Якімі традыцыямі ганарыцца сістэма адукацыі Любанскага раёна

- 14:07Планерка

Пра адукацыйныя традыцыі, летнюю аздараўленчую кампанію і вынікі цэнтралізаванага экзамену карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Таццяна Каравацкая.

— Таццяна Леанідаўна, як у Любанскім раёне прайшлі  выпускныя вечары?

— Сёння ў Любанскім раёне 174 выпускнікі. Для ўсіх іх было арганізавана свята на гарадской плошчы. Дарэчы, традыцыі збіраць адзінаццацікласнікаў школ горада і раёна разам, каб яны развіталіся са школай, ужо многа гадоў. І мы яе беражом.

 Штогод навучэнцы, якія заканчваюць школу з залатым медалём, рыхтуюць выступленне на сцэне, падчас якога расказ­ваюць пра сябе, пра свае дасягненні ў вучобе. Сёлета на сцэну падымаліся 14 хлопцаў і дзяўчат. Гледзячы на іх, мы разумеем, што такая арганізацыя выпускных вечароў бу­дзе практыкавацца ў нашым раёне доўга.

— Якімі яшчэ традыцыямі ганарыцца сістэма адукацыі раёна?

— 1 чэрвеня мы праводзім раённы тэатральны фестываль для дашкалят. Да свята дзеткі з усіх садоў горада і раёна рыхтуюць ну­мары, з якімі выступаюць на сцэне. Нягледзячы на тое, што дашкольны ўзрост цяжкі для ўспрымання пэўнай інфармацыі, малышы з задавальненнем удзельніча­юць у свяце. Яны стараюцца, вучаць вершы і ст­авяць спектаклі. Каб арганізаваць фестываль, нам не трэба нікому пра яго нагадваць: ва ўстановах дашкольнай адукацыі рыхтуюцца да яго на працягу на­вучальнага года.

Акрамя гэтага, сярод да­школьнікаў мы праводзім адна­дзённыя турыстычныя злёты. Звычайна такую арганізацыю вольнага часу практыкуюць у сярэднім школьным узросце, аднак асновам турыстычнай дзейнасці вучым нашых дзетак з малых гадоў. Дарэчы, два гады назад для ўдзелу ў турыстычным злёце мы запрашалі сваіх суседзяў са Старадарожскага раё­на. Ім вельмі спадабалася ідэя сумесных мерапрыемстваў, таму дамовіліся, што абавязкова яшчэ раз збяромся разам.

Такія сустрэчы праводзім у Цэнтры дзіцячай творчасці або на базе аздараўленчага лагера “Арэса”. Нягледзячы на тое, што злёт праводзіцца на працягу адна­го дня, гэтага дастаткова, каб да­шкаляты атрымалі ўяўленне пра арганізацыю турызму. Увогуле, штогод стараемся ўводзіць у сістэму адукацыі нешта новае, каб гэта было цікава і навучэнцам, і педагогам.

— Як вашы выпускнікі здалі ЦЭ? Ці ўсе задаволены атрыманымі баламі?

— Нам пашанцавала: мы першыя ў краіне здавалі пробны ЦЭ, які праводзіўся яшчэ восенню ў Любанскім дзяржаўным каледжы. І атрымалася так, што нашы дзеці здавалі пробны экзамен два разы. Што тычыцца выбару прадметаў для здачы, то 110 выпускнікоў аддалі перавагу рускай мове, астатнія — беларускай. На другім ЦЭ першай па папулярнасці была матэматыка, затым — біялогія, грамадазнаўства, гісторыя Беларусі і г.д.

Балы, якія выпускнікі атрыма­лі, чаканыя. Дзякуючы пробным этапам, дзеці бачылі, што іх чакае, і разумелі, якія тэмы трэба падву­чыць, каб вынікі ЦЭ не расчаравалі.

— Як у раёне арганізавана аздараўленчая кампанія?

— У Любанскім раёне ёсць адзін стацыянарны лагер “Арэ­са” на 135 месцаў. Задоўга да пачатку аздараўленчай кампаніі пуцёўкі ў яго ўжо былі раскуплены. І гэта нядзіўна: лагер знаходзіцца ў маляўнічым месцы, у ім створаны ўсе ўмовы для аздараўлення і адпачынку дзяцей. Акрамя гэтага, у школах будуць працаваць дзённыя аздараўленчыя лагеры.

— Таццяна Леанідаўна, ці ёсць у вас планы на наступны год?

— Безумоўна, у нас ужо ёсць планы і задумы на наступны навучальны год, але над імі пачнём працаваць крыху пазней. Летам плануем заняцца рэалізацыяй адукацыйных праектаў у сферы да­школьнай адукацыі.

Да таго ж у Год гістарычнай памяці мы пачалі рэалізацыю праекта “Мой край, мой лёс, мая Айчына”. Да яго падышлі вельмі сур’ёзна, распрацавалі 5 падпраектаў. Усе школы раёна прымалі ў ім удзел, а па выніках мы выдалі зборнік “Любаншчына вачыма дзяцей”. Рэалізацыя праектаў прадоўжыцца.

Наталля САХНО