Марына Іванаўна Бандалоўская — настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Слоніма і яе выпускніца. Пад яе кіраўніцтвам вучні дасягаюць поспехаў, а школа адкрывае клас фізкультурна-педагагічнай накіраванасці. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, у чым сакрэт.
Сцяжынка поспеху
Марына Іванаўна вучылася ў слонімскай сярэдняй школе № 2 у 10—11 класах. Потым паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, атрымала дыплом і пачала працаваць трэнерам па лёгкай атлетыцы. Гэтым відам спорту Марына Іванаўна займалася з дзяцінства і рабіла ў ім поспехі. Затым гераіня ўладкавалася педагогам у родную 2-ю школу і з 2012 года больш з ёй не расставалася.
Не хоча расставацца з ёй і школа: спартыўны кірунак у сярэдняй школе № 2 — адзін з галоўных. Да Марыны Іванаўны пераводзяцца з усіх школ раёна.
Сёлета адміністрацыя падышла да запытаў навучэнцаў яшчэ больш сур’ёзна і заявіла ва ўпраўленні па адукацыі аб адкрыцці класа фізкультурна-педагагічнай накіраванасці. Плануецца, што працаваць у ім будзе Марына Іванаўна.
Але чаму фізічная культура і здароўе, а не іншы прадмет? Усё проста. Звязаць жыццё са спортам Марыну Іванаўну натхніў яе настаўнік фізкультуры Васіль Сямёнавіч Раманенка. Яна была спартсменкай і актывісткай, займалася лёгкай атлетыкай і паказвала добрыя вынікі. А Васіль Сямёнавіч заўважыў гэта і прапанаваў вучаніцы паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка. Да радасці Марыны Іванаўны, пасля выпуску яна паспела папрацаваць разам са сваім настаўнікам.
Педагогі-фізкультурнікі сярэдняй школы № 2 стварылі паспяховую каманду, якая стаіць на чале спартыўнага руху горада. Тамара Канстанцінаўна Крамнік узначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў фізічнай культуры раёна, а Марына Іванаўна Бандалоўская і Вячаслаў Пятровіч Пракопіч — яе левая і правая рука. Марына Іванаўна ўжо трэці год выступае галоўным сакратаром усіх раённых спаборніцтваў, прадстаўляе горад на абласных і тройчы выязджала на рэспубліканскія спаборніцтвы ў Віцебск і Пінск ад Гродзенскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання.
— У мяне ёсць вучань Ігар Дзіцук, — расказвае Марына Іванаўна. — Ігар удзельнічаў ва ўсіх чатырох спаборніцтвах па зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе”. Сёлета ў рэспубліканскай спартакіядзе па летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны” ён заняў 2-е месца ў асабістым заліку на фінальным этапе. А пачыналі мы з ім з самых азоў: ён спецыяльна перавёўся ў нашу школу, каб працаваць разам са мной. І ўсё атрымалася: мы сталі дасягаць поспехаў.
На працягу трох гадоў 2-я школа Слоніма ў лідарах усіх раённых спаборніцтваў. Ад такіх вынікаў у дзяцей загараюцца вочы, яны яшчэ больш паглыбляюцца ў тэму спорту. Некаторых вучняў запрашаюць на традыцыйнае раённае свята “Сузор’е надзей” — юныя таленты атрымліваюць узнагароды ад кіраўніцтва раёна і грашовыя прэміі.
— А ў маі мы праводзім свята, дзе таксама віншуем усіх паспяховых навучэнцаў, — дадае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Скіба. — Арганізоўваем для іх чаяванне і салодкі стол, святочны канцэрт. Для дзяцей гэта вялікі гонар, таму нельга ігнараваць поспехі навучэнцаў. Трэба іх заўважаць і заахвочваць: тады дзеці распростваюць крылы і адчуваюць сябе больш упэўнена, дасягаюць новых вяршынь.
Дзеці спартзалы
Марына Іванаўна — прыклад для навучэнцаў не толькі сваёй школы, але і раёна, а самае галоўнае — для сваіх
дзвюх дачок, якія таксама ідуць па слядах мамы. Старэйшая дачка — выпускніца сярэдняй школы № 2 і студэнтка фізкультурнага факультэта Гродзенскага гуманітарнага каледжа. Будучы школьніцай, разам з мамай яна прадстаўляла школу на мностве спаборніцтваў і заняла 1-е месца на абласных спаборніцтвах. Малодшая дачка таксама пасля выпуску з сярэдняй школы № 2 плануе паўтарыць поспех сястры і звязаць сваё жыццё са спортам.
Марына Іванаўна рыхтавала дачок да ўсіх спаборніцтваў, як правіла, пасля ўрокаў: валейбол, лёгкая атлетыка, плаванне, стральба… Калегі называюць дзяўчынак дзецьмі спартзалы. І гэта сапраўды так.
— Вучыць сваіх дзяцей складаней, — прызнаецца Марына Іванаўна. — Іх больш шкадуеш. З вучнямі я аб’ектыўна збоку бачу, дзе варта паднаціснуць. А з уласнымі дзецьмі мне патрэбна больш самавалодання, каб не рабіць ім патуранняў. Я вельмі стараюся, але часам так хочацца аблягчыць ім жыццё.
“Спорт — у школе, пасля яе — і на выхадных” — вось дэвіз сям’і Марыны Іванаўны. У яе дамачадцаў спартыўныя ўсе: муж — баксёр у мінулым, і ўсе разам яны не прапускаюць магчымасці паўдзельнічаць у спаборніцтвах і спартыўных мерапрыемствах раёна. Напрыклад, у маі ў аграгарадку Жыровічы ўжо другі раз прайшло маштабнае рэспубліканскае свята “Манастырскі забег”, якое аб’яднала не толькі актыўных жыхароў раёна, але і вядомых спартсменаў з розных куткоў Беларусі. У залежнасці ад выбранай дыстанцыі (3 або 15 км) забег для спартсменаў праходзіў па маляўнічых ваколіцах Жыровіч: міма купелі, лёгкаатлетычнага стадыёна, “Эдэмскага саду”, вадохрышчанскай крыніцы, храма Кірылы Тураўскага і найбліжэйшых вёсак. У ліку 4 тысяч удзельнікаў была і Марына Іванаўна з мужам і дзвюма дочкамі.
Банальна, але факт
Не будзе здароўя — не будзе нічога. Марына Іванаўна пераканана ў гэтым. Педагог не патрабуе многага і імкнецца развіць у навучэнцаў цікавасць да фізкультуры, бясконца падтрымлівае іх жаданне прыходзіць на ўрокі. Дарэчы, з апошнім праблем не ўзнікае. Нават па суботах!
— З далучэннем дзяцей да працэсу навучання на ўроку ў мяне пытанняў няма, — гаворыць педагог. — Дзецям падабаецца займацца са мной, але для гэтага я рыхтую такі матэрыял, каб ім не хацелася адцягнуць сваю ўвагу на тэлефоны. Выкарыстоўваю напрамкі, цікавыя школьнікам. А па суботах спартзала наогул перапоўнена: прыходзяць і вучні, і выпускнікі. Мы пачынаем у 10:00 і гуляем да пераможнага.
Зацікавіць навучэнцаў дапамагае і разнастайнасць спартыўнага інвентару і фарматаў работы. У 2-й школе спартыўная зала абсталявана тэлевізарам: па ім дзеці займаюцца фітнесам, лёгкай атлетыкай, аэробікай, акрабатыкай, вывучаюць тэорыю і правілы гульні ў розныя віды спорту. Дзякуючы такой інавацыі, педагогу прасцей прасачыць за правільнасцю выканання практыкаванняў і ўдзяліць увагу кожнаму. А яшчэ гарадскі басейн, стадыён, трэнажорная зала, цір… Уяўляеце разнастайнасць? Але ж заўсёды ёсць свае “але”.
— Цяпер складана знайсці абсалютна здаровае дзіця, — дзеліцца назіраннямі Марына Іванаўна. — У навучэнцаў усё часцей назіраюцца адхіленні ад нормы. Зараз, напрыклад, у нашай школе шмат вучняў у падрыхтоўчай групе, якім нельга актыўна займацца фізкультурай, толькі ЛФК. І мая асноўная місія як іх настаўніка — захаваць здароўе дзяцей, не нашкодзіць ім. І, вядома, прывіць любоў да спорту, бо фізкультура — гэта адзін з асноўных прадметаў, які ў любым выпадку спатрэбіцца ў жыцці.
Пра тое, як знайсці падыход да вучня, Марына Іванаўна гаворыць:
— Я працую з навучэнцамі 10—11 класаў, і ў мяне няма з імі ніякіх праблем. Дастаткова правільна з імі размаўляць, слухаць і чуць. Тут не дапаможа строгасць, як з пачатковымі класамі. Дарослым вучням трэба данесці сэнс, каб яны пачалі нешта рабіць. Праявіць увагу да іх захапленняў, павагу да іх меркаванняў і выбару. Як ты будзеш ставіцца да дзяцей, так і яны да цябе — у гэтым я пераканана.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара