На трэці спецыяльнасцей прахадныя балы больш за 300: вынікі залічэння ў БДПУ на бюджэт

- 9:00Актуально, Образование

Сталі вядомы прозвішчы студэнтаў 1-га курса, якія будуць вучыцца ў вядучай педагагічнай УВА краіны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў прэс-службе БДПУ.

Усяго было пададзена 1518 заяў на 1165 месцаў. На 618 месцаў дзённага аддзялення, якія засталіся пасля мэтавага прыёму, прэтэндавалі 1057 чалавек, на завочнае поўнае — 250 на 160 месцаў і на завочнае скарочанае на 115 месцаў — 211.

Сярод тых, хто атрымае студэнцкі білет, 40 чалавек скончылі школу з залатым ці сярэбраным медалём. Дыпломы з адзнакай маюць 54 чалавекі. 238 чалавек — выпускнікі педагагічных класаў, 211 — ліцэяў і гімназій.

Прахадныя балы таксама выраслі. На некаторых спецыяльнасцях яны былі больш за 300. Самы высокі прахадны бал сярод усіх спецыяльнасцей УВА на «Псіхалогіі» (361). На «Спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі» гэты паказчык склаў 335 пунктаў. На спецыльнасці «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» неабходна было набраць не менш за 334 балы, на «Мастацкай адукацыі» — 323. Таксама ў спісе спецыяльнасцей з высокім прахадным балам «Фізічная культура» (319), «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» (308), «Гістарычная адукацыя» (301). 

На ўсе 4 спецыяльнасці філалагічнага факультэта былі залічаны абітурыенты-льготнікі, яны маюць залатыя медалі і дыпломы з адзнакай, а таксама выпускнікі педагагічных класаў.

Стала больш і абітурыентаў з баламі вышэй за 300. Так, на «Псіхалогіі» яны склалі 48 %, на «Спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі» — 47 %, на «Сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай адукацыі» — 32 %.

Дарэчы, у апошнія гады расце папулярнасць педагагічнай прафесіі сярод хлопцаў. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. Больш як 60 % хлопцаў паступіла на гістарычны факультэт, на факультэт фізічнага выхавання і фізіка-матэматычны — 40 %.

У БДПУ працягваецца прыём заяў абітурыентаў на платную форму навучання. Дакументы прымаюцца да 9 жніўня. Залічэнне адбудзецца 11 жніўня.

Наталля САХНО
Фота прадастаўлена БДПУ