Педагагічная грамадскасць краіны актыўна абмяркоўвае новыя падыходы да выніковай атэстацыі выпускнікоў школ, паведамляе “Настаўніцкая газета”.

Так, у раёнах і гарадах Віцебскай вобласці намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце ўстаноў адукацыі, кіраўнікі раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў, аўтарытэтныя і паспяховыя настаўнікі дзеляцца вопытам і дасягнутымі вынікамі, абменьваюцца думкамі, уносяць прапановы. Як правіла, такія мерапрыемствы арганізуюцца за круглым сталом, што дае кожнаму ўдзельніку магчымасць выказацца, данесці калегам свой пункт погляду.
— Нашы педагогі адназначна зацікаўлены ў захаванні фармату цэнтралізаванага экзамену, — праінфармавала па выніках сустрэчы ў Глыбокім загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганна Пучынская. — Разам з тым па шэрагу момантаў мы бачым магчымасці ўдасканалення. Зацікаўленае абмеркаванне закранала ў тым ліку правядзенне рэспубліканскіх кантрольных работ. Таксама мы далі слова дасведчаным настаўнікам пачатковых класаў. Трэба адзначыць, яны выказаліся на карысць увядзення ацэначнай сістэмы ў другім паўгоддзі для навучэнцаў 2-х класаў. Педагогі практычна аднадушныя ў гэтым рашэнні. Па вялікім рахунку, асаблівых цяжкасцей у рабоце на сённяшні дзень нашы настаўнікі не адчуваюць. Ёсць асобныя бягучыя рабочыя пытанні, але яны ўсе вырашальныя, у тым ліку пытанні выніковай атэстацыі. ЦЭ і ЦТ нашы дзеці напісалі дастаткова паспяхова. У прыватнасці, павялічылася колькасць выпускнікоў, якія набралі 100 балаў, і пашырыўся спектр прадметаў, па якіх атрыманы найвышэйшы вынік. Што тычыцца непасрэдна ЦЭ, то мы бачым, што гэты вопыт значна павысіў адказнасць і матывацыю да вучобы ў школьнікаў, якія вучацца ў 9 і 10 класах.
***
— Выніковая атэстацыя ў форме ЦЭ прайшла ў горадзе прадумана і зладжана. Экзамены ў двух пунктах здавалі 1157 навучэнцаў. Па выніках усе выпускнікі пацвердзілі свае гадавыя адзнакі. Больш за тое, 25 маладых людзей змаглі набраць максімальныя 100 балаў, — расказала начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.

Падчас дыялогу прысутныя адзначылі несумненныя плюсы ЦЭ, сярод якіх зніжэнне нагрузкі на выпускнікоў, рацыянальнае размеркаванне часу на падрыхтоўку, права навучэнца самастойна вызначыць прадмет для здачы, аб’ектыўнасць ацэньвання ведаў, магчымасць выкарыстання вынікаў ЦЭ пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Былі названы і недахопы. У асноўным мінусы тычыліся арганізацыйных момантаў. У цэлым педагогі выказалі меркаванне аб тым, што няма неабходнасці спалучаць ЦЭ з традыцыйнымі выпускнымі іспытамі.
У час канструктыўнага дыялогу педагагічная грамадскасць Бабруйска закранула таксама тэмы мэтазгоднасці ўвядзення абавязковага выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” ў 11 класе, ацэнкі ў балах вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў 2 класа, зместу вучэбных праграм па прадметах сацыяльна-гуманітарнага блока, метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Па ўсіх пытаннях былі выпрацаваны канкрэтныя прапановы.
Падрыхтавалі Таццяна БОНДАРАВА і Ганна СІНЬКЕВІЧ





