Андрэй Трэй: урокі геаграфіі не павінны праходзіць толькі ў кабінеце

- 12:04Учитель года

Урокі геаграфіі не павінны праходзіць толькі ў кабінеце. Жывая карціна прыроды, вывучэнне матэрыялу на практыцы спрыяюць засваенню ведаў значна лепш за любы падручнік. Такога меркавання прытрымліваецца пераможца рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” настаўнік геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Трэй, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Поклік сэрца

Са сферай адукацыі Андрэй Трэй звязаны ўсяго дзевяць гадоў, а між тым ён ужо мае мноства працоўных дасягненняў. Педагог неаднаразова выходзіў у пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, распрацаваў свае эфектыўныя методыкі навучання, штогод выводзіць вучняў у лідары на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, за дзейсныя метадычныя напрацоўкі атрымаў пасаду намесніка дырэктара. У чым сакрэт такога поспеху?

— Напэўна, у свядомым прафесійным выбары. У свой час пайшоў тым шляхам, які падказала сэрца. Натхнёны прыкладам уласных школьных настаўнікаў, стаў на педагагічную дарогу. Шмат выслухаў тады слоў аб тым, што педагогіка — гэта цяжка, не прэ­стыжна… Але ад свайго не адступіўся, — дзеліцца Андрэй Айва­віч.

Вучобу ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова Андрэй Трэй успамінае з цеплынёй. Студэнцкія гады былі насычаны падзеямі, але вучоба ў яго заўсёды заставалася ў прыя­рытэце. Настаўніцкі дыплом у выніку атрымаў з адзнакай. Маладым спецыялістам Андрэй Айвавіч з ахвотай накіраваўся ў Мяжысецкую школу, дзе і затрымаўся.

— Калі яшчэ толькі рабіў свае першыя педагагічныя крокі, зразумеў: з прафесіяй не памыліўся. Мне пашанцавала, бо штодзень я іду на работу, ад якой сапраўды атрымліваю асалоду, — паведамляе Андрэй Трэй.

Упор на практыку

Да пабудовы ўрокаў Андрэй Айвавіч ставіцца з поўнай самааддачай, бо імкнецца падтры­маць цікавасць кожнага вучня да прадмета. Педагог упэўнены: менавіта цікавасць — галоўная матывацыя да вучобы.

— На пачатку вывучэння курса геаграфіі дзеці вельмі захоплены. Гэтую цікавасць трэба не разгу­біць. Якім чынам? Тут усё зале­жыць ад педагога. Бо што ні кажы, а любы прадмет вучні ўспрымаюць праз прызму асобы настаўніка, — перакананы Андрэй Трэй.

На сваіх занятках Андрэй Айвавіч стараецца гарманічна спалучаць сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі навучання. Не менш важнай ён лічыць і практычную накіраванасць урокаў.

— Вывучаючы тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведам­ляць: для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды. Важны таксама кампетэнтнасны падыход. Вучням трэба ўмець прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Так яны разумеюць, што геаграфія акружае іх у штодзённым жыцці, — лічыць Андрэй Трэй.

У арсенале ўрокаў Андрэя Айвавіча — мультымедыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогія праблемнага навучання. Шырока выкарыстоўвае педагог таксама актыўныя метады навучання. Яго заняткі напоўнены мазгавымі штурмамі, стварэннем ментальных карт, кліп-артаў, разыгрываннем роляў.

Асаб­лівы ўпор педагог ро­біць на ўкараненне адукацыйных падарожжаў. Разам са сваімі вучнямі ён рэгулярна адпраўляецца ў віртуальныя вандроўкі ў хо­дзе заняткаў і ў рэальныя — у пазаўрочны час. Дзеці падзяляюцца на групы, шукаюць адказы на пытанні, узаемадзейнічаюць адно з адным. Па выніках падарожжа-даследавання навучэнцы ствараюць яркія відэаролікі ці прэзентацыі, ла­дзяць тэатральныя пастаноўкі ці тэматычныя фестывалі.

— На актыўных метадах навучання спыніўся нездарма. Упершыню сутыкнуўся з імі яшчэ ў студэнцтве і ўжо тады зразумеў выключную карысць. Гэтыя метады дапамагаюць істотна павялічыць цікавасць да прадмета, станоўча ўплываюць і на засваенне тэм. Напрыклад, ментальныя карты і кліп-арты спрыяюць успрыманню матэрыялу праз візуалізацыю і асацыяцыі. Разыгрыванне роляў вельмі зручнае пры вывучэнні палітычнай карты свету і рашэнні заданняў па краіназнаўстве. Галоўны плюс адукацыйных падарожжаў у тым, што вучні не атрымліваюць гатовыя веды, а здабываюць іх самастойна, — адзначае Андрэй Трэй.

Робячы акцэнт на практычны складнік, Андрэй Айвавіч часта праводзіць урокі не ў кабінеце. Сумесна з дзецьмі адпраўляецца ў паходы па ваколіцах Мяжысетак. Навучэнцы заўсёды чакаюць такіх выхадаў, бо гэта не проста экскурсія, а своеасаблівая экспедыцыя па вывучэнні роднай вёскі на геаграфічным узроўні.

— Паходы служаць не толькі для замацавання ведаў. Гэта добрая магчымасць для прывіцця вучням любові да малой ра­дзімы. Наогул ва ўроках геаграфіі закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, які імкнуся выкарыстоўваць для станаўлення ў вучнях грамадзянскасці і патрыятызму, — тлумачыць Андрэй Айвавіч.

Працоўныя прыярытэты

Значнае месца ў педагагічнай дзейнасці Андрэя Трэя займае работа з адоранымі навучэнцамі. Таленавітых вучняў ён рыхтуе да ­ўдзелу ў алімпіядах і выступленнях на конкурсах даследчых работ. І робіць гэта вельмі вынікова.

— Я сам былы алімпіяднік. Неаднойчы перамагаў на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды. На гэтым вопыце і распрацаваў сваю сістэму падрыхтоўкі. У аснове аказаліся зноў актыўныя метады навучання. Падабраў і структураваў канкрэтныя методыкі, якія накіроўваюць вучняў на самастойнае авалоданне ведамі і ўменнямі па ўсіх раздзелах геаграфіі. За мной застаецца толькі роля куратара. Увагу звяртаю таксама на псіхалагічныя моманты. Усе мае алімпіяднікі — гэта згуртаваная каманда. У нас старэйшыя заўсёды дапамагаюць малодшым, мы пастаянна ладзім сумесныя перазагрузкі ў выгля­дзе нефармальнага чаявання. Штотыдзень важу навучэнцаў на заняткі ў абласны рэсурсны цэнтр, дзе сам выступаю як выкладчык. А яшчэ — безагаворачна веру і ўсебакова падтрымліваю сваіх вучняў. Усё гэта ў комплексе прыводзіць да поспеху, — расказвае Андрэй Айвавіч.

І сапраўды. Апошнія пяць гадоў вучні Андрэя Трэя заканамерна выходзяць у лідары алімпіяднага руху. Калі дакладней, яны завая­валі 15 дыпломаў на абласным і 4 на заключным этапах рэспуб­ліканскай алімпіяды па геаграфіі. Неаднаразова перамагалі яны і на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ.

Дарэчы, сярод прыярытэтаў Андрэя Айвавіча — работа намеснікам дырэктара. Гэтая пасада стала яго выклікам самому сабе.

— Вырашыў паспраба­ваць свае магчымасці, вызначыў стратэгію — і ўсё атрымалася. Аснова ў гэтай рабоце для мяне — кадры, бо функцыянаванне школы напрамую зале­жыць ад педагогаў. Спачатку шмат працаваў над агульным аб’яднаннем, стварэннем калектыву аднадумцаў. Ужо пасля укараняў метадычныя знаходкі, матываваў, накіроўваў. Гэта прынесла чаканыя вынікі. Наша школа ўвахо­дзіць у лік лепшых у раёне і вобласці, прызнавалася лепшай у краіне. У нас стабільна высокія паказчыкі ў вучобе, інтэлектуальным развіцці дзяцей, — заўважае Андрэй Трэй.

Кропка для росту

У школе Андрэй Трэй знахо­дзіцца з ранку да вечара, з паня­дзелка па суботу. Урокі, пазакласная дзейнасць, адміністрацыйная работа, заняткі з алімпіяднікамі… Усё паспяваць гэтаму педагогу дапамагае тайм-менеджмент і бесперапыннае імкненне да самаўдасканалення.

На думку Андрэя Айвавіча, без прафесійнага развіцця сучаснаму настаўніку немагчыма. Асабіста ён заўсёды пашырае кругагляд: удзельнічае ў грамадскім жыцці, конкурсах і мерапрыемствах, выступае з майстар-класамі для калег. Мэтанакіравана ішоў і да ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”.

— Прафесійнае майстэрства дэманструю ўжо трэці раз. Раней, у 2020 годзе, удалося стаць лаўрэатам у сваёй намінацыі на этапе рэспублікі. Да перамогі мне тады не хапіла ўсяго 0,79 бала. Засталося пачуццё нейкай недаказанасці. Таму вырашыў паспраба­ваць выступіць зноў. Канечне, зараз хочацца паказаць максімум. Але больш значна для мяне — атрыманне чарговага каласальнага вопыту. “Настаўнік года” — быццам імпульс, які дапамагае мне вызначыць далейшыя кропкі росту як педагога і проста чалавека, — падкрэслівае Андрэй Трэй.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Андрэя Трэя