Мікалай Гарадкавец — пра вынікі навучальнага года для Лунінеччыны

- 10:15Планерка

Сёння на суботнюю планёрку карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала на Лунінеччыну. Першыя вынікі сваёй працы і навучальнага года для ўстаноў адукацыі раёна падводзіць Мікалай Гарадкавец, які на пасадзе начальніка аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама ўсяго некалькі месяцаў.

— Мікалай Яфімавіч, канчаецца чарговы навучальны год. Чым быў адметны ён для вас як начальніка аддзела адукацыі і для ўстаноў адукацыі вашага раёна? Чым вы асабліва ганарыцеся?

— У першую чаргу хачу адзначыць нашы поспехі ў алімпіядным руху. У гэтым го­дзе, як і на працягу многіх гадоў, на трэцім этапе алімпіяды наш раён зноў вытрымаў сваю марку і заняў 1-е месца сярод сельскіх раёнаў вобласці па колькасці дыпломаў — 26 дыпломаў. Гэта і працоўнае навучанне, і матэматыка, і інфарматыка, і фізіка, і руская мова, і інш.

Радасна, што сёлета ў нас 4 дыпломы на заключным этапе, адзін з іх — па працоўным навучанні. Доўга наш Сяргей Аляксандравіч Карпец ішоў да гэтай перамогі — толькі з чац­вёртай спробы яна яму паддалася. Мне асабліва прыемна, бо гэты педагог — з маёй роднай сярэдняй школы № 2 Лунінца, якой я кіраваў яшчэ з паўгода назад. Акрамя таго, радасна, што па рэйтынгу, які складаецца ў вобласці па выніках каляндарнага года, упершыню ў прызёрах нашы ўстановы, прычым адразу дзве — Багданаўская сярэдняя школа Лунінецкага раёна (2-е месца) і Палескі дзіцячы сад (3-е месца).

Хочацца адзначыць і нашы навукова-даследчыя работы на самых розных этапах, у тым ліку на міжнародным узроўні. Яны ў асноўным па экалагічным кірунку. Так, нядаўна навучэнка гімназіі Лунінца Валерыя Латышэвіч у Турцыі атрымала залаты медаль. Цяпер мы падалі дакументы на яе заахвочванне прэміяй з фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі. Гэту ж прэмію атрымаюць і нашы алімпіяднікі — пераможцы заключнага этапу (зрэшты, гэта ўжо стала для нас штогадовай традыцыяй).

Сярод іншых знакавых падзей, але ўжо ў матэрыяльным плане — рэканструкцыя былога будынка інтэрната пад вучэбны корпус гімназіі Лунінца. Затрачаная сума ў 3,5 млн рублёў дазволіла стварыць для навучэнцаў установы выдатныя ўмовы.

У гэтым годзе пры падтрымцы губернатара вобласці мы пачалі карэкцыю праектна-каштарыснай дакументацыі па правядзенні рэканструкцыі сярэдняй школы № 1 Лунінца. Такая неабходнасць наспела даўно, бо школа размешчана ў розных будынках, нават харчавацца дзеці ходзяць у іншы будынак. Пасля рэканструкцыі гэта будзе сучасная школа на 660 месцаў, і яна выра­шыць адразу дзве вялікія праблемы — перагрузкі іншых устаноў адукацыі горада і праблемы самой 1-й школы.

— Раскажыце, калі ласка, як у вас наладжана выхаваўчая работа.

— Што да выхаваўчай работы, то калектыў кожнай нашай установы адукацыі праводзіць у гэтым кірунку вялікую работу, прычым абавязкова наладжваючы пры гэтым сувязі з сем’ямі навучэнцаў. Як вынік такога ўзаемадзеяння ў нас невысокі ўзровень правапарушэнняў, і кожны год ён зніжаецца. Толькі агульнымі намаганнямі можна вырашыць праблему ў гэтым кірунку.

Шмат гадоў у нас кожная ўстанова адукацыі мае сваю адметнасць. За гэтым хаваецца пэўны кірунак работы: развіваем інавацыйную, эксперыментальную дзейнасць. Ужо другі год сумесна з Федэрацыяй хакея Беларусі рэалі­зоўваем эксперыментальную праграму “Хакей ідзе да дзяцей” — у нас цудоўная лядовая арэна, і па ініцыятыве федэрацыі ў мінулым го­дзе для навучэнцаў 1-х, а ў гэтым — 1-х і 2-х класаў праводзяцца заняткі на лядовай арэне. Пакуль мы стараемся паставіць дзяцей на канькі, а пасля заканчэння 3-гадовай праграмы навучання ўсе яны будуць вырашаць, ці працягваць займацца спортам, і калі так, то хакеем ці фігурным катаннем.

— Як у вас складваецца сітуацыя с прафарыентацыяй сярод школьнікаў, атрыманнем адукацыі выпускнікамі і замацаваннем маладых спецыялістаў на месцах?

— Кожны год у нас павялічваецца працэнт паступлення ва УВА — тут дае вынік і тое, што кожны год у нас каля 20 медалістаў, асабліва ў гімназіі. Але ў той жа час мы не забываем і пра заказ на спецыялістаў па рабочых спе­цыяльнасцях, імкнучыся каля трэці выпускнікоў 9 класаў арыентаваць на атрыманне рабочых прафесій. Не сакрэт — у нас ёсць дэфіцыт у кадрах. І тут мы супрацоўнічаем з усімі ўстановамі адукацыі. Асаб­ліва цесна ў плане прафарыентацыі супрацоўнічаем з нашымі каледжамі — аграрным і політэхнічным, бо з’яўляемся асноўнымі пастаўшчыкамі іх навучэнцаў.

Сёлета мы ўпершыню правялі “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі”. Зразумела, што гэта палёгка для нашых выпускнікоў, і вельмі прыемна, што на гэта актыўна адгукнуліся прадпрыемствы — заказчыкі кадраў. Іх зацікавіла такая падзея, яны шырока прадставілі на нашым кірмашы работу сваіх прадпрыемстваў.

Што да замацавання маладых спецыялістаў на месцах, то не магу сказаць, што ў нас бліскучыя поспехі, але мы ў гэтым кірунку працуем. Апошнія гады замацоўваецца крыху больш за 60% спецыялістаў. Пахваліцца вялікімі бонусамі, якія мы можам даць нашым маладым педагогам, мы не можам, затое дапамагаем ім вырашаць бытавыя праблемы — прадастаўляем жыллё ў інтэрнатах (арандуем у кале­джах), а калі малады спецыяліст вырашае наймаць жыллё, мы аплачваем там камунальныя паслугі. Прадастаўляем і іншую дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам: кантрактная форма найму, даплата ў памеры 30%, сістэма настаўніцтва. Калектывы ў нас вельмі добрыя, і маладыя спецыялісты адчуваюць у нас сябе камфортна.

Стараемся супрацоўні­чаць з нашымі ўраджэнцамі, каб яны пасля атрымання адукацыі вярталіся дадому. У мінулым годзе да нас прыбылі 11 маладых спецыялістаў. На наступны год прыйдуць яшчэ 10. Дзевяць з тых, хто ўжо ў нас працуе, праходзяць перапад­рыхтоўку па спецыяльнасці “Педагог-псіхолаг”, таму, калі яны ў снежні атрыма­юць адукацыю, спадзяюся, мы закрыем пытанне з недахопам педагогаў-псіхолагаў у нашым раёне. Гэтая праблема ак­туальная даўно, і не толькі ў нас.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара