QR-віктарына “Вядомыя людзі Беларусі”, анлайн-вандроўка маршрутамі праекта “Цягнік Памяці”. Што яшчэ ўключала праграма лагера грамадзянска-патрыятычнага кірунку светлагорскай сярэдняй школы № 10, чытайце ў матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Удзельніца праекта “Цягнік Памяці” Карына Клімец
— Змена ў нашым летнім аздараўленчым лагеры “Беларусы — гэта мы” доўжылася 18 дзён. У ёй прынялі ўдзел 75 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мэты ставілі высокія: каб усе дзеці адчулі сябе сапраўднымі беларусамі, а гэта значыць, асобамі добразычлівымі, працавітымі, усебакова развітымі, адказнымі за свой маральны і грамадзянскі выбар, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 10 Светлагорска Ірына Гвоздзь.
У аснову работы лагера былі пакладзены чатыры модулі. Галоўны з іх быў прысвечаны грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. На сур’ёзныя і важныя для кожнага беларуса тэмы з дзецьмі размаўлялі на зразумелай ім мове. Арганізоўваліся квесты, квізы, акцыі, экскурсіі, QR-віктарыны, марафоны гісторыі, гульні-вандроўкі. Напрыклад, навучэнцаў запрасілі на інфарм-дайджэст на свежым паветры “Іх імёнамі названы вуліцы”. Разам з выхавальнікамі яны прайшліся па прыпынках гарадскога транспарту, дзе ўсталяваны таблічкі з інфармацыяй пра выдатных асоб, у гонар якіх названы мясцовыя вуліцы. Абмеркавалі, чаму той ці іншы чалавек варты аказанага яму гонару, што карыснага для краіны і горада ён зрабіў.
У ліпені гэтага года школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Сяргея Краснапёрава — мужнага лётчыка, які загінуў у 1944 годзе на Светлагоршчыне. Яму было 20 гадоў.
Дзеці паўдзельнічалі ў майстар-класе “Вялікімі крокамі па малой радзіме”, які зладзіла для іх Светлагорская дзіцячая школа выяўленчага мастацтва. Памераліся ведамі падчас эрудыт-квартэта “100 пытанняў пра Беларусь”. Усклалі кветкі на Алеі Герояў Савецкага Саюза, якія аддалі свае жыцці за вызваленне Светлагоршчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Яркім акцэнтам змены стала анлайн-вандроўка маршрутамі праекта “Цягнік Памяці”. Вучаніца школы Карына Клімец мела гонар стаць удзельніцай гэтага міжнароднага праекта і разам з іншымі школьнікамі з чатырох краін СНД праехаць па знакавых месцах Беларусі і Расіі. Па ходзе руху ўнікальнага цягніка дзяўчына выходзіла на анлайн-сувязь са школьным лагерам і расказвала яго наведвальнікам, у якім горадзе знаходзіцца, што з убачанага яе асабліва ўразіла. Дасылала фотаздымкі, відэасюжэты. Дзякуючы гэтаму, дзеці нібыта таксама падарожнічалі разам з ёй, адкрывалі новыя для сябе месцы і ўшаноўвалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
— Паездка на цягніку Памяці — падзея незабыўная. Столькі новых ведаў, эмоцый, знаёмстваў! Я рада, што змагла хаця б крыху далучыць да ўсяго гэтага ўдзельнікаў нашага летняга лагера. Калі пачнецца навучальны год, абавязкова падзялюся ўражаннямі і з іншымі вучнямі школы, — гаворыць Карына Клімец.
Другім важным модулем работы лагера “Беларусы — гэта мы” стала аздараўленне і фізічнае развіццё дзяцей. Кожная раніца пачыналася з зарадкі, абавязкова праходзілі гадзіны здароўя на свежым паветры. На школьным стадыёне арганізоўваліся спаборніцтвы, марафоны, спартландыі.
Яшчэ два напрамкі дзейнасці — экалагічнае і працоўнае выхаванне, якія дапаўнялі адзін аднаго. Дзеці даглядалі расліны на прышкольнай тэрыторыі, прагульваліся па экалагічнай сцежцы “Царства прыроды”, стваралі вырабы з прыродных матэрыялаў і шмат чаго яшчэ.
Жывую цікавасць у навучэнцаў выклікалі майстар-класы старшакласнікаў, якія займаюцца робататэхнікай. Разам яны стварылі некалькі кіруемых прылад, напрыклад, апарат па складванні футболак. Жарты жартамі, але некаторым падлеткам гэта можа дапамагчы захоўваць парадак у шафе.
— У лагеры была свая сістэма заахвочванняў, — расказвае намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце і начальнік летняга школьнага лагера Ірына Гурбо. — Найбольш актыўныя хлопцы і дзяўчаты атрымалі граматы, а атрады — пазлы, з якіх у канцы змены мы склалі карту Беларусі. Гэта было вельмі сімвалічна і запомнілася дзецям. Упэўнена: кожны ўдзельнік лагера правёў час з карысцю.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара