Чым музейны пакой адрозніваецца ад паўнавартаснага музея з прасторнымі экспазіцыйнымі заламі? У першую чаргу сваёй утульнасцю, па-дамашняму цёплай атмасферай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Нясумнае асяроддзе
Асаблівая атмасфера пануе ў этнаграфічным пакоі. Калі знаходзішся сярод прадметаў побыту нашых продкаў, ды яшчэ сам-насам з экспанатамі, узнікае асаблівае адчуванне. У цішыні ты забываеш пра штодзённыя клопаты, што жывеш у мітуслівым ХХІ стагоддзі і, здаецца, пераносішся ў эпоху нашых прапрадзедаў.
— Ці не сумна сучасным вучням у такой атмасферы, сярод збаноў, біклаг? — пытаюся ў загадчыцы пакоя этнаграфіі і краязнаўства сярэдняй школы № 4 Горак Вольгі Віктараўны Маісеенка.
— Яшчэ як цікава! — адказвае настаўніца гісторыі. — Здаецца, сучасную моладзь складана здзівіць. Яны і самыя крутыя смартфоны бачылі, і ведаюць, што такое штучны інтэлект, а пры гэтым збаны, біклагі, саматканыя посцілкі гатовы разглядваць гадзінамі.
Тут варта адзначыць адну важную дэталь: каб вучні з цікавасцю знаёміліся з этнаграфічнай экспазіцыяй, экскурсія павінна быць не проста аповедам аб тым ці іншым музейным прадмеце, а ўтрымліваць элементы інтэрактыву. Каб былі і вершы, і загадкі, і гульні. І самае галоўнае, каб экскурсія адпавядала ўзросту наведвальнікаў. Усё гэта ёсць у экскурсіі “Падарожжа ў сялянскую хату”, якую распрацавала Вольга Віктараўна.
Арыгінальная экскурсія
— Вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць жыццё нашых дзядоў-прадзедаў, прызначэнне рэчаў, якімі яны карысталіся, трэба. А пры святле свечкі на покуці ў бацькоўскай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню, — такімі словамі пачала знаёмства з музейным пакоем вучаніца 10 класа Валянціна Курзянкова.
Прыгожыя словы, пагадзіцеся. Асабліва вось гэтае — ясніцца. А потым у выкананні Кацярыны Галаварушкінай, аднакласніцы Валянціны, прагучала знакамітае купалаўскае: “Не шукай ты шчасця, долі // На чужым, далёкім полі… // Ты ўсё знойдзеш гэта блізка, // Там, дзе маці над калыскай // Табе песні напявала, // Як малога калыхала…”
Працягваецца экскурсія тэатралізаванай сцэнкай, дзе галоўныя персанажы — гаспадар, гаспадыня і іх дачка. Яны заходзяць у музейны пакой з хлебам-соллю на ручніку і пачынаюць захапляльна расказваць пра тое, як да нашых продкаў прыходзіў хлеб. Адначасова расказваецца аб прызначэнні сярпа, драўляных лапат, якімі даставалі з печы духмяныя боханы, дзяжы, у якой падыходзіла цеста.
— Рабілі дзяжу з дубу ці з хвоі. Часам хваёвыя і дубовыя клёпкі чаргаваліся. Дуб паскараў квашанне і надаваў цесту прыемны пах. Дзяжу шанавалі. Пры ўваходзінах яе першай уносілі ў хату, каб не зводзіўся хлеб на стале. Не абыходзіўся без дзяжы і абрад вяселля, — расказвае дзяўчына-гаспадыня.
Асаблівая ўвага — печы. Па словах юных экскурсаводаў, да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасцi” грубыя або непрыстойныя словы. Гаварылі прыкладна так: “Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце”, “Сказаў бы, ды печ у хаце”. Таксама нельга было сварыцца ў той час, калі ў хаце выпякаўся хлеб.
У тэатралізаванай форме расказваецца аб прызначэнні гліняных, бандарных вырабаў, асаблівасцях іх стварэння. Асобная тэма — ткацтва. Нездарма галоўны экспанат этнаграфічнага пакоя — сапраўдны ткацкі станок.
— У канцы зiмы жанчыны пачыналi снаваць кросны. Праца гэтая была адказная. Запраўлялі кросны некалькі жанчын, прыгаворваючы: “Станьце кросны, як сцяна, а нітачкі, як струна!” Цяпер можна браць i чаўнок. Дзецi ў сялянскiх хатах засыналi пад калыханку матчыных красён. Рыпелi панажы, стукалi бёрда з набiлiцамi. Хадзiлi ўверх-унiз нiты — i ткалася палатно, — лірычна працягваюць дзяўчаты.
А завяршаецца экскурсія не проста словамі “дзякуй, што завіталі да нас у госці”, а легендай пра тое, што аднаму чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся, бо ператворыцца ў слуп солі. Той не паслухаўся, азірнуўся…
— Ды як жа не азірнешся, калі родная сядзіба — гэта цэлы свет… Часцей азірайцеся ў мінулае, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню, — паведамілі вучаніцы.
Краязнаўчы цэнтр
Музейны пакой, які быў створаны ў 2006 годзе настаўнікамі, бацькамі і вучнямі 4-й школы, — гэта не толькі месца, дзе школьнікі знаёмяцца з дзівосным светам этнаграфіі. Гэта яшчэ і своеасаблівы краязнаўчы цэнтр. Менавіта тут пішуцца даследчыя работы, з якімі выхаванцы Вольгі Віктараўны выступаюць на канферэнцыях, конкурсах і займаюць прызавыя месцы. Сама Вольга Віктараўна падае цудоўны прыклад. Настаўніца гісторыі распрацавала метадычны дапаможнік для калег “Я — грамадзянін горада Горкі”, які ў гэтым годзе на рэспубліканскай выставе-конкурсе навукова-метадычных матэрыялаў адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Асобная тэма ў рабоце горацкіх краязнаўцаў — Вялікая Айчынная вайна. Тут традыцыі даўнія. Яшчэ ў 1970-я гады быў арганізаваны клуб “Пошук”, які ўзначаліла сённяшні дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. Разам з ёй вучні перапісваліся з былымі байцамі 70-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Горкі. Сёння гэтыя лісты, фотаздымкі ветэранаў беражліва захоўваюцца ў музейным пакоі. Такім чынам захоўваецца і памяць аб мінулых пакаленнях. На жаль, ветэраны ўжо не прыходзяць на сустрэчу з моладдзю, але іх успаміны абавязкова зачытваюць на выхаваўчых мерапрыемствах, паказваюць школьнікам і здымкі герояў.
У Год гістарычнай памяці Вольгай Віктараўнай Маісеенка быў створаны краязнаўчы дадатак “Боль беларускай зямлі”, а каманда “Патрыёты” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Віктара Сяргеевіча Бяляева перамагла ў інтэлектуальным турніры “Вялікая Айчынная вайна ў лёсах народаў Беларусі і Расіі”. Сярод 69 каманд каманда сярэдняй школы № 4 Горак заняла 1-е месца. І гэта толькі невялікая частка дасягненняў горацкіх педагогаў і навучэнцаў.
Заўсёды цікава
Чамусьці лічыцца, што музейныя пакоі — гэта непаўнавартасныя музеі. Канечне, па колькасці экспанатаў, плошчы памяшкання яны саступаюць музеям з афіцыйным статусам, аднак атмасфера, якая пануе ў школьных пакоях этнаграфіі і краязнаўства, больш утульная, па-дамашняму цёплая. Тут заўсёды цікава, сюды хочацца вяртацца.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара