“Маладая і энергічная, актыўная і мэтанакіраваная, паспяховая і крэатыўная”, — так характарызуюць калегі, навучэнцы і іх бацькі настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска пераможцу абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Замежныя мовы” Ксенію Арцюх. Пра ўдзел у конкурсе, любімую работу, матывацыю да вывучэння англійскай мовы ў дзяцей карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з педагогам.
— Доўга не магла ўявіць, кім хачу стаць у будучыні, якая спецыяльнасць прыцягвае, чаго мне наогул хочацца дасягнуць у гэтым жыцці, — расказвае настаўніца. — Але мама Галіна Віктараўна, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў, прывіла мне цікавасць да педагогікі, якую я палюбіла ўсім сэрцам. Пасля заканчэння школы паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, з 2015 года працую ў 7-й школе Ваўкавыска і ні разу не засумнявалася ў сваім прафесійным выбары. Мой жыццёвы дэвіз — “Маленькімі крокамі мы дасягаем вялікіх вынікаў!”.
Я ўдзячна лёсу, што звязаў мяне з гэтай работай. Лічу, што трапіла ў самы згуртаваны і дружны калектыў. Мне падабаецца наша школа. І калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці, старэйшыя калегі дапамагаюць і падтрымліваюць, дзеляцца сваімі ведамі і даюць каштоўныя парады.
— Ксенія Георгіеўна, а што прыцягвае ў рабоце са школьнікамі? Якімі прынцыпамі вы кіруецеся ў сваёй дзейнасці?
— Чалавек, які вучыць і дае веды, знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з дзецьмі. Мне падабаецца адкрываць для навучэнцаў нешта новае і карыснае. Таму галоўнымі прынцыпамі лічу: “умей зацікавіць” і “ўмей сам быць цікавым для вучняў”. А для гэтага проста неабходна пастаянна самаўдасканальвацца, імкнуцца быць у курсе ўсяго новага, бо работа з падрастаючым пакаленнем для педагога — сур’ёзная адказнасць. Вучу сваіх выхаванцаў не баяцца памыляцца, умець і хацець выказваць сваё меркаванне, дзяліцца перажываннямі, гэта значыць, быць адкрытымі для ўзаемадзеяння з навакольнымі людзьмі.
— Як павышаеце цікавасць у дзяцей да вывучэння мовы?
— Вывучэнне замежнай мовы — складаны і карпатлівы шлях. Тут важна не спужаць, а кожны дзень нага ў нагу разам з навучэнцамі яго праходзіць. У маёй скарбонцы дастатковая колькасць сертыфікатаў з пройдзеных курсаў павышэння кваліфікацыі, розных семінараў. Мы не стаім на месцы, разам з калегамі распрацоўваем розныя вучэбныя дапаможнікі, трэнажоры для падрыхтоўкі да алімпіяд. Разам з навучэнцамі расту і я. Вядома, за гады работы ў мяне сфарміраваліся свае прыёмы і метады навучання.
На ўроках актыўна выкарыстоўваюцца нагляднасць, вучэбныя відэаматэрыялы. На павышэнне ўважлівасці і ўспрымальнасці школьнікаў накіраваны гульнявыя формы работы, інтэрактыўныя метады навучання, якія дазваляюць уцягнуць усіх навучэнцаў у працэс пазнання, прадастаўляюць магчымасць практыкаваць на вучэбных занятках навыкі супрацоўніцтва, міжасобасных зносін. На актыўнасць і самастойнасць мыслення навучэнцаў накіраваны стварэнне праблемных сітуацый, арганізацыя даследчай работы, праектная дзейнасць. Стварэнню спрыяльнага псіхалагічнага клімату на ўроках садзейнічае гумар.
Ксенія Арцюх пастаянна ўдасканальвае сваё педагагічнае майстэрства, развіваецца прафесійна. У яе скарбонцы вялікая колькасць сертыфікатаў па выніках курсаў павышэння кваліфікацыі, анлайн-семінараў, курсаў на платформе Maximus і іншых адукацыйных праграм. А вучні настаўніцы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных алімпіяд па замежнай мове, TED-канферэнцый.
— Назавіце некалькі прыёмаў, якія вы лічыце найбольш эфектыўнымі і выкарыстоўваеце ў сваёй рабоце.
— Падчас падрыхтоўкі да конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года” вывучыла шмат сучасных методык, тэхналогій. Усе яны вельмі цікавыя, але прадукцыйнымі для сваіх урокаў як настаўніца англійскай мовы лічу прыёмы візуалізацыі. Інтэлект-карты, скетчынг, скрайбінг, лэпбук дапамагаюць сістэматызаваць моўны матэрыял, крытычна ўспрымаць інфармацыю, развіваць спантанную гаворку. Да таго ж мы маем справу з пакаленнем візуалаў, таму гэтыя прыёмы дапамагаюць задзейнічаць усе спосабы ўспрымання вучэбнага матэрыялу.
Сёння як ніколі актуальна пытанне стварэння графічных прэзентацый, якія дазваляюць вучням успрымаць і засвойваць інфармацыю больш эфектыўна. З мэтай удасканалення навыкаў маўлення ў 6 класе па тэме “Мой дзень” была складзена скрайбінг-прэзентацыя, дзе навучэнцы адлюстравалі свой дзень. Вынікам іх дзейнасці стала вуснае выказванне па гэтым пытанні, што садзейнічала актывізацыі лексічных навыкаў. Маўленчыя клішэ дапамагалі правільна фармуляваць выказванні, што рабіла выступленне лагічным і завершаным. Прыём “Лэпбукінг” можа быць індывідуальным або групавым, калектыўным. Акрамя гэтага, лэпбук можа быць прадуктам праектнай дзейнасці або дапаможнікам для стварэння праекта. На этапе актывізацыі навыкаў маўлення ў 5 класе па тэме “Святы” навучэнцы стваралі свой лэпбук, у якім была сабрана інфармацыя пра брытанскія святы і традыцыі. Гэта дазволіла стварыць умовы для ўжывання лексічнага матэрыялу ў вусным маўленні. Такі лэпбук навучэнцы могуць выкарыстоўваць на наступных уроках англійскай мовы пры маналагічным выказванні.
— На ваш погляд, у чым перадумова паспяховага ўрока?
— У маім выпадку гэта калі дзеці гавораць на англійскай мове. Бо найбольшае задавальненне настаўніку дае пісьменная, багатая гаворка на замежнай мове.
Для мяне паспяховы ўрок — гэта… Урок, які цікавы вучням. Урок, на якім яны атрымліваюць задавальненне ад заняткаў, адчуваюць радасныя эмоцыі. Урок, дзе яны ўсведамляюць неабходнасць атрыманых ведаў. Урок, які выхоўвае паважлівае стаўленне не толькі да англійскай мовы, але і да свайго класа, школы, горада, краіны.
— Ксенія Георгіеўна, вы сталі пераможцай абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года”. Якія выпрабаванні здаліся найбольш складанымі? Ці атрымаўся ўрок?
— Удзел у конкурсе даў магчымасць раскрыць сябе ў сферы выкладання, паверыць у свае сілы. Конкурс — выдатная пляцоўка для абмену вопытам, магчымасць прадэманстраваць свае педагагічныя навыкі. “Настаўнік года” — гэта рух, рух наперад у напрамку прафесійнага росту. Гэта свайго роду педагагічная майстэрня. Любы конкурс — гэта не толькі яркія ўражанні, але і каласальная работа. Работа каманды аднадумцаў, улюбёных у сваю прафесію. Асаблівыя словы падзякі — маёй камандзе: Тамары Сяргееўне Толсцік, Алене Аляксандраўне Дубанос, Алене Пятроўне Кароль, Наталлі Феліксаўне Бісюковай, бо за кожным удзельнікам стаіць цэлы калектыў аднадумцаў, любыя праблемы і важныя задачы вырашаюцца разам.
Усе этапы конкурсу патрабуюць велізарнай падрыхтоўкі. Урокі былі ў 5 і 10 класах. Гэта быў выдатны шанс паказаць эфектыўныя прыёмы навучання, якія я прымяняю ў сваёй дзейнасці. Дарэчы, я прадстаўляла вопыт па тэме “Выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках замежнай мовы з мэтай развіцця пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў”. Урокі ў незнаёмых класах прайшлі добра, хоць і хвалююча. Я атрымала эмацыянальны водгук, станоўчую зваротную сувязь і словы падзякі. Упэўнена, што наперадзе ў мяне шмат новых адкрыццяў, ідэй, здзяйсненняў, сустрэч з цікавымі людзьмі.
— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі на будучыню.
— Усе мае планы звязаны з работай у школе. Бачу побач з сабой сваіх вучняў, калег. Прымаць удзел у конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года” вельмі ганарова, але ў той жа час і адказна, а быць першай — адказна ўдвая. У найбліжэйшых планах — удасканальваць свае веды па англійскай мове, методыцы выкладання. І, вядома ж, прыняць удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу. Паспрабую выступіць годна, бо мае вынікі — гэта вынікі маёй школы і метадычнага кабінета.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара