Фарміраваць духоўна-маральныя каштоўнасці вучняў дапамагае праектная дзейнасць, якая дазваляе выйсці за рамкі аб’ёму школьных прадметаў, злучае існуючы жыццёвы вопыт з новымі ведамі, вучыць дзяцей разважаць, абагульняць, прагназаваць.
Навучэнцамі нашай школы ў рамках усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” рэалізоўваўся творчы праект “Бацькоўскі край, наш край дзівосны”, мэта якога — фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей у моладзі праз залучэнне яе ў турыстычна-экскурсійную дзейнасць.

Удзельнікі праекта, навучэнцы 9 і 11 класаў, выбралі напрамак “Святыні роднага краю” і пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Алесі Ляцяга распрацавалі экскурсійны маршрут “Дарогі да храма”, у які ўвайшлі 11 праваслаўных храмаў і 1 капліца, якія размешчаны на тэрыторыі Светлагорскага раёна.
На працягу некалькіх месяцаў, наведваючы аб’екты экскурсійнага маршруту, навучэнцы знаёміліся з гісторыяй кожнага храма, даведваліся аб гісторыі развіцця праваслаўя на тэрыторыі Светлагорскага благачыння. Падчас экскурсій настаяцелі храмаў расказвалі пра праваслаўныя святы, традыцыі і жыціі святых, у гонар якіх названы храмы, пазнаёмілі са святынямі храмаў Светлагоршчыны.

У кожным населеным пункце свая гісторыя адраджэння праваслаўя, гісторыя будаўніцтва, знішчэння і аднаўлення праваслаўных храмаў і прыходаў. На тэрыторыі Светлагорскага благачыння ў сучасных межах было 12 страчаных дарэвалюцыйных цэркваў.
У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі ёсць звесткі аб дзейнасці Свята-Мікольскіх цэркваў у вёсках Дуброва і Славань, Свята-Петрапаўлаўскай царквы ў вёсцы Чыркавічы, у імя Святога вялікамучаніка Георгія ў вёсцы Чэрнін.

У кліравай ведамасці царквы Нараджэння Багародзіцы сяла Еўтушковічы за 1826 год значылася, што царква пабудавана ў 1753 годзе стараннем вотчынных уладальнікаў Корсакаў. Будынак храма быў драўляны з такой жа званіцай. Прастол быў асвечаны ў імя Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Час забудовы прыходскай Благавешчанскай царквы ў вёсцы Каралёва Слабада невядомы. У дакументах згадваецца, што царква абноўлена ў 1869 годзе на сродкі ўрада, адпушчаныя ў колькасці 2800 рублёў. Будынак быў драўляны, на каменным падмурку, у выглядзе прадаўгаватага крыжа, з трыма глухімі купаламі.
З памятных кніг Мінскай епархіі вядома, што ў вёсцы Парычы ў пачатку ХІХ стагоддзя існавалі дзве царквы: Святой Марыі Магдаліны і Свята-Духаўская.
Гісторыя храма Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пачынаецца з адкрыцця Парыцкага вучылішча для дзяўчынак духоўнага звання ў 1860 годзе пры актыўным удзеле Марыі Якаўлеўны Пушчынай. Пасля закрыцця духоўнага вучылішча ў 1917 годзе ўвесь комплекс будынкаў у наступныя гады быў разбураны. У 1970-я гады сцены храма, які размяшчаўся на беразе ракі Бярэзіны, былі дашчэнту разбураны.
Адраджэнне царквы адносіцца да 1991 года. Стараннем протаіерэя Уладзіміра Сямёнава быў арганізаваны прыход, а праз 9 месяцаў пабудаваны мураваны храм. 7 лістапада 1991 года храм быў асвечаны.
У храме захоўваецца ўцалелая плашчаніца і царкоўныя харугвы з выявай святых. Ёсць шмат абразоў з часцінкамі мошчаў святых: Святога праведнага Іаана Кармянскага, Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны, Святой прападобнай Манефы Гомельскай, Святой прападобнай Ефрасінні Полацкай, Святога прападобнага Феадосія Чарнігаўскага.
У храме асаблівае месца займае каменны крыж, які па выніках даследавання адносіцца да часу прыняцця хрысціянства на беларускіх землях.

Адраджэнне храмаў на тэрыторыі Светлагорскага раёна пачалося ў канцы 1980-х гадоў. Першым храмам, які адчыніў дзверы для сваіх прыхаджан у горадзе Светлагорску, стаў храм у гонар Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Будынак спраектаваў архітэктар Валерый Васільевіч Баразненка. Першапачаткова святыня задумвалася як малітвенны дом. Дадаткова была сканструявана званіца.
Восенню 1989 года будаўніцтва храма было завершана, а 17 снежня гэтага ж года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт здзейсніў асвячэнне нанава пабудаванага храма ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта быў першы храм на тэрыторыі Светлагорскага раёна, пабудаваны ў савецкі час. У храме ёсць некалькі святынь, якія асабліва шануюцца: абразы прападобнай Ефрасінні Полацкай і Святога праведнага Іаана Кармянскага з часцінкамі іх святых мошчаў, а таксама абраз Святога Мікалая Цудатворца XIX стагоддзя.
Па выніках экскурсій навучэнцы стварылі электронны каталог праваслаўных храмаў Светлагорскага раёна. Сваімі ўражаннямі аб экскурсіях дзеці сталі дзяліцца ў Instagram, дзе стварылі суполку па праваслаўным краязнаўстве.

Наведаўшы ўсе аб’екты экскурсійнага маршруту, пазнаёміўшыся з гісторыяй усіх праваслаўных храмаў Светлагорскага раёна, удзельнікі экспедыцыі вырашылі, што кропку ў гэтым праекце ніхто ставіць не будзе. Цяпер наша творчая група вывучае новыя аб’екты праваслаўнай культуры на тэрыторыі суседніх раёнаў.
Алеся ЛЯЦЯГА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Печышчанскай сярэдняй школы
Светлагорскага раёна





