Як у Чыркавіцкай сярэдняй школе Светлагорскага раёна выхоўваюць дастойных прадаўжальнікаў працоўных традыцый, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ва ўстанове адукацыі.
Кожны дзень падрастаючае пакаленне чыркаўчан бачыць пераканаўчыя доказы таго, што чалавек працы варты не толькі самых лепшых слоў, але і… пэндзля мастака. У прасторным холе школы размешчана ўнікальная карцінная галерэя: 17 палотнаў у свой час былі створаны на мясцовым матэрыяле членамі Саюза мастакоў БССР. І частка прадстаўленых тут карцін прысвечана менавіта рабоце на зямлі, ударнікам з ліку былых калгаснікаў. Прыемна адзначыць, што сёння ва ўстанове адукацыі выхоўваюць дастойных прадаўжальнікаў працоўных традыцый.
З 2019 года ў школе функцыянуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці. Іх навучэнцы спасцігаюць азы агранамічнай навукі, актыўна ўдзельнічаюць у інтэлектуальных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў. Тут ёсць свой вучэбна-доследны ўчастак, на якім дзеці старанна працуюць і летам. Вырошчваюць бульбу, моркву, буракі, капусту. Добры ўраджай дазваляе зрабіць харчаванне вучняў больш танным.
— Гэтым летам на базе школы функцыянуюць аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “Агеньчык” для 55 навучэнцаў і лагер працы і адпачынку “МайстарОК” для 20 чалавек. Па лініі службы занятасці рэалізаваны 2 праекты: па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і па вытворчасці стэндавага абсталявання. Такім чынам нашы вучні змаглі не толькі адпачыць, але і падзарабіць. За 5 дзён, падчас якіх яны працавалі па 2 гадзіны ў дзень, атрымалі нядрэнны заробак — каля 85 рублёў, — расказала дырэктар школы Людміла Маісеева.
Па яе словах, з падлеткамі таксама праводзілася прафарыентацыйная работа, былі арганізаваны экскурсіі на сельскагаспадарчае прадпрыемства “Дубрава-агра”, у пажарную часць № 2 Светлагорскага РАНС. Хлопцы і дзяўчаты азнаёміліся з іх дзейнасцю, пачулі ад спецыялістаў карысныя парады, як знайсці сваё прызванне і рэалізавацца ў выбранай прафесіі.
У ліку юных удзельнікаў лагера працы і адпачынку — дзевяцікласніцы Ганна Мазур і Надзея Чарнецкая.
— Мы палолі градкі, саджалі кветкі, вырывалі пустазелле, падмяталі. Усе атрымалі працоўныя кніжкі. Не кожны можа такім пахваліцца ў 14 гадоў, — адзначыла Ганна.
— Калі мінулым летам я адпачывала ў школьным аздараўленчым летніку, назірала за працоўным лагерам і думала: у наступным годзе таксама запішуся. Так і зрабіла. На атрыманыя грошы хачу дапамагчы бацькам сабраць мяне ў школу. Я ў сям’і самая старэйшая з дзяцей, малодшыя брат і сястра таксама школьнікі, — падзялілася Надзея.
Акрамя таго, з 24 ліпеня 15 навучэнцаў працуюць у складзе студатрада ў мясцовай гаспадарцы. Яны выконваюць абавязкі рабочых на збожжатаку. Гэта добрая магчымасць падзарабіць, а таксама ўнесці свой пасільны ўклад у забеспячэнне краіны хлебам.
Не спыняюць актыўнасць падчас летніх канікул і юныя валанцёры. Удзельнікі валанцёрскага атрада імя П.М.Стэфаноўскага падтрымліваюць парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў і каля абеліска загінуўшым аднавяскоўцам аграгарадка Чыркавічы. Добраахвотнікі атрадаў “Зялёны патруль” і “Школьнае лясніцтва” дапамагаюць Чыркавіцкаму доследнаму лясніцтву, патрулююць разам з настаўнікамі і бацькамі мясцовы вадаём, прымаюць удзел у такіх акцыях, як “Дзень азелянення”, “Чысты бераг”. Атрад “Голас сэрца” аказвае адрасную дапамогу адзінокім пажылым аднавяскоўцам па гаспадарцы.
А яшчэ вучні дапамаглі падрыхтаваць родную школу да новага навучальнага года: рамантавалі мэблю, прыводзілі ў парадак кнігі і г.д. Увогуле кожны падлетак гэтым летам змог і адпачыць, і знайсці прымяненне сваёй маладой энергіі ў карысных справах, адзначаюць ва ўстанове адукацыі.
Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА