«Ёсць Востраў у мяне // З нягод і скрух. // Я да яго лячу, як да святыні: // Ён даў дыханне мне, і зрок, і імя…» — так пранікнёна і шчымліва прызнаваўся ў любові да роднага куточка беларускі паэт Міхась Рудкоўскі. Вёска Востраў Ганцавіцкага раёна вядомая найперш дзякуючы яму.
Ушаноўваючы памяць аб славутым земляку, Востраўскай сярэдняй школе ў свой час было прысвоена імя паэта. Ва ўстанове дзейнічаў літаратурны музей. На жаль, у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй школа была закрыта. Замест яе пачала працаваць турыстычная база «Астравок».

Каторае лета юнакоў і дзяўчат раёна гасцінна сустракае ў ёй лагер абаронча-спартыўнага профілю, у якім дзесяцікласнікі праходзяць вучэбна-палявыя зборы. Усе мерапрыемствы, што праводзяцца падчас іх, накіраваны на фарміраванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, адданасці Радзіме, гатоўнасці абараняць яе інтарэсы.
Ужо прайшлі дзве змены. Падчас апошняй школьнікі былі размеркаваны па 4 узводах: «Славянскі шчыт», «Баграціён», «Смуглянка» і «Нястрымныя». Кожны меў свае дэвіз і ўзводную песню.

9 дзён былі багатыя на спартыўна-масавыя мерапрыемствы ў рамках спартакіяды «Алімпійскія гульні» і мерапрыемствы ваенна-патрыятычнага кірунку. Так, выхаванцы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па настольным тэнісе, валейболе, баскетболе і шашках. Юнакі паказалі спрыт і характар у здачы нарматываў па дапрызыўным мнагаборстве, у спартландыі «Армейскія старты». Удзел у такіх спаборніцтвах дапамагаў сфарміраваць згуртаванасць і ўзаемападтрымку. Дзяўчаты ўдасканалілі ўменні і навыкі на занятках па медыцынскай практыцы.
Жаданымі гасцямі сталі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія правялі практычныя заняткі «Пажарная паласа перашкод» і прафілактычную гутарку «Канікулы без дыму і агню». У рамках міжведамаснай рэспубліканскай праграмы «Клопат» супрацоўнікі Ганцавіцкага РАУС і Дэпартамента аховы МУС адпрацавалі з вучнямі алгарытм дзеянняў пры затрыманні правапарушальнікаў. Дзеці пераканаліся, наколькі адказныя і мужныя людзі працуюць у гэтых дзяржаўных структурах. З непадробнай цікавасцю і захапленнем яны назіралі за іх зладжанай работай. Думаецца, што для многіх гэтыя сустрэчы сталі падмуркам у выбары будучай прафесіі.

Юнакі і дзяўчаты ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў ля помніка ў Востраве, з энтузіязмам падтрымалі абласны флэш-моб «Першы рэгіён за мір», прынялі ўдзел у гульні «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».
Нельга ўявіць сабе лагерную змену без песень ля вогнішча з гітарай. Кожны ўзвод рыхтаваў сваю ваенна-патрыятычную кампазіцыю.

Незабыўным момантам стаў конкурс «Міс і містэр лагера», у якім выхаванцы праявілі крэатыўнасць, паказалі таленты і інтэлектуальныя здольнасці.
І, канечне ж, не абышлося без наведвання літаратурнага музея Міхася Рудкоўскага, дзе школьнікі даведаліся больш падрабязна пра таленавітага сына палескай зямлі.

Лепшым пацвярджэннем таго, што лагерная змена ўдалася, стала падвядзенне вынікаў спартакіяды і дапрызыўнага мнагаборства. Юнакі і дзяўчаты атрымалі шматлікія граматы і ўзнагароды за актыўны ўдзел у спаборніцтвах і конкурсах. За гэтыя кароткія 9 дзён яны знайшлі сяброў, паказалі лепшыя якасці, навучыліся быць адказнымі і самастойнымі.
Яўген КАБРЫНЕЦ,
дырэктар лагера абаронча-спартыўнага профілю «Астравок»





