Настаўнік Вячаслаў Жалубоўскі падчас пазнавальных вандровак пабываў з вучнямі ў 90 са 118 раёнаў Беларусі!

- 9:04Персона

Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі падчас пазнавальных вандровак пабываў з вучнямі ў 90 са 118 раёнаў Беларусі. Нядаўна яны вярнуліся з чарговага падарожжа па роднай краіне, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На старце

— Я сам, здаецца, вечны школьнік, — смяецца Вячаслаў Генрыхавіч. — У гэтай школе вучыўся, сюды ж вярнуўся пасля вучобы і працую 30 гадоў. З іх 29 займаюся паходамі.

Наша знаёмства з настаўнікам адбылося ў арганізацыйны дзень, які традыцыйна праводзіцца ў школе напярэдадні кожнага падарожжа перасовачнага палатачнага лагера “Непаседы”. У спартыўнай зале сабраліся 45 вучняў розных узростаў. Гэта амаль чвэрць усіх школьнікаў навучальнай установы.

— Бяру ўсіх жадаючых. І ў гэтым ёсць плюс: старэйшыя наг­лядаюць за малодшымі, а апошнія вучацца ў старшакласнікаў. З намі яшчэ тры настаўнікі. Хіба адзін справішся? — усміхаецца Вячаслаў Генрыхавіч. — Клопатаў хопіць кожнаму, бо справа адказная. З-за кавіду мы на некалькі гадоў вымушаны былі спыніць нашу дзейнасць. І вось зноў едзем!

У арганізацыйны дзень дзеці праходзяць інструктаж, ім нагадваюць правілы бяспечных паводзін. Яны правяраюць багаж, які будуць загружаць у камфартабельны аўтобус, трэніруюцца ставіць палаткі, якія разам са спальнымі мяшкамі, прыладамі для палявой кухні, сумкамі з прадуктамі, бутэлькамі з пітной вадой стаяць у асобным кабінеце.

— Абавязкова бяром з сабой ваду. Гэта дазваляе спыняцца на начлег практычна ў любой мясцовасці і без праблем гатаваць абед. Ежа простая, паходная. Самая любімая страва ў дзяцей — вараная бульба з тушонкай. На перакус — пячэнне, халва. Калі трэба, набываем прадукты падчас падарожжа, — тлумачыць настаўнік.

Кожная вандроўка спланавана і прадумана да дробязей. І маршрут — не выключэнне.

— Першы пункт на карце — Астравец, дзе размешчана атамная электрастанцыя, далей — Навагрудак, Мір, Нясвіж, Пясочнае Капыльскага раёна, дзе пачынаецца Нёман. Наведваем сядзібу беларускага Тэслы — Наркевіча-Ёдкі, далей накіроўваемся да гары Дзяржынскай і ў Мінск, глядзім Курган Славы. Пасля экскурсіі па сталіцы адпраўляемся ў Браслаў, на гару Маяк, потым — у Мёры, Полацк, Глыбокае, Паставы. А на наступны дзень ладзіцца экскурсія па нашым Нарачанскім краі. Затым едзем у заказнік “Блакітныя азёры”, дзе праводзім ноч. У апошні з дзевяці дзён прыводзім у парадак інвентар і развітваемся да верасня, — знаё­міць з падрабязнасцямі маршруту Вячаслаў Генрыхавіч. 

Незабыўны першы вопыт

Пачалося ўсё ў 1994 годзе, калі Вячаславу Генрыхавічу даверылі класнае кіраўніцтва і баць­кі дзяцей прапанавалі на летніх канікулах адправіцца ў паход. Мядзельскі край — азёрны, таму спачатку наведаліся з начоўкай і палаткамі на адно возера, а на наступны год — на другое. І паступова прыйшлі да думкі аб падарожжы на веласіпедах па ўсёй Беларусі.

— Адчайныя былі, нявопытныя, але замахнуліся адразу на вялікую вандроўку. Першы маршрут складаў амаль 600 кіламетраў, з іх 500 праехалі на веласіпедах. Тое падарожжа многаму нас навучыла, — заўважае настаўнік. — З дзевяці дзён сем ішоў дождж. Затое засвоілі важныя ўрокі, напрыклад, як правільна і хутка пакаваць рэчы.

Спачатку ў велапаходы ён браў толькі дзяцей, у якіх быў класным кіраўніком. Потым пачалі далучацца аматары і з іншых класаў. Вось і набіралася па 25—30 вучняў.

— Каманда збіралася добрая: сур’ёзныя, адказныя, не падво­дзілі ніколі. Хутчэй нашы жалезныя коні больш клопату дастаўлялі. Разы тры шукалі зваршчыкаў, каб адрамантаваць транспарт. Памятаю, як прыйшлося на электрычцы ехаць, дык нам хапіла трох мінут, каб 25 веласіпедаў загрузіць у вагон, — прыгадвае суразмоўнік.

Маршруты ўсіх велапаходаў падрабязна апісаны на сайце школы ў раздзеле “Турыстычны даведнік”. Дарэчы, стварыў і вя­дзе яго сам Вячаслаў Генрыхавіч.

— Мне на шкада дзяліцца вопытам, — гаворыць ён. — Кожны жадаючы знойдзе там шмат карыснай інфармацыі: рэкамендацыі па арганізацыі турыстычных маршрутаў, спіс аб’ектаў, якія варта наведаць, кароткую даведку аб іх месцазнаходжанні, нумары тэлефонаў і графікі работы, варыянты размяшчэння для пражывання, пункты харчавання, кампаніі па арэндзе транспарту, адрасы карысных сайтаў.

І лагістык, і экскурсавод

Вячаслаў Генрыхавіч заўсёды імкнуўся да падарожжаў, да новых мясцін. Нездарма ў школьныя гады гісторыя і геаграфія былі яго любімымі прадметамі нароўні з матэматыкай. Да кожнай вандроўкі настаўнік з вучнямі рыхтуецца вельмі адказна — цэлы год. Вызначаюцца з месцамі для паходу, вырашаюць усе арганізацыйныя моманты.

— Мне вельмі цікава! Шмат чытаю, гляджу, дзе не былі, што новага з’явілася. Напрыклад, Косаўскі палац першы раз убачыў на паштоўцы, загарэўся ўба­чыць яго, і ў 2008 годзе мы туды паехалі на веласіпедах. Гатавалі побач з руінамі ежу, а цяпер замак не пазнаць пасля рэканструкцыі. Мы і зараз яго наведваем, — расказвае вандроўнік.

Не застаюцца ў баку ад клопатаў “Непасед” і кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Мядзельскага райвыканкама, якое дапамагае з дакументамі і бухгалтарскімі пытаннямі, і Нацыянальны парк “Нарачанскі”, які прадастаўляе школьнікам аўтобус, і святары мясцовай царквы, якія дзеляцца палаткамі і спальнікамі.

Сціплы па натуры, Вячаслаў Генрыхавіч лічыць сябе звычайным настаўнікам. Яму падабаецца працаваць з дзецьмі, ён ганарыцца іх поспехамі ў шматлікіх краязнаўчых конкурсах. А ці былі б гэтыя перамогі без падарожжаў, без адданасці настаўніка сваёй справе? Ён лічыць важным выхаваўчым момантам прыехаць у Брэсц­кую крэпасць 22 чэрвеня к 4 гадзінам раніцы на ўрачыстае мерапрыемства. Тры разы вучні з настаўнікам пабывалі на “Славянскім базары”. Жылі ў палатках каля ракі і наведвалі канцэрты.

— Дзякуючы падарожжам, я наладжваю кантакт і даверлівыя адносіны з дзецьмі. Падчас навучальнага года магу зайс­ці ў любы клас і правесці ўрокі. Баць­кі школьнікаў заўсёды адгукаюцца на мае просьбы. І яшчэ прыемна, калі вучні згадваюць мяне добрым словам і выказваюць шчырую падзяку. Сем маіх выпускнікоў 2006 года сталі настаўнікамі гісторыі і геаграфіі. Некаторыя сёння арганізоўва­юць паходы і сцвярджаюць, што я стаў для іх прыкладам, — рэзюмуе вандроўнік са стажам.

Марына ЖДАНАВА