Каля 200 падлеткаў у складзе 20 каманд з усіх рэгіёнаў Брэстчыны сталі ўдзельнікамі абласной ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Спаборніцтва на працягу двух дзён праходзіла ў фармаце збораў на палігоне «Брэсцкі».
Удзельнікі гульні прэзентавалі візітоўкі, разбівалі бівакі, дэманстравалі дакладнасць і зладжанасць дзеянняў у аглядзе строю і песні, спрытнасць і меткасць у конкурсах «Мужнасць! Адвага! Гонар!» і «Снайпер», майстэрства ў зборцы-разборцы аўтамата, эрудыцыю і здагадлівасць у інтэлектуальным квізе «Памятаем пра мінулае, ганарымся сучаснасцю, думаем пра будучыню», фізічную падрыхтоўку ў ваенізаванай эстафеце, падцягванні на перакладзіне і кросе. Гэта дазволіла акунуцца ў армейскае жыццё, прымяніць набытыя ўменні і навыкі на вучэбнай практыцы і адчуць сябе абаронцамі Айчыны.
Падчас мерапрыемства падлеткі знаёміліся з сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем арміі, салдацкім побытам, сустракаліся з ваеннаслужачымі і афіцэрамі.
Па выніках усіх выпрабаванняў пераможцай сёлетняй гульні «Арляня» стала каманда «Патрыёт» з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ