Для настаўніцы хіміі Наталлі Карпыза педагогіка — гэта і прафесія, і прызванне, і лад жыцця

- 10:50Образование

Усё пачынаецца з любові: да Радзімы, да родных, да дзяцей, да сваёй справы. Гэтай думкі прытрымліваецца настаўніца хіміі Наталля Карпыза з сярэдняй школы № 5 Пружан, для якой педагогіка — гэта і прафесія, і прызванне, і лад жыцця.

Наталля Мікалаеўна вырасла ў настаўніцкай сям’і, таму яе прафесійная будучыня была прадвызначана лёсам.

Я выбрала педагагічную працу, хаця з дзяцінства добра ведала, што яна нялёгкая, — расказ­вае настаўніца. — Для мяне былі непахісным прыкладам бацькі. Тата — настаўнік геаграфіі, выдатнік адукацыі Беларусі, шмат гадоў узначальваў Прыбараўскую базавую школу. Ён усё жыццё прысвяціў любімай справе і дзецям. Мама — настаўніца рускай мовы і літаратуры, добрая, але патрабавальная і справядлівая. Яна працуе ў школе з 1968 года да сённяшняга часу. Менавіта бацькі выхоўвалі ўва мне і браце, дырэктары адной з устаноў адукацыі Брэсцкага раёна, павагу да працы, вучылі сумленнасці і прыстойнасці.  

Наталля Карпыза захапілася хіміяй яшчэ ў школе, якую скончыла з залатым медалём. Актыўна ўдзельнічала ў алімпіядах і конкурсах па хіміі і біялогіі. Гэтыя прадметы падабаліся чароўным светам адкрыццяў, логікай і прыгажосцю. Будучы старастай класа, старшынёй савета дружыны, а потым камсоргам, педагог выпрацавала такія якасці, як адказнасць і калектывізм. Наталля Мікалаеўна з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў: На­дзею Згера, Марыю Сідарук і Сяргея Сідарука.

Калегі Наталлі Карпыза здзіў­ляюцца, як у яе ўсё атрымліваецца: падрыхтаваць дыферэнцыраваныя заданні да ўрокаў у профільных групах, удзельні­чаць у інавацыйным праекце, займацца з алімпіяднікамі, правесці цікавае мерапрыемства на тыдні хіміі, а яшчэ заўсёды заставацца прыгожай жанчынай, клапатлівай жонкай і маці. За ўсім гэтым — мэтанакіраваная і карпатлівая праца, шматграннасць характару.

Наталля Мікалаеўна дасканала валодае сваім прадметам і методыкай яго выкладання, нястомна працуе над павышэннем педмайстэрства. У рабоце выкарыстоўвае як традыцыйныя, так і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. А для таго каб кожны вучань праявіў сябе, аддае перавагу індывідуальнаму падыходу і практыка-арыентаваным заданням, якія дапамагаюць лепш засвоіць тэорыю. Звяртаецца Наталля Карпыза і да аўтарскіх матэрыялаў, распрацаваных падчас удзелу ў інавацыйным праекце “Укараненне методыкі фарміравання метадалагічнай культуры настаўніка ў сістэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі”. 

Педагог ахвотна дзеліцца вопытам з іншымі. Некалькі гадоў Наталля Мікалаеўна ўзначальвала раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў хіміі, а сёння кіруе іх раённай творчай групай.

Дзякуючы высокаму прафесійнаму майстэрству педагога, выхаванцы штогод паказва­юць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі.

Вялікую ўвагу Наталля Карпыза ўдзяляе і рабоце з адоранымі вучнямі, якая аформілася ў эфектыўную сістэму. Ужо некалькі гадоў у школе дзейнічае рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы дзяцей да Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, а летась ён стаў міжшкольным. Па запытах вучняў адкрываюцца профільныя факультатывы і гурткі, дзе настаўніца перадае свае веды і любоў да хіміі дзецям. І яны радуюць педагога перамогамі ў абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды.

Прафесійныя і асобасныя якасці стварылі Наталлі Мікалаеўне высокі аўтарытэт сярод калег і вучняў. За 25 гадоў добрасумленнай працы яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі рознага ўзроўню і прэміямі Брэсцкага аблвыканкама за выніковую падрыхтоўку алімпіяднікаў. З мая 2023 года яе імя знаходзіцца на раённай Дошцы гонару як аднаго з лепшых педагогаў Пружаншчыны.

Я шчаслівая, бо ў мяне выдатныя сыны і муж, якія дапамагаюць пераадольваць цяжкасці і раздзяляюць радасць ад поспехаў, — гаворыць Наталля Карпыза. — Я шчаслівая, бо адбылася ў прафесіі і бачу вынікі сваёй работы ў дасягненнях працавітых і таленавітых вучняў.

Усё пачынаецца з любові. А калі прафесія і прызванне супадаюць, то чалавек прыносіць шчасце іншым. І толькі шчаслівы чалавек можа навучыць дзяцей хіміі, у тым ліку хіміі любові да сваёй справы.

Алена АСКЕРКА,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Пружан