Сёння на Брэстчыне налічваецца 16 мастацкіх калектываў са званнем «заслужаны». І толькі адзін з іх фальклорны — узорны клуб аматараў фальклору «Вясковая табала» з Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна. Нядаўна ён паспяхова пацвердзіў сваё званне, прайшоўшы праверку на адпаведнасць яму і творчую сталасць.
Дзіцячы фальклорны калектыў Галіна Хомік стварыла ў 2000 г. Узорным ён стаў у 2014-м, а заслужаным — у 2018-м.
«Вясковая табала» добра вядомая гледачам яркімі і запамінальнымі выступленнямі. Так было і гэты раз. Калектыў парадаваў камісію цікавым рэпертуарам, яго віртуозным і бездакорным выкананнем, адмысловымі сцэнічнымі касцюмамі.
«Вясковая табала» выступіла з абноўленай канцэртнай праграмай «У сваім краі зямля спявае». Гэта ўнікальная калекцыя фальклорнай спадчыны Маларытчыны, што не адзін год карпатліва і беражліва збіралася, апрацоўвалася. Цяпер яна ашчадна захоўваецца і прапагандуецца падчас выступленняў калектыву на розных мерапрыемствах і канцэртах.
Непаўторныя старажытныя песні, каларытныя побытавыя танцы, сакавітая хаціслаўская гаворка, аўтэнтычныя строі — гэта пачулі і ўбачылі гледачы ў зале. Выступленне кранула іх да глыбіні душы, нікога не пакінула абыякавым.
Калектыву ёсць чым здзіўляць! Сёння ў яго рэпертуары 30 адноўленых самабытных народных танцаў, 30 мясцовых песень (абрадавых і пазаабрадавых) і 5 абрадаў («Іванавы ягады», «Хрэсьбіны», «Пярэзвы»), а таксама шматлікія легенды, паданні, казкі, байкі, сольныя песні, запісаныя ад мясцовых жыхароў.
«Вясковая табала» прадставіла на сцэне самае лепшае: фрагмент абраду «Юр’еў дзень», мясцовыя песні («Як на нашай ніўцы», «Ой, хадзіла дзеўчына беражком», «Выйшлі ў поле касары», «Сабралася звярына»), казку «Хто не працуе, той не есць», прыпеўкі «Салахі», побытавыя танцы з прыпеўкамі і без іх. Гледачы не маглі ўтрымацца і разам з артыстамі танцавалі. «Асапава полька», «Полька Рузя», «Полька Лукаўка», «Лысы», «Генспансер», «Ночка», «На рэчэньку», «Пакруцюх», «Какетка», «Падыспань», «Яблучко», «Кракавяк», «Гапак», «Тэрныцэ дубовая», «Заяц», «Матлёт», «Ойся», «Грычанікі», «Хаціслаўская драбатуха», «Мікіта»… — усіх назваў танцаў і не пералічыць!
Гледачоў чарговы раз здзівіла напеўнасць і меладычнасць народных песень у выкананні «Вясковай табалы». Захапленне выклікала жывая музыка (акампаніятары Віктар Галавій і Вячаслаў Краўчук), зладжанасць і прыгажосць рухаў падчас выканання побытавых танцаў (балетмайстар Алена Чэрнікава), а таксама гармонія і каларыт сцэнічнага адзення. Дарэчы, касцюмы спецыяльна для «Вясковай табалы» выткалі і пашылі ткачыхі Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці па адноўленай тэхналогіі «кажучком».
«Вясковая табала» бліскуча пацвердзіла званне заслужанага калектыву. Але на дасягнутым не спыняецца. Наперадзе шмат канцэртных выступленняў, планаў і пакуль што нерэалізаваных ідэй.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара