Кацярына Каваленка: «Быць сапраўдным педагогам — значыць штодзень задаваць сабе пытанні і шукаць на іх адказы»

- 12:06Учитель года

Будучую прафесію настаўніца пачатковых класаў Кацярына Каваленка з сярэдняй школы № 17 Баранавіч выбірала па душы, каб атрымліваць ад яе радасць і задавальненне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Быць сапраўдным педагогам — зна­чыць пастаянна задаваць сабе пытанні і што­дзень шукаць на іх адказы. Быць прафесіяналам — значыць дастукацца да сэрца кожнага вучня. Быць першым настаўнікам — зна­чыць убачыць вачыма дзяцей свет, у якім яны жывуць і атрымліва­юць новыя веды, і пастарацца самому як мага даўжэй заставацца ў душы крыху дзіцем, цікаўным і гарэзлівым, вучыцца і вучыць разам з чамучкамі, рашаць і ствараць з імі, — лічыць Кацярына Валянцінаўна, педагагічным крэда якой сталі словы “шукаю і знаходжу, думаю і даведваюся, спрабую і раб­лю, займаюся тым, што люблю”.

За 13 гадоў работы ў школе Кацярына Каваленка пераканалася, што працаваць з дзецьмі — вялікае шчасце, бо яны ўмеюць бескарысліва любіць і сваёй любоўю акрыляць і натхняць. Задача настаўніка — быць сябрам і дапамагчы кожнаму раскрыцца як асоба.

Кацярына Валянцінаўна змалку любіла вучыцца і вучыць: сяброў, аднакласнікаў, лялек… Ужо тады яна зразумела, на каго з педагогаў хацела быць падобнай. Сярод іх — настаўніца пачатковых класаў Алена Альшэўская з гімназіі № 1 Баранавіч. Дзяўчыне падабаліся ў меру строгія педагогі, нераўнадушныя, з бляскам у вачах, бо выхаванцы заўсёды беспамылкова адчуваюць, як да іх адносяцца.

Адданае сэрца і прадвызначаны лёс не падманеш. Шлях Кацярыны Каваленка ў педагогіку быў доўгім, настойлівым і ўсвядомленым. Пасля заканчэння тагачаснага Баранавіцкага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага каледжа і БарДУ маладая настаўніца пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры паступіла ў магістратуру БДПУ па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання”.

Навучанне ў магістратуры канчаткова пераканала Кацярыну Валянцінаўну, што яе прыз­ванне — не навука, а жывыя зносіны з дзецьмі, любоў і давер якіх немагчыма заваяваць, узб­роіўшыся толькі ведамі.

Прафесійны шлях малады спецыяліст пачынала ў адной са сталічных школ. Потым вярнулася ў родныя Баранавічы.

Кацярына Каваленка імкнецца ісці ў нагу з часам, які падказвае ёй новыя ідэі і задумы. Педагог займаецца няспыннай самаадукацыяй, актыўна наведвае ўрокі калег, тэматычныя семінары. Не саромеецца чагось­ці не ведаць, а саромеецца не хацець даведацца штосьці новае. За плячыма — шматлікія курсы павышэння кваліфікацыі ў розных установах дадатковай адукацыі дарослых па розных тэмах: развіццё творчых здольнасцей дзяцей, навукова-даследчая дзейнасць малодшых школьнікаў… Педагог ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі па здароўезберажэнні, праводзіць адкрытыя ўрокі і майстар-класы.

— Дзяцей варта вучыць такім чынам, каб яны на працягу ўсяго жыцця не страцілі прагі да пазнання, таму развіваю ў іх адпаведныя якасці, хаця гэта часам і няпроста, бо малодшы школьны ўзрост — час нязгаснай энергіі, — гаво­рыць Кацярына Валянцінаўна. — Паспяхова далучаць дзяцей да ведаў дапамагаюць праблемнае поле, актыўная вучэбна-пазнавальная, гульнявая, аналітычная і даследчая дзейнасць, станоўчыя эмацыянальныя сітуацыі, дыферэнцыраванае навучанне, электронныя сродкі навучання, сучасныя педагагічныя тэхналогіі, у тым ліку візуалізацыі. 

На ўроках русках мовы педагог аддае перавагу метаду інтэлект-карт, які дазваляе эфектыўна фарміраваць навык правапісу слоў з неправяраемымі арфаграмамі. Вопыт работы ў гэтым кірунку быў абагульнены і прадстаўлены ў Брэсцкім абласным ІРА пры здачы кваліфікацыйнага экзамену на вышэйшую катэгорыю.

— Нагляднасць — адзін з вядучых прынцыпаў навучання малодшых школьнікаў, — тлумачыць настаўніца. — Інтэ­лект-карта — добры сродак візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, які павышае цікавасць да новых слоў, валодае знешняй прыцягальнасцю і яркасцю. Акрамя таго, інтэлект-карты актывізу­юць работу не толькі памяці, але і ўяўлення, мыслення, развіваюць кагнітыўныя здольнасці. А слоўнікава-арфаграфічная работа на ўроках з выкарыстаннем метаду інтэлект-карт аблягчае запамінанне складаных слоўнікавых слоў, фарміруе навык іх правапісу.

Кацярына Валянцінаўна прымяняе інтэлект-карты і на ўроках па іншых прадметах. Працуючы з імі, выхаванцы вучацца думаць, шукаць і ўзаемадзейнічаць адно з адным, прымаць рашэнні, адэкватна ацэньваць свае поспехі.

Кацярына Каваленка не прос­та настаўнік, яна яшчэ і класны кіраўнік, дзе класны — гэта не пасада, а ацэнка яго работы. Адправіцца на экскурсію ці ў паход, арганізаваць спектакль ці канцэрт, пабываць у ролі валанцёра, паўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі — педагог гатова да ўсяго!

— Калі дзеці захоплены агульнай справай, адчуваю, што ўсё не дарэмна, — заўважае Кацярына Валянцінаўна. — Калі бачу цікаўныя вочы, якія з надзеяй глядзяць на мяне, яшчэ больш веру ў свае сілы і сілы любімых чамучак. А мая галоўная крыніца натхнення і апора — сям’я.

Нядзіўна, што педагог цалкам заканамерна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, для якога няма нічога недасягальнага. Перамога ў адной з намінацый абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года” гэта пацвярджае.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ