У Мінску адбыўся дыялог супрацоўніцтва “Узаемадзеянне Праваслаўнай царквы і свецкай адукацыі ў пытаннях духоўнага і маральнага выхавання: шляхі развіцця”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Шляхамі дабра
Дыялогавая пляцоўка прайшла ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускага і расійскага духавенства, Міністэрства адукацыі Беларусі, устаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў.
Выступаючы на сустрэчы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падкрэсліў, што сёння вельмі важна вырасціць маладых людзей не толькі добрымі спецыялістамі, але і высокамаральнымі, патрыятычна настроенымі людзьмі, якія захоўваюць духоўную спадчыну народа. Протаіерэй Фёдар Поўны, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, падзяліўся меркаваннем: дзяцей неабходна знаёміць з духоўнымі каштоўнасцямі беларускага народа праз яго традыцыі, знакавыя культурныя помнікі і творы мастацтва, фарміраваць навык глядзець на свет праз прызму вечных каштоўнасцей.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у сваім выступленні адзначыў, што ўзаемадзеянне Праваслаўнай царквы і свецкай адукацыі мае добрыя традыцыі. Зараз выконваецца пятая па ліку Праграма супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2020—2025 гады. Дзейнічае каардынацыйны савет Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях супрацоўніцтва.
— Назапашаны значны станоўчы вопыт узаемадзеяння. Праводзяцца мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, фарміраванні ў моладзі грамадзянскасці, патрыятызму, міласэрнасці, прыхільнасці да здаровага ладу жыцця, папулярызацыі сямейных каштоўнасцей. Рабочыя планы і лакальныя дакументы па супрацоўніцтве з епархіяльнымі ўпраўленнямі, благачыннямі Беларускай Праваслаўнай Царквы распрацоўваюцца непасрэдна ўстановамі адукацыі, што дазваляе ўлічваць спецыфіку кожнага рэгіёна, — расказаў намеснік міністра.
Па яго словах, падчас адукацыйных экскурсій навучэнцы, акрамя музеяў, месцаў баявой славы, наведваюць і праваслаўныя святыні. На аснове распрацаваных тыпавых праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю працуюць аб’яднанні па інтарэсах, дзе вывучаюцца гісторыя, культура, праваслаўныя традыцыі рэгіёна і краіны.
Працягваецца выкладанне факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Падрыхтаваны вучэбна-метадычныя комплексы для 5—6 і 6—7 класаў, якія складаюцца з дапаможніка для вучняў, рабочага сшытка, ілюстраванага слоўніка і матэрыялаў для настаўніка.
Сумесныя намаганні педагагічнай супольнасці і праваслаўнага духавенства даюць станоўчы эфект у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці. Шчырыя гутаркі, наведванне бацькамі ўрокаў духоўнасці, “сямейных гасціных” матывуюць іх стаць больш адказнымі, змяніць сваё жыццё да лепшага.
Навучыць настаўніка
Аляксандр Кадлубай падкрэсліў важнасць падрыхтаванасці да гэтай работы педагагічных кадраў, бесперапыннага павышэння іх кваліфікацыі, абмену эфектыўным вопытам, выяўлення выніковасці інавацыйных форм і метадаў работы:
— Вырашэнню гэтых задач у істотнай ступені садзейнічае арганізацыя курсавых і міжкурсавых мерапрыемстваў інстытутаў развіцця адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У сістэме павышэння кваліфікацыі паспяхова рэалізаваны вучэбныя праграмы для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі “Асновы праваслаўнай культуры”, “Выхаваўчы патэнцыял праваслаўнага краязнаўства”. З улікам сучасных патрабаванняў рэалізоўваецца праграма “Фарміраванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму ў вучняў”.
Асаблівае месца ў рабоце педагагічных калектываў займаюць Рэспубліканскія Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні. Стаў традыцыйным штогадовы рэспубліканскі краязнаўчы педагагічны форум, на якім прэзентуецца эфектыўны вопыт рэгіёнаў па праваслаўным краязнаўстве. Праводзяцца навуковыя даследаванні, канферэнцыі, семінары і іншыя мерапрыемствы.
Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кансультант Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў Галіна Нікалаенка расказала аб тым, што ў краіне створана цэлая сетка рэгіянальных рэсурсных цэнтраў па адпаведнай тэматыцы. На сённяшні дзень іх 63, і колькасць працягвае расці. Гэта таксама садзейнічае таму, каб назапашаны эфектыўны вопыт работы станавіўся стартавай пляцоўкай для новых дасягненняў.
Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Волкава адзначыла важнасць правядзення эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Яна расказала аб распрацаваным установай інавацыйным праекце, у аснове якога — выкарыстанне традыцыйнага беларускага тэатра батлейкі. Шмат стагоддзяў ён дапамагаў вырашаць задачу па перадачы традыцыйных каштоўнасцей ад пакалення да пакалення. Праект паказвае: хаця час і змяніўся, але патэнцыял лялечнага тэатра можа быць эфектыўна выкарыстаны і сёння.
А як у Расіі?
Асаблівы госць мерапрыемства Мітрапаліт Екацярынбургскі і Верхатурскі Яўген, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Рускай Праваслаўнай Царквы, падзяліўся расійскім вопытам работы з падрастаючым пакаленнем. Ён расказаў, што ў 4 класе ва ўсіх школах дзеці вывучаюць курс “Асновы рэлігійных культур і свецкай этыкі”. Ён складаецца з 6 модуляў, з якіх вучні і іх бацькі выбіраюць адзін. Можна бліжэй азнаёміцца з канкрэтнай рэлігійнай культурай з ліку найбольш распаўсюджаных ў Расіі канфесій — праваслаўнай, ісламскай, будыйскай, іўдзейскай, можна больш даведацца аб усіх разам ці паглыбіцца выключна ў свецкую этыку. Мітрапаліт Яўген у сваім выступленні спыніўся на аспектах выкладання модуля “Асновы праваслаўнай культуры”.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі з цікавасцю азнаёміліся з вопытам функцыявання ў расійскіх рэгіёнах праваслаўных школ. Таксама была прадстаўлена адукацыйная пляцоўка “Клевер Лаборатория”, якая дапамагае настаўнікам павысіць свае веды і ўмацаваць навыкі для выхавання духоўна здаровай моладзі.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара