Выпускнік сталічнай гімназіі № 61 Уладзіслаў Рэентовіч паказаў сёлета максімальны вынік, набраўшы 399 балаў (сярэдні бал атэстата плюс сума балаў па трох прадметах цэнтралізаванага тэсціравання) за ўсю гісторыю правядзення ЦТ у Беларусі. У яго па 100 балаў па трох прадметах: матэматыцы, фізіцы і беларускай мове. Зараз малады чалавек з’яўляецца студэнтам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Ён плануе звязаць сваё жыццё са сферай ІТ. Вялікая працаздольнасць, мэтанакіраванасць і ўпартасць дапамаглі Уладзіславу зрабіць вялікі крок да запаветнай мары. А яшчэ любімыя педагогі — настаўніца матэматыкі і класны кіраўнік Алена Аляксееўна Сарокіна, настаўніца фізікі Вольга Мікалаеўна Бужынская і настаўніца беларускай мовы Валянціна Уладзіміраўна Саханькова. Скажаце, такі вынік аднаго вучня — выпадковасць. Не, гэта ўжо заканамернасць. Штогод вучні настаўнікаў дэманструюць высокія вынікі на ЦТ, і стабальныя вынікі ў іх не рэдкасць.
Праз прызму трох “э”
Алена Аляксееўна Сарокіна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, потым як адна з лепшых студэнтак была размеркавана ў Акадэмію навук Беларусі. Аднак дзіцячая мара стаць настаўніцай, сум па школе, адчуванне сябе не на сваім месцы прымусілі Алену Аляксееўну перайсці працаваць да дзяцей. І вось з 1993 года яна выкладае матэматыку ў школе.Па меркаванні А.А.Сарокінай, працэс адукацыі — двухбаковы працэс. І поспех абавязкова прыйдзе, калі рух паміж настаўнікам і вучнем будзе накіраваным насустрач. Прычым на дастойным узроўні пры ўмове ўседлівасці і стараннасці дзіцяці навучыць матэматыцы можна кожнага.
І ў малодшых, і ў старэйшых школьнікаў варта падтрымліваць вучэбную матывацыю. Так, вучням сярэдняга звяна настаўніца прапаноўвае матэматычныя гульні, займальныя задачы, падбірае рэбусы, крыжаванкі, цікавыя звесткі з гісторыі прадмета; прапаноўвае задачы з умовай, якая адлюстроўвае іх практычнае прымяненне. Цікавасць да матэматыкі фарміруецца праз самастойнасць і актыўнасць, праз пошукавую дзейнасць на ўроку і дома, стварэнне праблемных сітуацый.
— Матэрыял павінен быць пасільным, даступным кожнаму дзіцяці, бо старэйшыя вучні, калі чагосьці не разумеюць, падгледзяць ці запытаюцца ў суседа, а маленькія могуць замкнуцца і займацца ўвогуле чымсьці сваім. Акрамя таго, калі вучэбны матэрыял не будзе дыферэнцыравацца па ўзроўні складанасці, адзін вучань будзе вучыцца лёгка, не прыкладаючы намаганняў, а іншы — імкнуцца асіліць непасільнае. Першы з іх не знойдзе прымянення сваім здольнасцям, а другі будзе адчуваць уласную непаўнацэннасць, — мяркуе педагог.
Самы магутны матыватар для старшакласнікаў — гэта, безумоўна, цэнтралізаванае тэсціраванне. Каб якасна выканаць заданні ЦТ, вучні павінны авалодаць сістэмай ведаў, уменняў і навыкаў за курс сярэдняй школы, мысліць на ўзроўні ўсёй сістэмы. Для гэтага ім неабходна добра ведаць школьную праграму, самастойна працаваць з дапаможнікамі і дадатковай літаратурай, рашаць усе заданні з падручнікаў і дыдактычных матэрыялаў, тэсты, што прапаноўваюцца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў.
Алена Аляксееўна выкарыстоўвае сістэмны падыход да кожнай тэмы праграмы: спачатку разглядаецца тэорыя, ключавыя задачы, на якіх адпрацоўваецца матэрыял, вывучаюцца магчымыя метады рашэння і цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца вучні; потым нарошчваецца ўзровень складанасці заданняў, а напрыканцы — абавязковы кантроль у выглядзе самастойнай работы, калі вучань застаецца сам-насам з работай, калі ніхто не падкажа поглядам, кіўком, не задасць навадное пытанне. На пачатковым этапе ў сярэднім звяне для развіцця логікі і мыслення значнае месца адводзіцца рашэнню тэкставых задач (разгледзець яе з усіх бакоў, змяніць умовы, скласці адваротную задачу і г.д.). Пільная ўвага — праверцы дамашняга задання.
Настаўніца вучыць старшакласнікаў граматна задаваць пытанні (калі навучэнец задае пытанні, значыць, умее думаць і аналізаваць), працаваць з тэарэтычным матэрыялам, умець тлумачыць яго іншаму. У выпускным класе яна ажыццяўляе паслядоўную карэкцыю ведаў, уменняў і навыкаў, праводзіць шмат урокаў-кансультацый, урокаў-практыкумаў. І, безумоўна, вучань павінен ведаць аб сваіх дасягненнях, бачыць свой рост. Так, вынікі рэпетыцыйнага ЦТ падштурхоўваюць яго да далейшай работы.
Конкурсы, алімпіяды таксама стымулююць вучняў. Асабліва падабаецца гімназістам удзельнічаць у конкурсах, якія праводзяцца ўстановамі вышэйшай адукацыі і ў якіх прапаноўваюцца заданні неалімпіяднага характару.
Алена Аляксееўна лічыць, што і ў старшакласнікаў, і ў вучняў сярэдняга звяна на матывацыю ўплывае захопленасць настаўніка сваім прадметам і яго кампетэнтнасць. “Калі я вучылася ва ўніверсітэце, адзін выкладчык не стамляўся паўтараць, што поспех лекцыі — гэта тры “э”: эрудыцыя, эмацыянальнасць, эстэтыка. Я з ім поўнасцю згодна і сваю работу разглядаю праз прызму гэтых трох “э”, — адзначае А.А.Сарокіна.
Апошнім часам настаўніца працуе над тэмай “Алімпіядныя заданні як сродак развіцця даследчай дзейнасці навучэнцаў”. І небезвынікова: летась на гарадской алімпіядзе па матэматыцы ў яе выхаванцаў было 4 дыпломы рознай вартасці і дыплом ІІ ступені ў Аляксея Быкава на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Новы крок да пазнання свету
“З адзінаю на кожны ўрок іду жаданай мэтай, каб гэта быў новы крок пазнання вучнем свету…” — педагагічнае крэда настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Уладзіміраўны Саханьковай, якая ўжо больш за 30 гадоў працуе ў школе.— Каб атрымаць высокія вынікі на ЦТ, вучню трэба добрасумленна рыхтавацца. Задача настаўніка — дапамагчы, падказаць, накіраваць, даць патрэбную літаратуру, — гаворыць Валянціна Уладзіміраўна. — Уладзіслаў Рэентовіч вельмі ўважлівы і старанны вучань. Не было такога ўрока, да якога б ён не падрыхтаваўся. Ні адны факультатыўныя заняткі не прапусціў: калі па аб’ектыўных прычынах не мог на іх прысутнічаць, то падыходзіў у іншы дзень і выконваў усе заданні. Такой працаздольнасці і ўседлівасці можна толькі пазайздросціць. Што тычыцца матэматыкі і фізікі, то пачынаючы з 5 класа Уладзіслаў удзельнічаў у алімпіядах і ведаў гэтыя прадметы на павышаным узроўні, меў дыпломы раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Так што школьная праграма цяжкасцей у яго не выклікала.
Непасрэдна падрыхтоўку да ЦТ В.У.Саханькова пачынае ў 10 класе на факультатыўных занятках, якія праводзіць раз на тыдзень. Настаўніца выкарыстоўвае розныя формы работы па адпрацоўцы тых або іншых тэм: работа ў сшытках (запіс правіл, цяжкіх у напісанні слоў, слоў-выключэнняў), выкарыстанне вучэбных камп’ютарных праграм, праграм-трэнажораў (накшталт “Новыя правілы арфаграфіі”, “Лічэбнік”, “Правапіс прыставак”), інтэрактыўных гульняў, работа з тэстамі мінулых гадоў і г.д. Практыка сведчыць, што памылкі вучні звычайна дапускаюць на выключэнні з правіл, заданні адкрытага тыпу, цяжкавата некаторым даецца лексіка, напрыклад, вызначэнне значэння слоў-паронімаў (адрасат — адрасант, гліняны — гліністы). Падчас трэніроўкі па тэставых заданнях педагог вучыць дзяцей арыентавацца ў часе і ўмець яго размяркоўваць. Тады ў дзіцяці будзе навык умення канцэнтравацца на працягу ўсяго тэсціравання, што надасць яму спакой і здыме лішнюю трывогу.
На добры вынік ЦТ працуюць і ўрокі. На іх настаўніца прымяняе тэхналогію французскіх педагагічных майстэрань, модульную тэхналогію, праблемнае навучанне. На ўроку арганізоўваюцца моўныя хвілінкі, дзе вучні працуюць перакладчыкамі. Памочнікамі настаўніцы ў многім з’яўляюцца вучні, у якіх дома размаўляюць на беларускай мове (звычайна некалькі чалавек у класе). Яны ставяцца ў прыклад, на іх раўняюцца -іншыя.
Класны пакой, у якім праводзіць урокі Валянціна Уладзіміраўна, нагадвае сапраўдны музей сялянскай культуры і побыту, дзе можна ўбачыць прылады працы, посуд, адзенне нашых продкаў і інш. І зараз, калі гаворка на ўроках заходзіць аб жыцці дарэвалюцыйнай вёскі, настаўніца прапаноўвае вучням прымераць сапраўдныя лапці альбо патрымаць у руках апалонік ці прасла. Настаўніца нават распрацавала экскурсію па кабінеце ў вершаванай форме “Падарожжа па краіне беларусаў”. Валянціна Уладзіміраўна захапляецца этнаграфіяй, а таму сваімі ведамі з цікавасцю дзеліцца з дзецьмі. Разам са сваімі вучнямі настаўніца ажыццявіла шмат падарожжаў: яны наведалі і Музей архітэктуры і побыту ў Строчыцах, пабывалі на радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы, у вёсцы Станькава і інш.
Выхаванцы В.У.Саханьковай удзельнічаюць у шматлікіх алімпіядах, конкурсах, што праводзяцца Мінскім палацам дзяцей і моладзі, і радуюць сваімі поспехамі.
Зараз Валянціна Уладзіміраўна ўзяла пяцікласнікаў. Перад настаўніцай стаіць новая задача — захапіць дзяцей родным словам, знайсці новых зорачак і прыцягнуць іх у алімпіядны рух.
У цесным тандэме
— У кожнага дзіцяці ёсць свае задатк, здольнасці і, зразумела, свае патрэбы. Адным вучням 83 балы — гэта мяжа магчымасцей, а іншым пры сумленнай падрыхтоўцы — нізкі вынік, — гаворыць настаўніца фізікі Вольга Мікалаеўна Бужынская. — У навучанні найперш важная зацікаўленасць самога дзіцяці, яго жаданне працаваць. А я як настаўнік дапамагу і зраблю ўсё, што залежыць ад мяне. Поспех на ЦТ — гэта ў першую чаргу заслуга самога вучня і яго бацькоў. Як правіла, менавіта ў сям’і ствараецца матывацыя да вучобы. А часам бывае і так, што ў навучальную ўстанову прыходзіць мама і гаворыць, што жадае, каб яе дзіця ўдзельнічала ў пэўным турніры ці конкурсе, а сын ці дачка ўсімі праўдамі і няпраўдамі шукае магчымасці не рабіць гэтага. У такім выпадку выніку не будзе. Звычайна да 10 класа дзеці вызначаюцца і ведаюць, чаго хочуць. На мой погляд, больш вынікова было б, калі б профіль уводзілі, як некалі, з 8 класа. Дзеці б загадзя рыхтаваліся і працавалі на вынік.На думку настаўніцы, выпускніку рыхтавацца адзін апошні год па фізіцы і атрымаць высокі вынік магчыма, аднак гэта будзе моцны стрэс для дзіцяці, бо фізіка — не адзіны прадмет у школьным раскладзе. Да таго ж сярэдні бал атэстата і паспяховасць па іншых вучэбных прадметах ніхто не адмяняў. Акрамя таго, фізіка без матэматыкі немагчымая. Пажадана, каб у вучня была закладзена добрая матэматычная база. Вользе Мікалаеўне пашчасціла працаваць у тандэме з настаўніцай матэматыкі А.А.Сарокінай. І тыя пытанні, якія разглядаліся на фізіцы, падмацоўваліся на матэматыцы. І наадварот.
Каб паспяхова падрыхтавацца да ЦТ, сёлетнія выпускнікі наведвалі курсы, якія праводзіла Вольга Мікалаеўна. Фармат заняткаў настаўніцы дазваляе кожнаму вучню атрымліваць інфармацыю менавіта з той хуткасцю, якая падыходзіць менавіта яму: няма тых, хто адстаў ад групы, і тых, хто пазяхае на занятках ад суму, бо ўжо даўно ўсё зразумеў. Пры гэтым стартавы ўзровень навучэнца кампетэнтна ацэньваецца, вылучаюцца тэмы, дзе ў яго ўзнікаюць праблемы. На кожнага вучня настаўніца складае індывідуальную адукацыйную траекторыю развіцця. Па магчымасці для кожнага прадугледжваецца і свой узровень складанасці матэрыялу, што вывучаецца.
Асаблівую ўвагу В.М.Бужынская ўдзяляла рабоце з базай тэставых матэрыялаў Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Адпрацоўвалі вучні практычныя навыкі і на расійскіх падручніках. Старшакласнікі паспяхова ўдзельнічалі ў алімпіядах, конкурсах, якія праводзілі БДУ, БНТУ, БДУІР.
“Дзеці павінны не толькі спаборнічаць паміж сабой, у сваёй установе, але і выходзіць за яе межы, бачыць сябе збоку і разумець саперніка. Можна бегаць па стадыёне і быць заўсёды першым, а потым трапіць на спаборніцтвы і аказацца апошнім. Вучні павінны мець магчымасць бачыць сябе на фоне іншых”, — мяркуе В.М.Бужынская.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.