Школьны музей. Рамязы: кніга памяці

- 15:15Образование

Любоў да роднага краю пачынаецца з любові да сваёй сям’і, сваёй школы, сваёй вёскі. Такія пачуцці адчуваеш, знаходзячыся ў музеі працоўнай і баявой славы Рамязоўскай сярэдняй школы Ельскага раёна.

Не забыць, як больш за 30 гадоў назад мяне, выпускніцу Мазырскага педінстытута, размеркавалі ў Рамязоўскую школу. Тут працаваў згуртаваны педагагічны калектыў аднадумцаў на чале з дырэктарам Віктарам Сяргеевічам Чарняковым. Я многаму навучылася ў сваіх настаўнікаў, перш за ўсё працавітасці, адказнасці за даручаную справу, рабоце ў камандзе. У 1996 годзе мне даверылі кіраўніцтва музеем.

Вывучала вопыт калег, шмат чытала, задумала стварыць пры музеі гурток “Краязнаўцы”. Прыйшло выразнае разуменне таго, што навучэнцаў трэба далучаць да пошукавай дзейнасці, дапамагаць лепш спазнаваць свой родны край, асаблівасці яго гісторыі і культуры, паказваць узаемасувязь гісторыі малой радзімы і гісторыі краіны.

Краязнаўства стала, па сутнасці, маім хобі, якім хацелася заха­піць школьнікаў. Пры арганізацыі работы з дзецьмі выкарыстоўваю розныя метады і формы работы: алімпіяды, экскурсіі, навукова-практычныя канферэнцыі, конкурсы даследчых работ, віктарыны, турыстычна-краязнаўчыя акцыі, творчыя праекты… Вынік гэтай дзейнасці — перамогі навучэнцаў на розных конкурсах.

З вялікай цікавасцю дзеці займаюцца вывучэннем гісторыі сям’і, складаючы радаводы ў выглядзе генеалагічнага дрэва — некаторыя з іх захоўваюцца ў музеі. Напрыклад, радаслоўнае дрэва сям’і Ільюк, створанае да восьмага пакалення, мае асаб­лівую каштоўнасць для музея і дае магчымасць многім навучэнцам на яго аснове складаць свае радаводы. Прыемна, што ў пошуках сваіх каранёў да нас звяртаюцца і выпускнікі школы.

Наша школа — адна з найстарэйшых у Ельскім раёне: яна адзначае 160-гадовы юбілей. Значныя падзеі школьнага жыцця, лёсы людзей закладзены ў летапіс школы, які вядзецца на працягу доўгага часу.

Створана экспазіцыя “Гордасць школы — медалісты”. Ганарымся, што сярод іх — Мікалай Фяськоў, ветэран педагагічнай працы, які ўзначальваў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў; Вольга Сіўчук, начальнік аддзела адукацыі Ельскага райвыканкама; Алена Паўлава, намеснік дырэктара Ельскай раённай гімназіі.

Падчас правядзення экскурсій дзеці расказваюць пра нашых землякоў — палітычнага дзеяча Ціхана Кісялёва, які многія гады ўзначальваў Савет Міністраў БССР і быў дырэктарам Рамязоўскай школы (з 1939 па 1941 год), пісьменніка Івана Капыловіча, аўтара гімна Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Віктара Сіўчука. Гэтыя гісторыі выклікаюць у школьнікаў пачуццё прыналежнасці гісторыі малой радзімы да гісторыі бела­рускай дзяржавы…

На працягу некалькіх гадоў вялася работа па стварэнні летапісу вёскі Рамязы — яе матэрыялы пакладзены ў аснову навукова-даследчай работы, якая атрымала дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе.

Асаблівая наша ўвага — падзеям часоў Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 100 чалавек з вёскі Рамязы былі расстраляны фашысцкімі захопнікамі. Сама вёска спалена ў 1943 го­дзе. Нам удалося ўзяць інтэрв’ю ў вязня гета Емяльяна Сямёнавіча Купермана, які цудам застаўся ў жывых. На аснове матэрыялаў відэазапісу была напісана навукова-даследчая работа “Сямейная рэліквія Е.С.Купермана”.

У 2021 годзе ў рамках удзелу ў рэгіянальнай завочнай пошукавай экспедыцыі “Тапаграфія памяці” навучэнцамі школы былі прадстаўлены даследчыя матэрыялы “Вязні вайны”, якія размешчаны ў электроннай базе партала “Тапаграфія памяці”. Клуб “Краязнаўцы” ўзнагароджаны дыпломам пераможцы за ўдзел у завочнай пошукавай экспедыцыі.

У рабоце клуба “Краязнаўцы” актыўна выкарыстоўваецца метад праектаў, які цесна звязаны з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Падрыхтаваны відэафільмы “Мой край”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мой родны край. Сыч Марыя Лук’янаўна”, “Сямейная рэліквія вязня трох гета”, “Наша падарожжа па гарадах Брэсцкай вобласці”, “Маё падарожжа па гарадах Гродзенскай вобласці”, “З вытокаў да сучаснасці” і інш.

Усе гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца для правядзення музейных урокаў, экскурсій, інфармацыйных гадзін, урокаў гісторыі Беларусі. На працягу навучальнага года ў музеі праходзяць тэматычныя экскурсіі, вусныя часопісы “Халакост у Беларусі”, “Чарнобыль — боль мой”, выставы “Афганістан у памяці”, “Выпускнікі школы ў гады ВАВ”.

Вынікам гэтай дзейнасці з’яўляецца адкрыццё раённага рэсурснага цэнтра “Рэсурсы краязнаўства ў выхаванні навучэнцаў”. Наша ўстанова стала апорнай для іншых устаноў адукацыі раёна.

Радасцю для мяне і юных края­знаўцаў з’яўляецца заслужаная ацэнка нашай работы. Мы пабывалі ў рэс­публіканскім лагеры “Зубраня”, прадстаўлялі Гомельскую вобласць у рэспубліканскім летнім профільным аздараўленчым лагеры для актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, абласных краязнаўчых лагерах.

…Музей — як кніга памяці, жывая гісторыя, сувязная ніць часоў і пакаленняў. Колькі б гадоў ні мінула, мы абавязаны памятаць…

Людміла ТРОШКА,
намеснік дырэктара
Рамязоўскай сярэдняй школы