Жыццё пражыць — не поле перайсці. Гэтую прыказку з маладых гадоў запомніла сям’я настаўнікаў — Васіль Васільевіч Акаронка і яго жонка Еўдакія Аляксееўна. І яны стараліся пражыць жыццё сумленна, творча і прыгожа, нягледзячы на розныя перашкоды і нягоды.

На свет яны з’явіліся ў розны час і ў розных краінах. Еўдакія Аляксееўна нарадзілася ў палескім Давыд-Гарадку ў сям’і шаўца.
“Я пятая ў сям’і, у нас было васьмёра дзяцей, — расказвае жанчына. — Але жылі мы дружна і весела. Я з маленства марыла быць настаўніцай матэматыкі. У мяне вельмі добра атрымліваліся задачы. Я заўсёды старалася дапамагаць аднакласнікам. А вось у інстытут паступіць было нялёгка: чатыры чалавекі на месца”.
Маці Васіля ў гады вайны фашысты вывезлі ў Германію. Ёй пашанцавала, што яна там выжыла, сустрэла сваё каханне, башкірскага хлопца. І ад гэтага кахання з’явіўся выдатны хлопчык. Пасля вайны ён з маці прыехаў у яе родную вёску Заточча. Жыццё так склалася, што маці гадавала сына без бацькі. Яна пайшла працаваць даяркай на ферму і, хоць плацілі тады капейкі, старалася, каб сын ні ў чым не меў патрэбы, і вельмі радавалася, што нарадзіўся ён добры і спагадлівы, а яшчэ і таленавіты. Вучыўся ў школе вельмі добра, любіў спяваць, танцаваць, але не забываў і маці дапамагаць.
Пасля заканчэння школы юнак не пайшоў паступаць, а ўладкаваўся на работу загадчыкам затоцкага вясковага клуба. Прапрацаваўшы год, назбіраў крыху грошай і дапамог маці “перасыпаць” іх стары дом. А вось на наступны год хлопец паступіў у Брэсцкі педінстытут імя А.С.Пушкіна на выкладчыка геаграфіі і біялогіі. Маладога студэнта, таленавітага і з кіраўніцкай жылкай, заўважылі ў інстытуце. Яго выбралі старастам групы. Акрамя гэтага, Васіль кіраваў студэнцкім навуковым таварыствам, дзе і звярнуў увагу на сімпатычную і разумную дзяўчыну-матэматыка. Яна яму запала ў душу. Пачуцці аказаліся ўзаемнымі.
“У яго немагчыма было не закахацца, — смяецца Еўдакія Аляксееўна. — Яго палымяны позірк, нейкі незямны голас, эрудыцыя і ўменне з усімі знаходзіць кантакт прымушалі не адну дзяўчыну ўздыхаць. Але я шчаслівая, што Бог менавіта мне паднёс гэты бясцэнны падарунак. Мінула 50 гадоў, а здаецца, што ўсё было ўчора. Васіль вучыўся 5 гадоў, а я 4. Скончылі інстытут разам. Яго накіравалі ў Драгічынскі раён, а мяне — у Столінскі”.
“Я прапаноўваю ёй руку і сэрца, — працягвае аповед Васіль Васільевіч, — еду да яе бацькоў, атрымліваю іх згоду, забіраю Еўдакію і вязу ў Заточча. 29 чэрвеня 1970 года ідзём у сельсавет, распісваемся і, не робячы ніякага вяселля, хутчэй едзем да загадчыка аблана Рыгора Данілавіча Богната, каб перавёў маю жонку ў Драгічынскі раён”.
Было лета 1970 года. Маладая пара настаўнікаў шчаслівая і закаханая. Ім мала было поле перайсці, яны гатовы былі пераадолець акіян. Уладкаваліся ў Хомскую сярэднюю школу. Васіль — хімікам, Еўдакія — матэматыкам. Праз год, 19 мая 1971 года, маладога мужа забралі ў армію. Служыў у ракетных войсках у Лепелі. Зарэкамендаваў сябе з лепшага боку, таму пасля трох месяцаў службы далі яму месяц водпуску. Адпачынак быў дарэчы: дома ўжо чакаў першынец Аляксандр.
Дэмабілізаваўшыся, Васіль вярнуўся дадому, а работы ў Хомскай школе не аказалася. Загадчык райана накіраваў яго начальнікам раённага лагера ў Гаравіцу.
“Пасля лагера назначылі дырэктарам Сулічаўскай школы. Мне прапанавалі пасаду, а вопыту ніякага. Жонка таксама не хацела з’язджаць: толькі прывыкла да хомскай зямлі. Але давялося. Я чарговы раз зразумеў, што жыццё пражыць — не поле перайсці, а трэба яго сто разоў пераехаць. І паехалі мы ў Сулічава. Я быў маладым дырэктарам. Але што мяне ўразіла, дык гэта павага людзей. Іду па вуліцы, а старыя людзі, вітаючыся, кланяліся і нават капялюш знімалі”.
Працуючы дырэктарам, Васіль Васільевіч згуртаваў творчы калектыў, стварыў цудоўную матэрыяльную базу. Ад яго зыходзіла ініцыятыва стварыць у Сулічаве школу-сад. Пакуль школа лічылася размешчанай у забруджанай радыяцыйнай зоне, Васіль Васільевіч першым у раёне перабудаваў сістэму харчавання ў школьнай сталовай. Ён змог знайсці спонсараў і сяброў для школы. Нездарма яму прысвоена званне выдатніка адукацыі, нездарма ён мае шматлікія ўзнагароды і граматы, сярод якіх асабліва вылучаецца Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР “За стварэнне і абсталяванне кабінетаў”.
Траіх сыноў выгадавалі Васіль Васільевіч і Еўдакія Аляксееўна. І ўсе яны (Аляксандр, Сяргей і Ігар) пайшлі па слядах бацькоў. Дачакаліся ўжо ўнукаў і праўнукаў. І дзеці, і ўнукі засвоілі ўрок сваіх бацькоў, што жыццё пражыць — не поле перайсці, і імкнуцца араць гэтае поле жыцця сумленна і якасна.
Ніна ГРЫЦУК,
ветэран педагагічнай працы,
старшыня Брашэвіцкай ветэранскай арганізацыі Драгічынскага раёна





