Трамплінам у вялікае жыццё стала першае працоўнае месца для Вольгі Сяргееўны Рудзянковай, якая два гады назад пачала свой прафесійны шлях у Церахоўскай сярэдняй школе № 1 Добрушскага раёна, а сёлета стала яе дырэктарам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Прапанову заняць пасаду дырэктара я атрымала адразу пасля свята Восьмага сакавіка. Насамрэч, гэта мой найлепшы падарунак да Міжнароднага жаночага дня, — расказвае Вольга Сяргееўна. — Я адразу пагадзілася, хаця такія перамены аказаліся для мяне поўнай нечаканасцю. Страху не было: калі ў душы ты адчуваеш, што справішся, значыць, сапраўды справішся. Вядома, гэта няпростая і адказная работа. Але былы дырэктар адразу пачала ўводзіць мяне ў курс справы, знаёміць з абавязкамі кіраўніка. Да таго ж яна па-ранейшаму працуе ў нашай школе настаўніцай гісторыі Беларусі, так што я ў любы момант магу звярнуцца да яе з пытаннямі, атрымаць параду і падтрымку… Больш за ўсё ў новай пасадзе мне падабаецца тое, што ты не стаіш на месцы, пастаянна ў руху, увесь час дзесьці задзейнічаны. Гэта перш за ўсё асобаснае і прафесійнае развіццё.
Першыя крокі
Вольга Сяргееўна нарадзілася і вучылася ў Гомелі. На апошнім курсе ўніверсітэта выйшла замуж і стала мамай. Яе муж працаваў у Церахоўцы, і Вольга ўслед за выбраннікам перабралася жыць у пасёлак гарадскога тыпу.
— Калі Варвара падрасла і пайшла ў сад, я ўладкавалася на працу педагогам-псіхолагам у Церахоўскую сярэднюю школу № 1. Пасля дэкрэтнага водпуску мне вельмі хацелася хутчэй уліцца ў работу, я прагнула актыўнай дзейнасці, прафесійнага вопыту, працоўных зносін. І я ўсё гэта атрымала. У школьнага педагога-псіхолага заўсёды шмат абавязкаў: адаптацыя першакласнікаў, пяцікласнікаў, прафілактыка суіцыдальных паводзін, дыягностыка агрэсіўных і трывожных паводзін, работа па павышэнні матывацыі да вучэбнай дзейнасці, прафарыентацыя… У нашай установе адукацыі вучыцца больш за 240 дзяцей. І на ўсіх трэба было звярнуць увагу, а яшчэ наладзіць кантакты з педагогамі, класнымі кіраўнікамі, устанавіць сувязі з усімі службамі школы. Я працавала з энтузіязмам, бо гэта было тое, пра што я марыла. Работа павінна прыносіць задавальненне, каб раніцай ты адчыняў дзверы кабінета з усмешкай. Дарэчы, веды па псіхалогіі прыносяць карысць і на маёй новай пасадзе, — адзначае Вольга Рудзянкова.
Строгая, але справядлівая
Усё цячэ, усё мяняецца. Асабістыя абставіны складваліся такім чынам, што быў варыянт змяніць месца жыхарства — вярнуцца ў Гомель. Але Вольга Рудзянкова засталася ў пасёлку. Чаму?
— Нават калі б мне не паступіла прапанова стаць дырэктарам школы, я б усё роўна не з’ехала з Церахоўкі, — прызнаецца Вольга Сяргееўна. — Тут добра: прыгожыя месцы, у мяне ўласная кватэра, дзіцячы сад побач, работа падабаецца. Ніякіх глабальных мінусаў, якія б прымусілі мяне пераехаць, я ніколі не бачыла. Вядома, у Церахоўцы я ўсё яшчэ лічуся новым чалавекам. Тут усе адно аднаго ведаюць, і я як прыезджая — на вачах. Часам са мной вітаюцца на вуліцы зусім незнаёмыя людзі, тым больш цяпер, калі ў мяне новая пасада. Але гэта прыемна.
Вольга Сяргееўна — самы малады дырэктар школы ў Добрушскім раёне. Але ўзрост не перашкода, лічыць яна:
— Навучэнцам хутчэй імпануе тое, што ў іх малады дырэктар. А з педкалектывам я ўжо адпрацавала два гады, мы адно аднаго добра вывучылі — знаходзім кропкі перасячэння і кампрамісы.
У наступным годзе Вольгу Сяргееўну чакаюць новыя падзеі: яны з дачкой Варварай пачнуць хадзіць у школу разам. Адна з іх — на работу, другая — на вучобу.
— Вара вельмі хацела пайсці ў першы клас у гэтым верасні (у кастрычніку ёй споўніцца 6). Але я падумала, што занадта шмат радыкальных перамен для аднаго года. Ды і дачка хай яшчэ крыху нацешыцца бесклапотнасцю. Тым больш што ў яе строгая мама, якая не дасць сваволіць і адвільваць ад вучобы. Не таму што дырэктар, а таму што сама па сабе рашучы і патрабавальны чалавек. Вядома, дачка ведае спосабы, як мяне змякчыць… Я ж мама маленькай дзяўчынкі і, як бы ні хацела быць строгай, не магу ўстаяць перад яе ўсмешкай. Больш за ўсё ў людзях і ў сабе я цаню такую якасць, як справядлівасць. І ў выхаванні, і ў працы, і ў прыняцці рашэнняў кіруюся менавіта гэтым прынцыпам, — падкрэслівае суразмоўніца.
Пра планы і перспектывы
Хоць Вольга Сяргееўна яшчэ малады кіраўнік, уражанняў у яе ўжо шмат.
— Я ўступіла на пасаду ў гарачы перыяд школьнага жыцця: канец навучальнага года. Гэта якраз той час, калі ты напружана разважаеш, дзе знайсці 25-ю гадзіну ў сутках, каб усё паспець. Цяпер нарэшце з’явіўся час, каб крыху выдыхнуць і акрэсліць планы на будучыню. У мяне шмат ідэй, якія хочацца ўвасобіць у жыццё. Ёсць жаданне пакінуць свой след, унесці каштоўны ўклад у работу школы. Тым больш што мне пашанцавала з калектывам, у які ўваходзяць цудоўныя педагогі, захопленыя, дружныя, таленавітыя. У нас выдатная валейбольная каманда — настаўнікаў часта можна ўбачыць на спартыўнай пляцоўцы, дзе яны разам трэніруюцца, рыхтуюцца да спаборніцтваў. Калі людзі побач такія сыграныя, працаваць з імі лёгка — ёсць пачуццё локця, адчуванне работы ў камандзе. Калі казаць пра найбліжэйшыя мэты, якія перад намі стаяць, то гэта даследчая дзейнасць, паляпшэнне паспяховасці вучняў, алімпіядных вынікаў, — дзеліцца планамі Вольга Рудзянкова. — Дарэчы, сёлета мы занялі два першыя месцы ў раённым этапе абласных алімпіяд па працоўным навучанні і англійскай мове, 2-е месца — па біялогіі, 3-е — па рускай мове. Дасягненні ёсць, будзем разам старацца замацаваць і ўдасканаліць дасягнутыя вынікі.
У жніўні ў школе з’явіцца новы псіхолаг.
— Да нас размеркавалі маладога спецыяліста, які павінен вось-вось прыбыць, — адзначае дырэктар школы.
— Будзеце прыдзірліва ацэньваць яго работу? — пытаюся ў яе.
— Ну што вы, я ж выдатна ведаю, што гэта вельмі адказная і складаная работа. Буду дапамагаць, матываваць, стымуляваць. Каб чалавеку захацелася застацца пасля адпрацоўкі ў Церахоўцы, каб першае працоўнае месца стала для яго дарагім і любімым, як гэта некалі адбылося і ў маім жыцці.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота аўтара





