Выхавальніца Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна Таццяна Перашчук лічыць, што дашкольны ўзрост — найлепшы час для далучэння малышоў да нацыянальнай культуры. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Для гэтага педагог распрацавала праект па патрыятычным выхаванні “Чароўны свет Беларусі”, які складаецца з 9 тэматычных блокаў: “Беларусь на карце свету”, “Сімвалы Беларусі”, “Раслінны свет”, “Жывёльны свет”, “Вядомыя імёны Беларусі”, “Вядомыя мясціны Беларусі”, “Святы Беларусі”, “Беларускія народныя промыслы” і “Беларуская народная творчасць”.
На працягу навучальнага года дзеці знаёмяцца з гісторыяй і культурай роднай зямлі на занятках, канспекты якіх складзены на аснове вучэбна-метадычнага дапаможніка “Свет, у якім я жыву” А.Л.Давідовіч і метадычных напрацовак самой выхавальніцы. Для лепшага засваення матэрыялу яна звяртаецца да розных тэхналогій яго візуалізацыі: скрайбінгу, кросенса, таймлайну і інтэлект-карт.
Вялікую работу па азнаямленні дзяцей з гісторыяй малой радзімы Таццяна Перашчук праводзіць не толькі ў рэгламентаванай дзейнасці. Падчас гутарак з малышамі педагог расказвае ім пра беларускую народную творчасць, дзяржаўныя і народныя святы, мінулае роднага краю.
— Дашкольнікі ахвотна ўдзельнічаюць у народных рухавых гульнях, якія адлюстроўваюць лад жыцця продкаў і іх працу: “Капялюш”, “Лянок”, “Міхасік”, “А мы проса сеялі”, “Бусел”, “Груша”, “Кіёчак — пазалочаны ражочак” і іншых, — расказвае Таццяна Леанідаўна. — Вельмі падабаюцца малышам і забавы, прымеркаваныя да народных свят і звязаныя з рознымі традыцыямі: “Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень” і г.д.
Выхоўваць патрыятычныя пачуцці і павагу да баявых подзвігаў землякоў, якія аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад фашыстаў, дапамагаюць экскурсіі ў Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Якуба Коласа і мясцовую бібліятэку, удзел у акцыях “Дзякуй дзеду за Перамогу” і “Голуб міру”, а таксама ў конкурсе малюнкаў “Святочны салют”.
— Больш даведацца пра ваеннае і гістарычнае мінулае малой радзімы дазваляе праект “Посткросінг паміж дзіцячымі садамі”, — адзначае педагог. — Геаграфія нашай перапіскі пакуль невялікая: 13 адрасоў у 13 населеных пунктах Піншчыны. Калегі расказваюць пра свае вёскі, дасылаюць паштоўкі і фотаздымкі славутых мясцін. Дзякуючы гэтаму, выхаванцы не толькі даведваюцца шмат новага пра сваю малую радзіму, але і ў захапляльнай форме знаёмяцца з гісторыяй пісем і паштовак, паштовай службай, работай паштальёнаў і іншымі прафесіямі, вучацца складваць лісты і падпісваць канверты, разбірацца ў паштовых марках, знаходзіць на карце месцы, адкуль прыйшлі пісьмы. У выніку быў створаны метадычны дапаможнік “Чамадан пісем ад сяброў”, дзе захоўваюцца лісты і паштоўкі ад новых знаёмых.
Не застаюцца без увагі і бацькі, з якімі Таццяна Перашчук праводзіць тэматычныя кансультацыі, гутаркі, анкетаванне і інш. Акрамя таго, мамы і таты ўдзельнічаюць з дзецьмі ў міні-падарожжах па маршруце выхаднога дня “Каб памяталі”, распрацаваным калегамі педагога. Так, бацькі пабывалі ў музеі ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам, мемарыяльным комплексе “Партызанам Палесся”.
Але адправіцца ў захапляльнае падарожжа па памятных мясцінах краіны могуць не ўсе і не заўсёды. У такой сітуацыі Таццяна Леанідаўна прапаноўвае мамам і татам віртуальныя туры, якія падабаюцца не толькі ім, але і дзецям.
Цікава праходзяць і бацькоўскія сходы. Асабліва запомніўся майстар-клас адной з мам па вырабе лялек-кувадак сваімі рукамі.
У педагагічным арсенале Таццяны Перашчук шмат займальных форм і метадаў работы, якія дапамагаюць яе выхаванцам знаёміцца з гістарычнай спадчынай роднай зямлі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





