Ангеліна Вязіцкая: «Педагогам нельга быць выключ­на з панядзелка да суботы і толькі на ўроках»

- 13:31Образование

Жыццёвы шлях настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ангеліны Вязіцкай з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна цалкам адпавядае выслоўю “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Педагогу камфортна жыць і працаваць у сельскай глыбінцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Любоў да настаўніцкай прафесіі ў Ангеліны Аркадзьеўны з дзяцінства. Яна рассаджвала сваіх лялек у пакоі і вучыла іх матэматыцы, рускай мове і, канечне ж, гісторыі. У кожнага з выхаванцаў былі маленькія сшыткі. Атрыманыя адзнакі педагог запісвала ў журнал, а вучняў выклікала да дошкі.

У Ангеліны была скрыначка з крэйдай і маміны туфлі, якія яна абувала, калі станавілася настаўніцай. Заво­дзіла будзільнік — і ўрок пачынаўся. Дзяўчынка акуратна выводзіла на дошцы матэматычныя прыклады, пісала з лялькамі дыктанты і чытала ім кнігі, якія знахо­дзіла на дамашніх паліцах.

Цікавасць да настаўніцтва ў Ангеліны Вязіцкай заканамерная: яна з педагагічнай дынастыі. Таму пасля заканчэння сярэдняй школы, не вагаючыся, выбрала гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна­ ­і ўжо 4 гады штодзень адпраўляецца ў захапляльнае падарожжа ў свет дзяцінства, раскрывае таямніцы дзіцячых сэрцаў, вучыць іншых і вучыцца сама.

— Педагогам нельга быць выключ­на з панядзелка да суботы і толькі на ўроках, — заўважае Ангеліна Вязіцкая. — Любіць вучняў, уважліва ставіцца да кожнага з іх, падтрымліваць у цяжкую хвіліну — займацца гэтым можна толькі па поклічы сэрца і душэўнай патрэбе. У школьных буднях ёсць ра­дасць і горыч, узлёты і падзенні, цеплыня настаўніцкіх вачэй і святло дзіцячых усмешак, бяссонныя ночы і ўрокі адкрыццяў. Некаторыя лічаць журналы, сшыткі і падручнікі руцінай, але гэта далёка не так, бо работа з дзецьмі ніколі сумнай не бывае, нягледзячы на цяжкасці. А без іх у прафесійным станаўленні ніяк. Пасля ўніверсітэта было складана ўсвядоміць сябе настаўніцай. Страшыла літаральна ўсё: новыя лю­дзі, дзеці і іх бацькі, школьныя правілы і традыцыі, расклад урокаў, іншы рытм жыцця. Асаб­ліва баялася, што не знайду агульную мову з калегамі. На шчасце, усе страхі і перажыванні аказаліся дарэмнымі. Дружны і вопытны калектыў прыняў мяне добра. І сёння мы не проста калегі, а сапраўдная сям’я, дзе кожны падставіць плячо ў любой сітуацыі. І я вельмі ўдзячна ўсім за душэўную цеплыню, чуласць і чалавечнасць, за сяброўскую атмасферу ў нашым невялікім калектыве аднадумцаў.

Зацікавіць сучасных школьнікаў вучобай бывае складана, таму Ангеліна Вязіцкая знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных тэхналогій, форм і метадаў работы.

— Гісторыя застанецца звычайнай старонкай у падручніку, калі не навучыць дзіця суперажы­ваць гістарычным падзеям, — упэўнена настаўніца. — Таму развіваю ў выхаванцаў эмацыянальны інтэлект. Імкнуся абудзіць не столькі думку, колькі эмоцыю: ціка­васць, захапленне, пры­красць, крыўду, гор­дасць… Эмоцыі б’юць у самае сэрца, дзякуючы чаму і ўвага да вучэбнай тэмы зусім іншая. Аснова маёй методыкі якраз у тым, каб наблізіць гісторыю да дзяцей і паднесці яе так, каб яна выклікала эмоцыі.

Кожны ўрок Ангеліны Арка­дзьеўны — гэта маленькі спектакль, які кранае тонкія струны дзіцячых душ. І калі яны гучаць, як адзіная мелодыя, значыць, настаўнік адбыўся.

Летась маладому педагогу даверылі адну з самых адказных пасад у школе — намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Ад прапановы Ангеліна Вязіцкая не адмовілася: хацелася паспраба­ваць сябе ў новай дзейнасці, дасяг­нуць чагосьці большага. 

— Аказалася, што ў гэтай рабоце трэба быць не проста мабільнай, а супермабільнай! — працягвае Ангеліна Аркадзьеўна. — Неабходна ўмець хутка перабудоўвацца, аператыўна знаходзіць рашэнні і адказы на шматлікія пытанні. Намеснік дырэктара — гэта своеасаблівы рухавік, які не толькі задае рабочы рытм у калектыве, але і стварае станоўчы мікраклімат у зносінах паміж калегамі і вучнямі. Вядома, цяжка кіраваць людзьмі розных поглядаў, характараў і ўзростаў. Але неверагодна прыемна бачыць задаволеныя твары і ўсмешкі педагогаў і выхаванцаў ад дасягнутых поспехаў. Самае важнае ў настаўніцкай прафесіі — не ачарсцвець душой, захаваць любоў да справы. 

Ангеліне Вязіцкай гэта не пагражае, бо яна жыве тым, што робіць, і аб выбраным шляху зусім не шкадуе. У дачыненні да сябе малады педагог часта ўспамінае вядомыя словы Канфуцыя: “Знайдзі сабе любімую справу — і табе не давядзецца працаваць ні дня!”

Настаўніца нарадзілася і вырасла ў невялікай вёсцы на Івацэвіччыне і ў вялікі горад ніколі не імкнулася, прывыкла, што ўсё, як кажуць, пад рукой.

— Мне ўтульна ў ціхім дворыку, дзе на лаўцы сядзяць бабулькі, зручна, калі магазін за вуглом, — гаво­рыць Ангеліна Аркадзьеўна. — У Косаве пражывае ўсяго каля 2,1 тысячы ча­лавек — гэта другі самы маленькі горад краіны. Тут кожная пара года мае непаўторны пах. Восенню тут пахне новымі падручнікамі і сшыткамі, крэйдай, астрамі, вяргінямі і гладыёлусамі. Зімой — чароўнымі марознымі краявідамі, шчаслівымі ружовымі шчочкамі і бліскучымі дзіцячымі вачыма. Вясной — першымі ручаямі, адлігай, празрыстай нябеснай сінечай, вярбой і маладымі ліпкімі тапалінымі лісточкамі, вясёлым і спеўным Першамаем. А летам — мядовым разнаквеццем і разнатраўем. Як можна не любіць Косава ці прамяняць яго на шум і мітусню вялікага горада?

Ангеліна Вязіцкая часта пытаецца ў сябе, чаму яна выбрала настаўніцкую прафесію і што яе ўтрымлівае ў ёй. І тут жа адказвае:

— Кожны дзень бачу вучняў, якія глядзяць на мяне дапытлівымі вачыма, чакаючы чагосьці ціка­вага і незвычайнага. І разумею, што павінна апраў­даць гэтыя чаканні, бо я настаўнік. У мяне вучацца, за мной ідуць і, самае галоўнае, мне давяраюць.

Васіль Сухамлінскі пісаў: “Настаўнік рыхтуецца да добрага ўрока ўсё жыццё. І каб даць вучням іскрынку ведаў, настаўніку трэба ўвабраць цэлае мора святла”. Кожны ўрок Ангеліны Арка­дзьеўны — гэта маленькі спектакль, які кранае тонкія струны дзіцячых душ. І калі яны гучаць, як адзіная мелодыя, значыць, настаўнік адбыўся. Педагог верыць, што яе лепшы ўрок яшчэ наперадзе. А працягнуць яго вучні сваёй стваральнай працай у самастойным жыцці. Дапаможа ім у гэтым Ангеліна Вязіцкая, якая шчыра любіць выбраную прафесію і малую радзіму.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ