога праекта “Зялёныя школы”, вядзе разнапланавую работу ў якасці Школы міру. Навучэнцы маюць магчымасць развіваць свае здольнасці ў профільным лагеры “Эрудыт”, навуковым таварыстве “Юны даследчык”, інтэлектуальна-творчым аб’яднанні “Адысея розуму”, у тэатральнай студыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму і грамадзянскаму выхаванню гімназістаў. Вопыт сваёй работы настаўнікі прадстаўляюць на старонках нашага часопіса.
Спытайцеся ў бацькоў, каму з іх невядома сітуацыя, калі сына ці дачку не прымусіць сесці за ўрокі. “Я яшчэ не адпачыў!” — гаворыць дзіця. І гэтак дзень пры дні. Праблеме арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў прысвечаны чарговы выпуск праекта “Бацькоўскі сход”. “Сёння і настаўнікі, і бацькі нярэдка сутыкаюцца з тым, што дзеці выбіраюць шкодныя для фізічнага, інтэлектуальнага і псіхалагічнага здароўя формы правядзення вольнага часу. Між тым выбар гэты сведчыць аб ступені інтэграцыі дзяцей у соцыуме, асобаснай самарэалізацыі і самаразвіцці”, — сцвярджае аўтар артыкула “Арганізацыя вольнага часу падлеткаў: рэкамендацыі псіхолага” С.А.Месніковіч і разам з іншымі аўтарамі праекта прапануе слушныя рэкамендацыі па яго арганізацыі.
…Зусім хутка празвініць апошні званок і сённяшнія школьнікі ўступяць у “даросласць”. Вельмі хочацца спадзявацца, што яны атрымалі ў спадчыну ад сваіх настаўнікаў не толькі добрыя веды, але і маральныя арыенціры, якія стануць для іх маяком на ўсё жыццё.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар