У сталіцы актыўна праходзіць уступная кампанія ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Прыём абітурыентаў вядуць 19 каледжаў, якія рэалізуюць праграмы ПТА і ССА, паведаміла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчык сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Чарных.

Па яе словах, асаблівасцю сёлетняга прыёму можна назваць разнастайнасць прапанаваных прафесій, а таксама ўвядзенне (па ўзгадненні з заказчыкамі кадраў і ў адпаведнасці з патрабаваннямі рынку працы сталіцы) новых, сучасных і папулярных сярод моладзі. Па-ранейшаму ў трэндзе застаюцца прафесіі грамадскага харчавання, легкай прамысловасці, сферы абслугоўвання, будаўнічай галіны, машынабудавання і звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, лічбавізацыяй вытворчасці.
— Ва ўступную кампанію — 2023 мы шмат увагі ўдзяляем мэтавай падрыхтоўцы нашых навучэнцаў, а тым самым умацаванню і пашырэнню супрацоўніцтва паміж сістэмай прафесійнай адукацыі сталіцы і заказчыкамі кадраў, — адзначыла А. Чарных. — У мэтавай падрыхтоўцы на ўзроўні ПТА сёлета ўдзельнічаюць усе сталічныя ўстановы прафесійнай адукацыі. Абітурыентам прадастаўлена 147 месцаў. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе, што пацвярджае павышаную актыўнасць як устаноў прафесійнай адукацыі, так і работадаўцаў у рэалізацыі напрамкаў дзяржаўнай палітыкі.
Кадравая палітыка прадпрыемстваў і арганізацый у большасці сваёй залежыць ад іх саміх. І вытворцы сёння гэта добра ўсведамляюць. Апошнім часам яны больш актыўна ўдзельнічаюць у зместавым напаўненні навучання будучых рабочых і спецыялістаў, адкрыцці новых спецыяльнасцей, правядзенні вытворчай практыкі. Зацікаўлены яны і ў матэрыяльнай дапамозе навучальным установам па аснашчэнні іх базы. Усе гэтыя фактары істотна ўплываюць на якасць падрыхтоўкі. Мэтавы дагавор гарантуе праходжанне вытворчай практыкі і далейшае працаўладкаванне навучэнцам, але не толькі. Таму, хто мае мэтавае накіраванне, з боку заказчыкаў кадраў прадугледжаны прэферэнцыі з ліку дадатковых заахвочванняў не толькі ў час вучобы, але і пры працаўладкаванні. Мэтавая падрыхтоўка матывуе і саміх навучэнцаў. Кожны з іх ведае, на якім канкрэтным прадпрыемстве ён будзе працаваць, якія сацыяльныя гарантыі яму будуць забяспечаны.
Падрабязнасці сёлетняга прыёму ў сталічных установах прафесійнай адукацыі чытайце ў хуткім часе ў нашай газеце.
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта www.mgksk.by





