Мінскі дзяржаўны механіка­-тэхналагічны каледж ужо выканаў план прыёму абітурыентаў на 80%

- 13:32Образование

Уступнай кампаніі адведзены яшчэ цэлы месяц, а некаторыя ўстановы прафесійнай адукацыі сталіцы ў прыёме выходзяць на фініш. Сярод іх Мінскі дзяржаўны механіка-­тэхналагічны каледж, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Калі трапляеш ва ўстанову, то прыемна ўражвае ўпарадкаваная тэрыторыя каледжа. У самім будынку зроблены рамонт з прымяненнем сучасных будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій, адрамантаваны актавая і спартыўная залы. У холе каледжа размешчаны стэнды з фотаілюстрацыямі і інфармацыяй аб гісторыі і сучаснай дзейнасці навучальнай установы. Адным словам, усё пад­рыхтавана да таго, каб гасцінна сустрэць навучэнцаў у новым навучальным годзе. Для многіх ён будзе першым. Каля памяшкання з надпісам “Прыёмная камісія” яе сакратар, намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Яўген Віктаравіч Мархонаў, размаўляе з падлеткамі, якія прыехалі паступаць з іншых рэгіёнаў. Некаторыя са сваімі сябрамі, а нехта і з бацькамі.

— У нас вучыцца шмат іншагародніх, — адзначыў Яўген Віктаравіч. — Для іх у нас ёсць добраўпарадкаваны інтэрнат, дзе створаны камфортныя ўмовы для пражывання і адпачынку, ёсць сталовая, спартыўная база з трэнажорнай залай.

Іншагароднія падлеткі не па чутках ведаюць пра каледж. На працягу ўсяго навучальнага года выкладчыкі, майстры вытворчага навучання ездзяць па школах і расказваюць пра каледж, умовы навучання і выхавання, пра асаб­лівасці прафесій механіка-тэхналагічнага профілю. Спецыяльна створаная агітбрыгада прадстаўляе выпускнікам школ тэатралізаваную праграму, дзе ў забаўляльнай форме дэманструе перавагі рабочай прафесіі. Штомесяц у каледжы право­дзіцца дзень адкрытых дзвярэй, куды запрашаюць выпускнікоў школ, іх бацькоў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў. Арганізоўваюцца экскурсіі па каледжы і на вытворчасць.

У каледж на ўзровень ПТА будзе прынята 192 чалавекі, з іх пасля 9 класаў — 140, пасля сярэдняй школы — 52. На ўзровень ССА прымуць 50 чалавек на дзённае навучанне і 30 на завочнае.

Як паведаміў Яўген Мархонаў, падлеткі могуць паступаць як на ўзровень ПТА, так і ССА. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі на базе 9 класаў набор прахо­дзіць на кулінара мучных вырабаў, кухара, абвальшчыка мяса, слесара-зборшчыка бытавой тэхнікі, машыніста халадзільных установак. Найбольшы конкурс (1,5 чалавека на месца) назіраецца на кулінара мучных вырабаў. На базе сярэдняй адукацыі на ўзроўні ПТА можна атрымаць спецыяль­насць апаратчыка шырокага профілю вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў. Вучэбныя групы камплектуюцца паспяхова. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём ажыццяўляецца па 2 спецыяльнасцях на базе 9 класаў: “Тэхнік-тэхнолаг”, “Майстар вытворчага навучання (вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання, педагагічная дзейнасць)”. Сёлета конкурс па ёй складае 1,2 чалавека на месца. Спецыяль­насць “Тэхнік-механік (тэхнічная эксплуатацыя нізкатэмпературнай тэхнікі)” вельмі запатрабавана ў розных галінах эканомікі. Практычныя навыкі па ёй навучэнцы набыва­юць у цэнтры кампетэнцый, які існуе ў каледжы ўжо амаль 10 гадоў. Ён мае выдатную сучасную базу. Цэнтр выкарыстоўваецца не толькі для падрыхтоўкі машыністаў халадзільных установак, але і для павышэння кваліфікацыі спецыялістаў гэтай сферы. Па гэтай спецыяльнасці выпускнікі працаўладкоўваюцца ў СТАА “МИ­ДЕА-ГОРИЗОНТ”, кампанію “Атлант”, спартыўныя комплексы “Чыжоўка-Арэна” і “Мінск-Арэна”, на мясакамбінаты і інш. Многія навучэнцы маюць дамоўленасці з гэтымі прадпрыемствамі па мэтавай падрыхтоўцы. Такая падрыхтоўка вядзецца і па іншых спе­цыяльнасцях.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена каледжам