Статус Школы міру сярэдняя школа № 3 Ашмян атрымала ў красавіку бягучага года. Пра міратворчую дзейнасць установы адукацыі, цікавыя праекты, свежыя ідэі і зорных выпускнікоў педагогі школы могуць гаварыць гадзінамі. Таму што ім ёсць пра што расказаць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Аркестр на траве
Спякотнай ліпеньскай раніцай сярэднюю школу № 3 у Ашмянах бачна здалёк. Па-першае, яна пабудавана на пагорку — красуецца ва ўсіх навідавоку. Па-другое, патанае ў кветках, сярод якіх асабліва вылучаюцца далікатныя кусты руж. Па-трэцяе, прыцягвае позіркі група музычных інструментаў — піяніна, арфа і кантрабас, якія, быццам невялічкі аркестр на гастролях, “прыселі” на лужку перад уваходам у школу. Вольга Барысенка-Рабко, загадчыца Ашмянскага раённага ВМК, якая знаёміць мяне з ашмянскай Школай міру, расказвае, што раней у аркестры на школьным газоне верхаводзіў шыкоўны белы раяль, аднак надвор’е і ападкі не пашкадавалі яго — “пайшоў на пенсію”. Я ж лаўлю сябе на думцы, што 3-я школа Ашмян выглядае як сімвал мірнага, шчаслівага дзяцінства.
Намеснікі дырэктара школы Данута Янцэвіч і Алена Бурнас відавочна ганарацца месцам, дзе працуюць. Ды што працуюць — жывуць. Сярэдняя школа № 3 Ашмян, як вялікая дружная сям’я, прымае пад сваё крыло і малых і вялікіх. Нездарма тут добра наладжана работа з бацькамі. А яшчэ ўстанова адукацыі на працягу 7 гадоў у раённым рэйтынгу займае лідзіруючыя пазіцыі як школа ўзорнай якасці і парадку. Таму педагагічны калектыў стараецца займаць лідарскія пазіцыі па ўсіх напрамках работы.
Зорны выпуск
Першага верасня бягучага года сярэдняя школа № 3 Ашмян адзначыць 50-гадовы юбілей. І гэта не адзіная падстава ёй ганарыцца. Сёлетні выпуск школы называюць зорным: уявіце сабе — 10 медалістаў з 29 навучэнцаў! Сярэдні бал класа — 9,33.
— Калі гаварыць пра планы сёлетніх медалістаў, то Дар’я Свірская паступае ў БДУ па рэкамендацыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, — расказвае Алена Чаславаўна Бурнас, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — Таленавітых дзяцей у школе шмат, а гэты выпуск у нас асаблівы. Двое навучэнцаў перамаглі ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. Праўда, адна з вучаніц, Лізавета Заянчкоўская, сваёй перамогай на алімпіядзе, якую праводзіў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, не скарысталася, а паступіла па мэтавым накіраванні ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Другі ж выпускнік, Артур Генюш, выкарыстаў сваю перамогу на ўніверсітэцкай алімпіядзе, каб паступіць на гістарычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы.
Сярод зорных выпускнікоў — Цімафей Гудэбскі, які накіраваўся ў БДУ на біяфак па рэкамендацыі педагагічнага класа і з мэтавым накіраваннем. А Вікторыя Рыбалоўская збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка пасля заканчэння педагагічнага класа. Прычым расце дастойная змена не толькі педагогам школы. Арцём Амшэй паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт з мэтавым накіраваннем ад прадпрыемства “Гродна-Азот”. Юны спартсмен надзея Ашмяншчыны Вадзім Андрыеўскі ўзяў мэтавае накіраванне ад філіяла “Ашмянскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” і паступае ў БНТУ. Ангеліна Касяк атрымала мэтавае накіраванне ў Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт. Астатнія выпускнікі зорнага класа таксама маюць намер стаць студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Наогул, уся паралель у школе ўдалая. Можа, год нараджэння такі: ашмянская зямля нарадзіла надзвычай таленавітае пакаленне.
Пытаюся ў педагогаў, чаму гэты клас паказаў такі зорны вынік. Па меркаванні Алены Бурнас, адна з прычын у тым, што асноўная частка выпускнікоў — навучэнцы эстэтычнага класа. Зорнаму класу вельмі пашанцавала з настаўнікамі, таму што ў іх выкладалі вопытныя, моцныя педагогі, уключаючы класных кіраўнікоў, нават з ліку маладых спецыялістаў. Так, Дзіяна Генадзьеўна Дорняк адпрацавала ў школе тры гады і ўжо занесена ў Кнігу пашаны маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці. Яна ж і была класным кіраўніком зорнага класа. Зоркі сышліся, адным словам.
26 міратворцаў
З чаго пачалася Школа міру ў сярэдняй школе № 3 Ашмян?
— З перамогі ў конкурсе “Мір у душы — мір у краіне”, — гаворыць Данута Францаўна Янцэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — У мінулым годзе нашы навучэнкі Ксюша Буката з малюнкам “Памятнае месца” і Ліза Лабачэўская са сваім вершам “Над бабулінай хатаю кружыцца бусел…” перамаглі ў абласным этапе конкурсу, а Ліза Лабачэўская (якая, дарэчы, зараз паступіла ў Ліцэй БДУ, здаўшы ўступныя экзамены на дзясяткі) перамагла і на рэспубліканскім этапе. Яе запрасілі ў Мінск на ўручэнне прэміі за перамогу ў конкурсе, і Ліза паехала туды з мамай — настаўніцай школы Святланай Лабачэўскай, якая зараз з’яўляецца класным кіраўніком у класе юных міратворцаў. Калі маці з дачкой вярнуліся з конкурсу, Святлана Уладзіміраўна падала нам ідэю ўступіць у рады Школ міру. Ідэя нам вельмі спадабалася, тым больш што практычна па ўсіх крытэрыях сярэдняя школа № 3 падыходзіла для таго, каб атрымаць статус Школы міру. Усе члены нашага педагагічнага калектыву з’яўляюцца членамі фонду міру. Мы запоўнілі неабходныя дакументы і адправілі заяўку. Праз некаторы час мне патэлефанаваў старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Васільевіч Калбаска і парадаваў навіной аб тым, што мы атрымаем гэты высокі статус. Старшыня Ашмянскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Тамара Раманаўна Суравец дапамагла з пашывам адпаведных касцюмаў дзецям-міратворцам. І, нарэшце, у пачатку красавіка бягучага года ў святочнай атмасферы наша ўстанова афіцыйна стала Школай міру.
Данута Францаўна асабліва адзначае, што клас міратворцаў (зараз гэта 8 “А”) вельмі рады свайму новаму статусу. Яны актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў — усе 26 чалавек, як адзін, разам на велапрабегах, у дабрачынных акцыях і валанцёрскай рабоце. Намеснік дырэктара падкрэслівае, што дзеці горача падтрымліваюць прынцыпы Школы міру. Вітаюць гэтую дзейнасць і бацькі навучэнцаў.
В.І. Барысенка-Рабко, Д.Ф, Янцэвіч, А.Ч. Бурнас
А Вольга Іванаўна Барысенка-Рабко дадае, што на Ашмяншчыне наладжаны добрыя адносіны з Беларускім фондам міру: за 5 гадоў 21 дзіця атрымала стыпендыю ад фонду. У 2018 годзе, калі была прэзентацыя кнігі “Дзеці за мір”, верш вучня з маленькай Крэйванцаўскай базавай школы Ашмянскага раёна, дзе ўсяго 48 дзяцей, трапіў у гэтую кнігу. З гэтага і пачалося супрацоўніцтва з фондам міру.
Канкрэтныя добрыя справы
— Думаю, для нашых дзяцей быць міратворцамі — значыць прапагандаваць ідэі міру і стварэння, — працягвае Данута Янцэвіч. — Быць міратворцамі — значыць падтрымліваць сямейныя каштоўнасці, удзельнічаць у сямейных святах разам з бацькамі, пашыраць ідэі здаровага ладу жыцця, браць удзел у спартыўных мерапрыемствах і паказваць прыклад равеснікам. Нашы міратворцы актыўна займаюцца валанцёрствам: дапамагаюць ветэранам педагагічнай працы і насельнікам Дома сумеснага пражывання для адзінокіх людзей. Пажылыя людзі іх вельмі любяць, заўсёды сустракаюць са слязамі на вачах. Здавалася б, простыя рэчы, але галоўнае тут — увага да людзей, асабліва да тых, каму так неабходны дапамога і падтрымка. Справа не ў якасці і колькасці падарункаў — людзям важная простая чалавечая ўвага.
Таксама міратворцы наведваюць дзяцей — выхаванцаў інтэрната, збіраюць канцылярскія прылады для дзетак з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Адным словам, міратворчую дзейнасць вучні сярэдняй школы № 3 Ашмян ажыццяўляюць праз канкрэтныя добрыя справы, а не праз прыгожыя лозунгі. Іх штодзённая дзейнасць — дапамога землякам, якія маюць у ёй патрэбу.
Проста жыць
Ці дапамагае ў міратворчай дзейнасці эстэтычны напрамак, які дзейнічае ў школе? Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Данута Францаўна ўпэўнена, што так. Многія дзеткі займаюцца ў школьнай узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль” і маюць магчымасць перадаць сваё бачанне важнасці міру ва ўсім свеце з дапамогай фарбаў і алоўкаў. Дзеці паказваюць у сваіх работах прыгажосць роднай зямлі, фантазіруюць пра яе шчаслівую будучыню. Дзіцячае бачанне міратворчай дзейнасці вельмі цікавае.
— Асабіста для мяне як для чалавека і педагога мір і міратворчая дзейнасць — гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, — падагульняе Данута Францаўна. — Гэта адчуванне, што ты ідзеш зранку на работу і ведаеш, што ты можаш спакойна працаваць, мець зносіны з калегамі, даваць веды дзецям і ўзамен атрымліваць ад іх эмоцыі. Гэта ўпэўненасць, што вечарам ты можаш вярнуцца ў сваю сям’ю, што ў тваім доме ўсё спакойна і зладжана, што твае дзеці і ўнукі здаровыя. Мір — гэта, па вялікім рахунку, тое, да чаго мы прывыклі, — звычайнае простае жыццё. І гэта не хочацца страціць.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і Марты БАГДАНОВІЧ