Што з’яўляецца адной з галоўных умоў эфектыўнасці адукацыі і выхавання дзіцяці, расказала начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава.
— Напэўна, большасць кіраўнікоў і педагогаў да завяршэння навучальнага года падышлі з разважаннямі: ці ўсё атрымалася, што неабходна пераасэнсаваць.
На пасадзе кіраўніка аддзела па адукацыі працую толькі два гады, але стараюся прапусціць праз сябе ўсе працэсы кіравання сістэмай адукацыі. На мой погляд, у кожную праблему трэба ўнікаць, каб не проста ліквідаваць яе, а выбудаваць шлях развіцця. Навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь дапамагае ў прыняцці вывераных кіраўніцкіх рашэнняў, — гаворыць Т. Лодава. — Разглядаю нашых дзяцей, нашу моладзь як кадравы, інтэлектуальны і прафесійны патэнцыял не толькі Шклоўскага раёна, але і краіны. Адпаведна, галоўнай мэтай выхаваўчай работы бачу фарміраванне ў юных грамадзян базавых асобасных якасцей і каштоўнасцей — грамадзянскасці і патрыятызму, працавітасці, прававой культуры, здаровага ладу жыцця, адказных паводзін.
Як ніколі раней, сёння важным з’яўляецца ўзаемадзеянне школы і сям’і. Мабыць, гэта адна з галоўных умоў эфектыўнасці адукацыі і выхавання дзіцяці. Мы, разумеючы гэта, прыкладаем максімум намаганняў для выбудоўвання даверлівых, партнёрскіх узаемаадносін з бацькамі навучэнцаў. Пры гэтым, што хаваць, усведамляем, што многія цяперашнія мамы і таты родам з 90-х, гэта пакаленне людзей, многія з якіх раслі ў атмасферы задавальнення і кіраваліся прынцыпам “бяры ад жыцця ўсё”. Таму на базе ўстаноў адукацыі працуюць бацькоўскія ўніверсітэты, праводзяцца шматлікія семінары, круглыя сталы, лекторыі, тэматычныя сходы.
Для педагогаў важнай умовай паспяховай работы з’яўляецца арыентацыя на актыўную сумесную дзейнасць дзяцей і бацькоў, таму ва ўстановах адукацыі Шклоўскага раёна практыкуецца правядзенне адпаведных мерапрыемстваў. Напрыклад, у дзіцячым садзе № 8 Шклова ўжо стала традыцыйным сумеснае свята, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Таты разам з дзецьмі з цікавасцю
ўдзельнічаюць у спартыўных конкурсах, праяўляючы кемлівасць, хуткасць і спрыт. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна таксама практыкуецца правядзенне сумесных спартыўных, інтэлектуальных і творчых спаборніцтваў, прымеркаваных да памятных дат, свят, а таксама ў рамках правядзення дня па ўзаемадзеянні з сям’ёй. Напрыклад, у Старасельскай сярэдняй школе праводзілі гульню-віктарыну “Зямля пад белымі крыламі”, у якой прынялі ўдзел каманда навучэнцаў “Разумнікі” і каманда бацькоў “Знаўцы”. Удзельнікі гульні спаборнічалі ў веданні гісторыі, традыцый, культурнай спадчыны роднай Беларусі. А ў Чарнаруцкай сярэдняй школе правялі інтэрактыўную гульню “Мая Беларусь!”, у якой прынялі ўдзел каманда навучэнцаў “Храбрацы” і каманда бацькоў “Мудрацы”. Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымала каманда бацькоў! На тое яны і мудрацы!
Мамы і таты ахвотна адгукаюцца на ўдзел у разнастайных завочных конкурсах і выставах, такіх як фотавернісаж “Сям’я — саюз родных сэрцаў”, фотачэлендж “Мы шчаслівыя разам!” і іншыя. Практыкуюцца сумесныя экскурсіі, наведванне музеяў і прадпрыемстваў, правядзенне суботнікаў. Прыемна, што бацькі не толькі ўсведамляюць важнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання, але і гатовы ўсебакова дапамагаць установам адукацыі ў арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў.
Безумоўна, больш цеснаму ўзаемадзеянню з бацькамі садзейнічае ўвядзенне ў мінулым навучальным годзе тэматычных субот і вызначэнне чацвёртай суботы кожнага месяца днём па ўзаемадзеянні з сям’ёй. Праводзяцца круглыя сталы, тэматычныя трэнінгі і іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на фарміраванне сямейных каштоўнасцей, уяўленняў аб значнасці сям’і ў жыцці кожнага чалавека.
Безумоўна, усе добрыя пачынанні працягнем і будзем думаць над новымі ініцыятывамі, бо шчаслівая сям’я — шчаслівая краіна!
Фота Алега ІГНАТОВІЧА